Беларуская партыя «Зялёныя» заявіла аб непрызнанні вынікаў парламенцкіх выбараў

 Беларуская партыя "Зялёныя" не прызнае вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Пра гэта сказана ў заяве партыі, распаўсюджанай яе прэс-службай 13 верасня.


"Вынікі гэтых выбараў былі вядомыя загадзя, як і іх ход — у пераважнай большасці ў парламент трапілі праўладныя кандыдаты пры беспрэцэдэнтна нізкай яўцы і традыцыйных для выбараў "па-беларуску" маніпуляцыях з укідваннямі бюлетэняў і падлікам галасоў, — адзначаецца ў тэксце. — Мы заяўляем аб сваім непрызнанні вынікаў гэтых выбараў і заклікаем назіральнікаў, міжнародныя арганізацыі і сусветную супольнасць даць аб'ектыўную ацэнку таму, што адбылося".

"Зялёныя" нагадваюць, што вылучылі пяцярых кандыдатаў у дэпутаты. "Мы звяртаемся да выбаршчыкаў, каб яшчэ раз падкрэсліць: мэтай удзелу кандыдатаў ад нашай партыі ў гэтых выбарах не была іх легітымізацыя. Наадварот, мы ставілі сваёй мэтай дэманстрацыю фактаў падману, выкрыцця шоу несправядлівасці і прыніжэння грамадзян, якія праводзяцца ў Беларусі пад назвай "выбары", — сказана ў заяве.

У партыі падкрэсліваюць, што важнай мэтай удзелу яе прадстаўнікоў у парламенцкай кампаніі было прыцягненне ўвагі да праблемы будаўніцтва БелАЭС. "Мы заяўлялі і заяўляем, што гэты небяспечны і эканамічна нявыгадны для Беларусі праект павінен быць спынены. Менавіта тэма АЭС стала асновай нашага супрацоўніцтва з кандыдатамі ад іншых партый. Мы паказалі, што ў нас ёсць агульныя погляды на развіццё Беларусі і магчымасць рэалізоўваць нашы праграмы сумесна", — адзначаюць "Зялёныя".

"Так, улады адабралі ў нас чарговыя выбары, але мы лічым, што ад тых, хто прыйшлі і прагаласавалі за "зялёных", атрыманы недвухсэнсоўны сігнал аб тым, чаго хочуць жыхары Беларусі. Мы ўпэўненыя, што яны хочуць бяз'ядзернага свету і бяспечнага, экалагічна дружалюбнага развіцця, апазіцыю да якога і прадэманстравала ўлада", — лічаць у партыі.

Беларуская партыя "Зялёныя" найбліжэйшым часам мае намер падрыхтаваць справаздачу аб ходзе выбарчых кампаній кандыдатаў, выяўленых і зафіксаваных парушэннях і злоўжываннях прадстаўнікоў улады падчас выбараў.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН

Каментаваць