Беларускія выбары вачыма сяброў

Парламент як месца для дыскусій несумяшчальны з размеркавальнай сацыяльна-эканамічнай мадэллю.

Пачну з цытаты. Аўтара, спадзяюся, можна не ўказваць — чытач і так пазнае. Гэта фрагмент з «кандыдацкай» праграмы 2001 года, раздзел «Палітычныя гарантыі»: «Соблюдение основных конституционных прав и свобод человека: права на жизнь, права на труд, права на защиту от незаконного вмешательства в личную жизнь, права собственности». І ўсё… Вось і ўсе гарантыі ад гаранта Канстытуцыі. Ні табе свабоды сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання (артыкул 35), ні свабоды аб’яднанняў (артыкул 36).
 



За такую праграму, калі пагадзіцца з афіцыйнымі дадзенымі ЦВК, у 2001 годзе прагаласавала 75,65% выбарцаў. Па ёй мы жывём і сёння. Ці варта пасля гэтага дзівіцца вынікам чарговага галасавання? Дзясяткі тысяч чальцоў выбарчых камісій не з Марса да нас спусціліся, ім выпала шчасце нарадзіцца і жыць у геаграфічным цэнтры Еўропы, дзе такі сціплы набор палітычных гарантый распаўсюджваюцца на ўсіх у роўнай ступені.

Lecken sie mir Arsch

Каб далей уздымацца па лесвіцы азбукавых паліталагічных ісцін, мне спатрэбіцца дапамога Яраслава Гашака. У яго несмяротным рамане пра бравага салдата Швейка ёсць выдатная гісторыя пра студэнта-медыка Фрыдрыха Вельфера, якому па завяшчанні выплачвалася штогадовая стыпендыя да атрымання ім дыплома лекара. Стыпендыя разы ў чатыры была большая за заробак асістэнта ў лякарні, таму няцяжка здагадацца, што шчаслівы стыпендыят ператварыўся ў вечнага студэнта.

Спадчыннікі ледзь не звар’яцелі, аднак нічога не маглі зрабіць. Але тут распачалася вайна, і вечнаму студэнту па пошце было прапанавана здаць экзамен на «лекара ваеннага часу». Далей Гашак піша: «На ўсе пытанні ён даў стэрэатыпны адказ: «Lecken sie mir Arsch» («Пацалуйце мяне ў азадак» — ням.). Праз тры дні палкоўнік урачыста абвясціў, што Фрыдрых Вельфер атрымаў дыплом доктара медыцынскіх навук, які даўно заслужыў».

Ролю палкоўніка на вераснёвых парламенцкіх выбарах выпала выканаць генералу арміі, дырэктару Службы знешняй выведкі Расіі (2000–2007 гг.), а цяпер выканаўчаму сакратару СНД Сяргею Лебедзеву. Па традыцыі, што ўжо склалася, ён узначаліў місію назіральнікаў ад СНД. Высновы місіі, зноў жа згодна з традыцыяй, былі аднагалоснымі і, адпаведна, лёгка прадказальнымі. Тут варта працытаваць: «Падкрэсліваю, мы прыехалі сюды як сябры Беларусі, беларусаў, мы ведаем адзін аднаго лепш, чым заходнія назіральнікі, і таму бачым нават больш. І мы бачым тую ж самую карціну, што і заходнікі, але мы бачым яе вачыма сяброў. І калі мы бачым нейкія недахопы, а яны ёсць — хоць і неістотныя, і ні ў якім разе не ўплываюць на вынікі выбараў, — мы не драматызуем гэтыя недахопы, а працуем над тым, каб у наступны раз гэтых недахопаў не было».

У адказах студэнта-медыка на экзаменацыйныя пытанні, відавочна, таксама былі пэўныя недахопы, але іх, як распавёў нам Гашак, камісія прызнала неістотнымі, а таму яны не паўплывалі на канчатковы вынік. Былы дырэктар Службы знешняй выведкі Расіі, як і належыць прадстаўніку яго прафесіі, дапамог нам дакапацца да сапраўднай прычыны поспеху Фрыдрыха Вельфера. Уся справа ў тым, што экзаменацыйная камісія паглядзела на яго неардынарныя адказы «вачыма сяброў».

