Беларускі МЗС асудзіў авіяўдары па Сірыі

Беларусь рашуча асуджае ўдары, нанесеныя па тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі 14 красавіка, гаворыцца ў заяве беларускага Міністэрства замежных спраў.
Здымак AP

Здымак AP



«Тым самым сітуацыя ў Сірыі фактычна ператвараецца ў міждзяржаўны ўзброены канфлікт, які нясе ў сабе далейшую некантралюемую эскалацыю, якая выходзіць за рамкі рэгіёну», — адзначаецца ў заяве.

Беларускае МЗС заклікае ўсе залучаныя бакі неадкладна спыніць прымяненне ваеннай сілы супраць іншых дзяржаў і шукаць шляхі ўрэгулявання канфліктаў мірнымі сродкамі за сталом перамоў.
 
«Прымяненне забароненых відаў зброі масавага паражэння не павінна заставацца без наступстваў. Аднак крокі ў адказ павінны грунтавацца на адназначных і правераных фактах і прадпрымацца ў строгай адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Ні адзін з гэтых крытэрыяў не быў выкананы тымі, хто сёння нанёс удар па Сірыі» , — падкрэсліваецца ў заяве.
 
Як лічаць у МЗС Беларусі, Арганізацыя па забароне хімічнай зброі павінна мець магчымасць тэрмінова праверыць інфармацыю аб прымяненні хімічнай зброі ў Сірыі і паведаміць вынікі расследавання Савету бяспекі ААН.

«Лічым, што ўсе члены Савета бяспекі ААН павінны прыкласці максімальныя намаганні для выканання ўскладзенай на іх міжнароднай супольнасцю задачы па аднаўленні і падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі», — адзначае беларускае знешнепалітычнае ведамства.

Узброеныя сілы ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі 14 красавіка нанеслі ўдары па цэлях у Сірыі. Рашэнне было прынята ў сувязі з хімічнай атакай, якая меркавана адбылася ў суботу, 7 красавіка, у сірыйскім горадзе Дума.

НАТА падтрымала рашэнне кааліцыі. ЗША не апавясцілі Расію аб маючай адбыцца атацы. Дзеянні ЗША і іх саюзнікаў не застануцца без наступстваў, паабяцаў пасол РФ у Вашынгтоне.

Паводле БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць