Беларускі Дарэндорф

Апазіцыя спадзяецца на «Плошчу» не таму, што кепска засвоіла еўрапейскія каштоўнасці, а праз сярэднявечную прыроду беларускай Улады.



Апазіцыя спадзяецца на «Плошчу» не таму, што кепска засвоіла еўрапейскія каштоўнасці, а праз сярэднявечную прыроду беларускай Улады.

Прафесар Вячаслаў Оргіш у трылогіі, апублікаванай у «Советской Белорусии», зноў выказаў свой непакой наконт лёсу беларускай апазіцыі. Як «сапраўдны дэмакрат», ён не сумняваецца ў неабходнасці апазіцыі, аднак іншай — такой, якая падтрымлівае «прававую культуру краіны» і здольная «быць канструктыўным фактарам грамадскай згоды і развіцця». Таму прафесар прапаноўвае апазіцыі заняцца пошукам «нішы ў сістэмным палітычным жыцці», а не канфліктаваць з рэжымам.

Рэвалюцыйны дагматызм сёння ўжо не модны. Заходнія палітыкі «бегаюць ад яго як чорт ад ладану», а нашы («ахвяры светапогляднай і ідэалагічнай архаікі») усё ніяк не могуць пазбавіцца ад мыслення ў марксісцкіх катэгорыях супрацьстаяння працоўных і капіталістаў. Адсюль неразуменне сваёй сацыяльнай базы і, як следства, узровень падтрымкі ў грамадстве ў межах 3–5 працэнтаў.

У пошуках сацыяльнай базы

Гэты сумны пералік можна працягваць, аднак і працытаванага з лішкам хопіць на некалькі «Азбук паліталогіі». Пачну з прававой культуры краіны, якую апазіцыя не хоча падтрымліваць. У чым яе асноўная асаблівасць? Звярнуся па дапамогу да вядомага па школьным курсе літаратуры графа Бенкендорфа: «Закон пішацца для падданых, а не для дзяржавы».

Прыклады доўга шукаць не давядзецца. Дастаткова прыгадаць красавіцкія выбары. Асабліва дапытлівым нагадаю, што сваю дзейнасць на пасадзе кіраўніка дзяржавы Лукашэнка пачаў з прыняцця каля двух дзесяткаў антыканстытуцыйных дэкрэтаў. Гэта не мая ацэнка. Гэта ацэнка Канстытуцыйнага суда.

Вядомы душыцель свабоды з далёкага XIX стагоддзя фармуляваў сваё прававое крэда наступным чынам: законы — сродак кіравання, а не сродак абароны людзей ад урада. З тых часоў мінула амаль дзвесце гадоў, але што змянілася? Ці з’яўляецца такога кшталту прававая культура светапогляднай і ідэалагічнай архаікай, або, наадварот, яе варта разглядаць у якасці своеасаблівага ноу-хау беларускай Улады?

А зараз наконт няздольнасці апазіцыі заняцца пошукам «нішы ў сістэмным палітычным жыцці». Задача па знаходжанню такой нішы нагадвае пошук чорнай коткі ў чорным пакоі, калі яе там няма. У Беларусі, згодна з афіцыйнай дактрынай, — толькі адзін палітык. Дык пра якое палітычнае жыццё мы спрачаемся?

Палітычнае жыццё пачынаецца з прызнання права розных сацыяльных груп на інтарэсы, якія адрозніваюцца ад інтарэсаў дзяржавы. Гэта — азбука паліталогіі, аднак беларускай уладай яна дагэтуль не засвоеная. У якасці прыкладу прывяду словы Лукашэнкі, сказаныя ім на ўрачыстым пасяджэнні Сінода Беларускай праваслаўнай царквы: «Сильная власть является залогом незыблемости положения Православной церкви в обществе».

Пагадзіцеся, не слаба! Якая ўжо тут апазіцыя, калі нават Праваслаўная царква сваім становішчам у грамадстве ў нас абавязаная дзяржаве! Гэта ў Евангеллі «кесарава Кесару, а Богу Божае». У Беларусі ж — усё Кесару. Крок направа, крок налева, а далей… самі разумееце.

У беларускай апазіцыі, як сцвярджае Оргіш, адсутнічае сацыяльная база (зрэшты, паводле Лукашэнкі, яна адсутнічае і ў Праваслаўнай царквы). Пры гэтым прафесар спасылаецца на апытанні НІСПД. Смешна. Асноўная тэма даследаванняў НІСПД — структура беларускага грамадства. Практычна ў кожным штоквартальным даследаванні інстытута падкрэсліваецца, што апазіцыйная частка беларускага грамадства складае не менш за 30 працэнтаў. Каб гэта не заўважыць, неабходна мець не толькі жаданне, але і здольнасці. Зрэшты, і першага, і другога ў прафесара больш чым дастаткова.