Сустрэча двух самотнікаў

Тэма сяброўства, як і тэма кахання, — невычэрпная. Прывяду адказ беларускага боку ў выкананні АП (адзінага палітыка): «Это была очень продуктивная встреча (у Сочы з Пуціным) в абсолютно доброжелательном ключе. Я уехал с настроением, что наконец-то мы поняли, что нам в этом мире друзей будет найти трудно. И нам надо держаться друг за друга, двум, скажем так, русским, по большому счету, народам, ибо будем биты поодиночке».

Няма беларускага народа, гэта калі па вялікім рахунку. А калі па рахунку маленькім, то, зноў жа, атрымліваецца два рускіх народа, толькі адзін са знакам якасці, а іншы без. Але што іх аб’ядноўвае, дык гэта цяжкасць знаходжання сяброў. Ужываючы адзін з улюбёных фразеалагічных выразаў АП, адважуся сцвяр­джаць, што такое прызнанне «дорогого стоит».

Тут трэба зрабіць невялікі экскурс у гісторыю. З часоў Івана III у рускім народзе фармавалася ўсведамленне сваёй месіянскай ролі ў свеце. Першапачаткова месіянства рэалізоўвалася праз распаўсюд праваслаўя, а пасля 1917 года — камунізму. Без такіх ідэалагічных падпорак немагчыма было б будаўніцтва шматнацыянальнай імперыі на 1/6 частцы сушы, а пры камуністах — і за яе межамі. І вось прыехалі: рускаму народу ў «этом мире друзей будет найти трудно». У такім жа становішчы апынуліся і талерантныя беларусы.

Але ці так гэта насамрэч? Калі абапірацца выключна на факты, то мы без цяжкасці знойдзем мноства пацверджанняў рацыі АП. Чаго толькі варты адзін прыклад з непрызнаннем АБСЕ вынікаў усіх выбарчых кампаній, якія прайшлі ў Беларусі з 1996 года. Паслухаеш адзін бок, паслухаеш іншы — і складаецца ўражанне, што мы з’яўляемся сведкамі дыялогу прадстаўнікоў двух сусветаў, якія вызнаюць дыяметральна процілеглыя сістэмы каштоўнасцяў, а каштоўнасці, як вядома, не могуць быць прадметам дыскусій.

Тут я вымушаны звярнуцца да сваёй улюбёнай тэмы — да тэмы расколу беларускага грамадства.

У каго дэмакратыі больш?

У чарговы раз прывяду выдатны афарызм Станіслава Мініна: «Мова нашай улады ўладкавана так, каб служыць прыладай самавыкрыцця». Мне як аўтару тэкстаў вельмі пашанцавала: такой мовай старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, па-першае, валодае ў дасканаласці, па-другое, рэгулярна карыстаецца.

Вось як яна, напрыклад, тлумачыць адрозненні ў электаральнай актыўнасці люмпенізаванага насельніцтва і багатага класа ў нас і ў іх: «За мяжой на выбары ніколі не хадзілі люмпены, няўдачнікі, нізкааплатныя пласты насельніцтва, а багаты клас заўсёды быў досыць актыўны. Ён заўсёды зацікаўлены ў тым, хто прыйдзе на змену, ці не павялічацца падаткі».

У нас усё адбываецца наадварот: праз сваю дысцыплінаванасць галасуюць самыя бедныя (пенсіянеры, вяскоўцы). А так званыя «вышэйшыя пласты» насельніцтва ў электаральным плане не такія актыўныя. Яны «ў нас (выдзелена мной) вельмі шмат пачалі разважаць пра свае правы, зусім не думаючы пра свае абавязкі».

Старшыня ЦВК, такім чынам, дзеліць беларускі электарат на «большасць» і «меншасць». У якасці крытэру суаднясення з той ці іншай групай яна выкарыстоўвае асабістыя рэсурсы выбарцаў. Гэтак жа зраблю і я! Не ведаю, як у старшыні ЦВК, але асабіста ў мяне такое супадзенне поглядаў выклікае прыліў пазітыўных эмоцый.

