Беларуская цытадэль

Палітыка — механізм прымусу эліты да адказнасці. Сам факт наяўнасці ў Беларусі адзінага палітыка азначае безадказнасць тых, хто надзелены правам прымаць рашэнні.




Альтэрнатывай эвалюцыі ў сучасных умовах з'яўляецца не рэвалюцыя, а бессэнсоўны і бязлітасны бунт.

Сацыёлаг Лявада-Цэнтра Барыс Дубін яшчэ ў 2006 годзе напісаў, што задача дзяржаўнага тэлебачання — гэта спрашчэнне структуры грамадства, падаўленне разнастайнасці, выцясненне іншых, адрозных ад прапагандаваных тэлебачаннем мадэляў паводзінаў і грамадска-палітычнай думкі.

"Прастата — тая ж дурата", — кажа прымаўка. Прасцяк — гэта чалавек, які не ўсведамляе свае жыццёвыя інтарэсы і каштоўнасці. Такім чынам, яму можна навязаць чужыя. Напрыклад, інтарэсы і каштоўнасці ўлады.

На прастаце як на падмурку стаіць так званая беларуская мадэль. «Усё ў простым, — растлумачыў дэлегатам Пятага Усебеларускага народнага сходу (5УНС) адзіны палітык (АП). — Інавацыі, IT-тэхналогіі, прыватызацыя і іншае, усё гэта зразумела, мы ўжо гэта асвоілі. Але ўсё, і наша жыццё таксама, у простым — трэба распранацца і працаваць да сёмага поту!»

Як тут ні прыгадаць тэзу прапаршчыка з савецкага анекдота: «Чаго тут думаць, трэсці трэба!»
Свет на парозе чацвёртай тэхналагічнай рэвалюцыі, а беларусам прапануецца сустрэць яе голымі і потнымі.

 На думку АП, так будзе прасцей сканцэнтравацца на ключавых прыярытэтах — інвестыцыях, занятасці, экспарце, інфарматызацыі і моладзі.

Просты чалавек тэксты дакладаў на Усебеларускім народным сходзе з алоўкам у руках не вывучае, а на слых нават спецыялісту не так проста адчуць нюансы. Звернемся, напрыклад, да разваг АП аб інвестыцыях. Асноўная навацыя інвестыцыйнай палітыкі будзе палягаць... у сумленным і адкрытым ільготным крэдытаванні ўсіх новых праектаў і праграм.

Але калі гэта так, няўжо ўсе папярэднія пяцігодкі льготнае крэдытаванне ажыццяўлялася несумленна? Ці варта пасля гэтага здзіўляцца шматмільярдным стратам як адзінаму выніку інвестыцыйнай дзейнасці чыноўнікаў.

Падобным чынам і выбудаваная «праграма развіцця, а не застою; праграма будучыні, а не мінуўшчыны; праграма дзеянняў, а не чаканняў».

Прыклад. Важным напрамкам рэгіянальнага развіцця стане стварэнне навукова-тэхналагічных паркаў у якасці пляцовак для арганізацыі вытворчасцей, заснаваных на тэхналогіях V і VI тэхналагічных укладаў.

Прадэклараваўшы такую амбітную задачу, АП пералічыў асноўныя рэгіянальныя аб'екты будучых капітальных укладанняў. У Брэсцкай вобласці — гэта горна-абагачальны камбінат на базе радовішча «Сітніцкае» і лесапільная вытворчасць у «Івацэвічдрэве»; у Віцебскай вобласці — рэканструкцыя «Нафтана» і Аршанскага льнокамбіната. Прыкладна такі ж узровень «пляцовак» для арганізацыі высокатэхналагічных вытворчасцяў і ў астатніх абласцях.

Жанр «Азбукі паліталогіі» прымушае мяне звярнуцца па дапамогу да Вікіпедыі.
 V тэхналагічны ўклад абапіраецца на дасягненні ў галіне мікраэлектронікі, інфарматыкі, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, новых відаў энергіі, матэрыялаў, асваення касмічнай прасторы, спадарожнікавай сувязі. У аснове VI тэхналагічнага ўкладу ляжыць канвергенцыя нана, бія, інфа і кагнітыўных тэхналогій.