Каб пацвердзіць сваю рацыю, прафесар прыводзіць індэксы даверу да прэзідэнта (суадносіны розніцы паміж адказамі «давяраю» і «не давяраю» да агульнай колькасці апытаных). Сапраўды, за 2009 год яны павялічыліся — з 0,074 да 0,142. Але пяройдзем ад індэксаў да табліцы, па якой яны разлічваліся (табліца 2). Як можна было не заўважыць, што за мінулы год колькасць тых, хто не давярае прэзідэнту, не апускалася ніжэй 35,3 працэнта, а колькасць тых, хто не ўхваляе курс Лукашэнкі, — ніжэй 31,0 працэнта (табліца 1)!

Хто гэтыя людзі? У першую чаргу, маладыя, адукаваныя жыхары вялікіх гарадоў. У сакавіку 2010 года сярод узроставай групы ад 18 да 30 гадоў не ўхвалялі курс развіцця краіны 49,0 % рэспандэнтаў, а сярод тых, хто старэй за 60 гадоў, — 16,2 %. Аналагічная карціна і з адукацыяй: вышэйшая — 41,5 %, пачатковая — 15,0 %. Вось гэтыя людзі і з’яўляюцца сацыяльнай базай апазіцыі. Дык прычым тут працоўны клас, на які ўвесь час спасылаецца прафесар філасофіі?

Архаічная ўлада, а не апазіцыя

Прывяду ключавую цытату з Оргіша: «…Асноўны парадокс і супярэчнасць апазіцыі заключаецца ў тым, што яна хоча навязаць грамадству заходнюю логіку сацыяльнага кіравання, заснаваную на дэмакратычнай канцэпцыі ўлады. Аднак для дасягнення гэтай мэты яе лідэры выкарыстаюць стратэгію, якую Захад катэгарычна адмаўляе». Калі пад стратэгіяй апазіцыі разумець «Плошчу», то з прыведзенай цытатай варта пагадзіцца.

Для пацверджання «асноўнага парадоксу» апазіцыі прафесар Оргіш спасылаецца на аўтарытэт «найбуйнейшага сацыяльнага філосафа сучаснасці Ральфа Дарэндорфа», паводле якога суб’екты палітычнага жыцця Еўропы прызнаюць наяўнасць канфліктаў і спрабуюць «папярэджваць развіццё іх негвалтоўных формаў». Карацей, разумнікі на Захадзе выступаюць за «эвалюцыйную рэканструкцыю таго стану рэчаў, які склаўся», а ў нашых апазіцыйных недавучак, што засвоілі толькі асновы марксізму, «упор робіцца на рэвалюцыйны злом».

У маім кампутары ёсць папка «Пасланні». Калі ўключыць пошукавік і набраць слова «адмарозкі», то адразу з’явяцца дзве спасылкі: Пасланне–2002 і Пасланне–2009. Далей знайсці адпаведную цытату элементарна. Адкрыем першую спасылку: «Это что, оппозиция? Это, правильно народ назвал, «отморозки», иначе их не назовешь». А зараз я хачу спытаць у прыхільніка Дарэндорфа, якім чынам прадстаўнікам апазіцыі варта займацца «пошукам кансенсусу» з аўтарам падобнага выказвання?

За апошнія гады Лукашэнка неаднаразова цытаваў Леніна наконт улады, якая толькі тады чагосьці вартая, калі ўмее абараняцца. У Леніна, дарэчы, гаворка ішла не пра ўладу, а пра рэвалюцыю. Цікава, наколькі такое цытаванне спалучаецца з сучаснай тэндэнцыяй папярэджваць развіццё негвалтоўных формаў палітычных канфліктаў? Вось, да прыкладу, у Вялікабрытаніі 6 мая адбыліся парламенцкія выбары. Уявіце сабе, што нешта падобнае напярэдадні выбараў заявіў бы дзейсны прэм’ер-міністр. Уявілі?