Аднак вернемся да адзначаных вышэй адрозненняў у галасаванні ў нас і ў іх. За гэтымі адрозненнямі хаваецца адрозненне ў прыродзе дзяржаў і грамадстваў. Большасць у іх складаюць прадстаўнікі заможнага класа, іх інтарэсы і абслугоўвае ў першую чаргу дзяржава. Дэмакратыя, аднак. У гэтым сэнсе ў нас дэмакратыі не менш, чым у іх. Тут з АП не паспрачаешся. Але аснову нашай «большасці», калі скарыстацца тэрміналогіяй Ярмошынай, складаюць дысцыплінаваныя люмпены. Іх дысцыплінаванасць — прамое следства цэнтралізаванай раздачы пайкоў дзяржавай. Яна не здольная раздаваць мільёны пайкоў індывідуальна. Хто не хоча паслухмяна чакаць у чарзе — свабодны (ад пайкоў).

Затое мы галасуем датэрмінова

«Большасці» ў іх неабходная дзяржава, здольная падтрымліваць адзіныя правілы гульні. Тыповы прадстаўнік такой «большасці» ўспрымае сябе ў якасці суб’екта. Ён акружаны іншымі суб’ектамі, а эфектыўна ўзаемадзейнічаць адзін з адным суб’екты здольныя толькі ў прававым полі. Важна адзначыць, што яны ж (суб’екты) гэта поле і фармуюць праз працэдуру выбараў заканадаўчых органаў улады.

Прадстаўнікі «большасці» ў нас на статус суб’ектаў, як правіла, не прэтэндуюць. Яны мае патрэбу не ў адзіных правілах гульні, а ў «моцнай дзяржаве», здольнай у прымусовым парадку канфіскоўваць рэсурсы ў эканамічна актыўнай «меншасці» для далейшага іх пераразмеркавання «па справядлівасці». Заканадаўчы орган, калі ён будзе прадстаўляць інтарэсы ўсіх сацыяльных груп насельніцтва, у гэтым дапамагчы не ў стане. Ператварыўшыся ў месца для дыскусій, ён самім фактам свайго існавання разбурыць размеркавальную сацыяльна-эканамічную мадэль.

Але немагчыма і зусім адмовіцца ад выбараў. Адсюль паўстае неабходнасць імітацыі. Пра гэта я пісаў неаднаразова. Спіс імітацыйных палітычных рэжымаў немалы, і Беларусь у гэтым сэнсе не з’яўляецца ўнікальнай краінай.

Яшчэ раз працытую старшыню ЦВК: «Было выяўлена дастаткова шмат недахопаў. І паўстала шмат ідэй, як іх можна выправіць на заканадаўчым узроўні. Я бачу тыя шляхі, па якіх павінна ісці наша выбарчае заканадаўства далей. Але ЦВК — орган не заканатворчы. Гэтыя прапановы будуць прадстаўлены кіраўніку дзяржавы і, калі яны знойдуць падтрымку, потым будуць накіраваныя і ў парламент».

Пагадзіцеся, выдатнае прызнанне. ЦВК — не заканатворчы орган. А парламент? Зноў звернемся да тэксту Канстытуцыі: «Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь — з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь» (артыкул 90). З пункту гледжання фармальнай логікі, прафесіяналам у пытаннях падліку галасоў і яўкі выбарцаў належала б свае прапановы наўпрост перадаць заканадаўцам, а не адцягваць кіраўніка дзяржавы ад працы.

У іх тамтэйшыя прадстаўнікі ЦВК так бы і зрабілі, але гэта ў іх. Што да нашых людзей, то яны, як вядома, на таксі ў булачную не ездзяць, і шмат чаго яшчэ не могуць сабе дазволіць. Затое яны ўмеюць галасаваць датэрмінова. Паводле НІСЭПД, на парламенцкіх выбарах у 2008 годзе датэрмінова прагаласавала 20% выбарцаў (амаль кожны трэці ад колькасці тых, хто браў удзел у галасаванні). Гэтым разам колькасць дысцыплінаваных выбарцаў, думаю, будзе не меншай.

Каментаваць