Прызнаюся, зразумець, якім чынам камбінацыя вышэйпералічаных тэхналогій ужо ў бліжэйшыя пяць гадоў будзе ўкаранёная на Аршанскім ільнокамбінаце, я не здольны. Але гэта выключна мая праблема. Магчыма, таму ў мяне і не было нават найменшага шанцу апынуцца сярод дэлегатаў 5УНС.

Малако без каровы


Далейшы аналіз 5УНС немагчымы без тэарэтычнага адступлення.

Усе сістэмы праўлення дзеляцца на два тыпы: прадстаўнічыя (дэмакратычныя) і аўтакратычныя. Што тычыцца гібрыдных сістэм, дык аднясенне іх да трэцяга тыпу я лічу неправамерным, бо дэмакратычныя інстытуты яны выкарыстоўваюць у якасці шырмы для прыкрыцця свайго аўтакратычнага зместу, і не больш за тое.

У аснове першага тыпу праўлення ляжаць дагаворныя адносіны паміж дзяржавай і грамадзянамі, у аснове другога — адносіны самадзержац-падданыя.

5УНС быў створаны ў адпаведнасці з артыкулам 37 Канстытуцыі РБ (указ №164 ад 3 мая 2016 г.). Гэты артыкул прадугледжвае права грамадзян удзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў. Непасрэдны ўдзел «забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння».

Спасылку на закон мы знаходзім і ў дакладзе АП: «Разам мы павінны прыняць рашэнне па самых важных пытаннях развіцця беларускай дзяржавы і грамадства. Такое права нам дадзенае законам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах».

Адкрываем закон. У адпаведнасці з артыкулам 6, удзельнікі сходаў маюць права абмяркоўваць, уносіць прапановы, прымаць рашэнні і звяртацца з прапановамі ў дзяржаўныя органы. Пры гэтым «зварот рэспубліканскіх і мясцовых сходаў разглядаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў».

А цяпер адкрыем рэзалюцыю 5УНС, прынятую аднагалосна 23 чэрвеня. У пункце 3 чытаем: «Даручыць дзяржаўным органам...»

На мове АП гэта называецца «прамым народаўладдзем». І не важна, што такога ўзроўню «шчырасці» Канстытуцыя не прадугледжвае. Але якое дачыненне гэта мае да жадання дэлегатаў 5УНС «па прыярытэтных для краіны напрамках <...> праз дзесяць гадоў увайсці ў лік краін-лідараў»?

Адказаць на гэта пытанне я паспрабую з дапамогай удзельніка эканамічнага форуму ў Пецярбургу амерыканскага гісторыка навукі Ларэна Грэхема.

Для пачатку варта правесці мяжу паміж вынаходніцтвам і інавацыяй. Вынаходніцтва — рашэнне тэхнічнай задачы. Інавацыя — стварэнне камерцыйна паспяховага прадукту на аснове вынаходніцтва. Краіны, няздольныя да інавацый, не змогуць знайсці свайго месца ў чацвёртай тэхналагічнай рэвалюцыі. Расія, на думку Грэхэмам, — адна з такіх краін. Таму не варта здзіўляцца, што Швейцарыя з насельніцтвам 7,5 мільёна чалавек экспартуе ў год у 4 разы больш высокатэхналагічных прадуктаў, чым Расія.

Усе кіраўнікі Расіі — з часоў царызму да нашых дзён — разумелі пад мадэрнізацыяй закупку і асваенне тэхналогій, у той час як ключ да поспеху варта шукаць у культуры. Яе асноўныя элементы — гэта дэмакратычная форма праўлення, свабодны рынак, абарона інтэлектуальнай уласнасці, кантроль над карупцыяй, прававая сістэма, дзе абвінавачваны мае шанец апраўдацца і даказаць сваю невiнаватасць.