У Беларусі архаічная Улада, а не апазіцыя. І гэта цудоўна, што апазіцыя «адчувае сваю сацыяльную чужароднасць кіроўнай эліце». Лідэрам гэтай эліты з’яўляецца чалавек, які адкрыта абвяшчае пра нежаданні весці краіну за цывілізаваным светам. Вы скажаце: калі ж гэта было... Апошні раз — 20 красавіка гэтага года. Чытайце тэкст паслання: «Мы никуда не должны идти — ни в Европу, ни в Америку, ни в Россию». Мы самі па сабе. Гэтакі еўрапейскі варыянт Гаіці.

Дарэндорфа, спадар прафесар, трэба не пачытваць, а чытаць уважліва. Яго асноўная думка не ў тым, што сучасныя грамадствы навучыліся вырашаць канфлікты ў негвалтоўнай форме, а ў тым, што «сучасны сацыяльны канфлікт — гэта антаганізм правоў і іх забеспячэння». У Беларусі Улада зрабіла ўпор на матэрыяльнае забеспячэнне падданых, і тое на мінімальна прымальным узроўні, і забыла пра правы грамадзян. Тым самым яна пазбавіла актыўных беларусаў «жыццёвых шанцаў». А гэта, паводле Дарэндорфа, з’яўляецца цэнтральным паняццем «для нашага разумення эпохі мадэрну».

Вакол ворагі


У трэцяй частцы трылогіі прафесар па дапамогу да Дарэндорфа ўжо не звяртаецца, і апісанне беларускай рэальнасці ад гэтага толькі выйграла. У цэнтры апісання — дзяржаўная Улада. Перад яе партрэтам, напісаным упэўненымі мазкамі прафесіянала, я гатовы зняць капялюш. Мяркуеце самі: «Моцная і кансалідаваная, яна выявіла здольнасць прынцыпова ўплываць на алгарытмы паводзін розных грамадскіх суб’ектаў, у тым ліку прадпрымальніцтва».

Але, нягледзячы на сваю сілу, Улада аддае перавагу выбудоўванню сваіх адносін з грамадскімі суб’ектамі ў рамках «негалоснай дамовы», што варта разглядаць як яшчэ адну важную характарыстыку «прававой культуры краіны». Наступная цытата перадае сутнасць негалоснай дамовы, што заключыла Улада з бізнесам: «Прадпрымальнік быў пастаўлены перад жорсткай умовай: хочаш займацца бізнесам — не лезь у палітыку. Калі ты хочаш гуляць у апазіцыйныя палітычныя гульні — калі ласка, аднак не спадзявайся, што палітычная сістэма будзе абыякава глядзець на тое, як пад яе робяць падкоп».

Пры чытанні падобнага адкрыцця згадваецца курс гісторыі для сярэдняй школы. Канец сярэднявечча. Буржуазія ўжо назапасіла эканамічны «тлушчык», але ўсё яшчэ застаецца бяспраўным «трэцім саслоўем». Няма нічога дзіўнага ў тым, што ў сучаснай Беларусі, як і ў Еўропе часоў позняга сярэднявечча, дасягнула поспеху тая частка буржуазіі, «якая зразумела і прыняла ўмовы негалоснай дамовы», навязанай бізнесу і грамадству Уладай.

У прыведзенай вышэй цытаце варта звярнуць увагу на яшчэ адзін важны момант: улада разглядае любую палітычную дзейнасць як падкоп пад сябе. Таму «грамадская згода», па меркаванні прафесара Оргіша, можа быць усталявана толькі на ўмовах Улады. Што пры гэтым застаецца рабіць апазіцыі, якой мусіць быць яе стратэгія? Яна павінна складацца з трох паслядоўных дзеянняў: па-першае, апазіцыі варта «зачахліць сцягі», па-другое, «зачыніць офісы», па-трэцяе, «разысціся па хатах»! Дадзены трыпціх можа быць зведзены да лаканічнай формулы: «перастаць блытацца пад нагамі».

Вось тады і надыдзе ўсеагульнае шчасце. У ролі яго адзінага генератара выступіць родная сярэднявечная дзяржава. Яна і павядзе пазбаўленых палітычных правоў беларусаў у будучыню. Неканкурэнтаздольная ўжо хаця б праз сваю архаічную прыроду, беларуская дзяржава спадзяецца стварыць канкурэнтаздольную эканоміку.

Такога кшталту спробы ў гісторыі рабіліся неаднаразова і заўсёды заканчваліся крахам. Таму дарэмна наш прафесар нападае на апазіцыю, якая абапіраецца «ў палітычных справах на палітычныя тэхналогіі XIX стагоддзя». Тэхналогіі, на якія абапіраецца Улада, страцілі сваю эфектыўнасць значна раней.

Каментаваць