Аддзяленне тэхналогіі ад палітыкі нідзе і ніколі не прыводзіла да ўстойлівага поспеху. Можна ўкладваць мільярды ў стварэнне мясцовых клонаў Сіліконавай даліны, але калі пры гэтым забараняюцца дэманстрацыі, а незалежныя прадпрымальнікі разглядаюцца ў якасці апанентаў улады, то разлічваць на далучэнне да краін-лідараў не даводзіцца.

Надзея на аддачу ад мадэрнізацыі па-за палітыкай нагадвае спробу атрымаць малако без каровы. Там, дзе Канстытуцыя выкарыстоўваецца толькі ў якасці шырмы для прыкрыцця аднаасобнага праўлення, разлічваць на развіццё не варта.

Без права на карэкціроўку


Палітыка — механізм прымусу эліты да адказнасці. Сам факт наяўнасці ў Беларусі адзінага палітыка азначае безадказнасць тых, хто надзелены правам прымаць рашэнні. Абмяжуюся адным прыкладам. «Галоўная мэта — рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове ўдасканалення сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі». Гэтую выдатную цытату я запазычыў з рэзалюцыі 4УНС.

Прайшло пяць гадоў. 2,5 тысячы дэлегатаў, якія «канкрэтнымі справамі заслужылі аўтарытэт сярод грамадзян», абмяркоўваюць Асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця РБ на 2016–2020 гады. Дакумент адкрываецца раздзелам «Вынікі пяцігодкі. Нашы дасягненні». Прыводжу першы абзац: «Галоўны вынік чацвёртай пяцігодкі (2011–2015 гады) — захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва».

Прыведзены мною абзац з Асноўнага палажэння паспяхова перавандраваў у Рэзалюцыю 5УНС. Планавалі рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва, а зрабілі справаздачу за стабільнасць і ўстойлівасць. Гэтакі погляд на Беларусь як на Ваньку-ўстаньку. Яе спрабуюць нахіліць і з Захаду, і з Усходу, а яна застаецца стабільнай і ўстойлівай, і пры гэтым умудраецца імкліва паляпшаць індэкс чалавечага развіцця: з 68-га месца ў 2000 годзе перасунуцца на 50-е ў 2015-м.

Аднак у спісе краін па ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці на душу насельніцтва Беларусь па выніках 2015 года апынулася на 66-м месцы. Разыходжанне з індэксам чалавечага развіцця склала 16 адзінак. Не ў каня атрымаўся корм. Адукаваных людзей — лішак, а з інавацыямі суцэльныя праблемы.

Патрабаваць з трыбуны 5УНС ад урада і вертыкалі «эфектыўна асвойваць новыя тэхналогіі і метады працы», зразумела, можна. Але пакуль асновай беларускай стабільнасці застаецца прынцып нязменнасці ўлады, адставанне ад краін-лідараў будзе павялічвацца.

Крыху міжнароднай статыстыкі. Калі ў 1950-х гадах 35 кабінетаў міністраў у дэмакратычных краінах атрымалі перамогу на перавыбарах, а 37 — прайгралі, то ў 1990-х гадах былі перавыбраны ўсяго 11 кабінетаў міністраў, а 46 пацярпелі паразу. Больш свежых дадзеных я не маю, але не даводзіцца сумнявацца ў тым, што фінансавы крызіс 2008 года паскорыў ратацыю палітычных элітаў у Еўропе. І ў гэтым залог развіцця.

Беларуская мадэль механізму карэкціроўкі курсу не ўтрымлівае, што і пацвердзіў сам факт правядзення 5УНС. Асобныя кідкія лозунгі не павінны ўводзіць у зман, бо сказана: «Беларусь сёння — цытадэль традыцыйнай культуры і маралі. Так будзе заўсёды».

Але традыцыйная культура і мараль — гэта якраз тое, што супрацьстаіць мадэрну, г.зн. развіццю, эвалюцыйнаму развіццю, між іншым. З гэтага факта, аднак, не вынікае, што альтэрнатывай эвалюцыі ў сучасных умовах выступае рэвалюцыя (лакаматыў гісторыя, паводле Маркса). Альтэрнатыва эвалюцыі — гэта бунт (бессэнсоўны і бязлітасны, паводле Пушкіна).


Каментаваць