«Беларускія прадпрымальнікі могуць выканаць ролю шахцёраў Данбаса»

Умоўны «мараторый на праверкі ІП» заканчваецца 1 ліпеня. Адзін з лідараў прадпрымальніцкага (і не толькі) руху Алесь Макаеў бачыць у сувязі з гэтым і палітычную памылку ўлады.

Алесь Макаеў думае пра цяжкі лёс беларускіх прадпрымальнікаў

Алесь Макаеў думае пра цяжкі лёс беларускіх прадпрымальнікаў


На прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам з’езду Руху салідарнасці «Разам», Макаеў (які, дарэчы, стаў сустаршынёй гэтай арганізацыі) даволі шмат казаў пра сённяшняе становішча ІП у краіне. І не дзіва, бо РСР гэтаму прысвяціла нават асобную рэзалюцыю. Яна называецца даволі катэгарычна: «Аб небяспецы для беларускай дзяржаўнасці стаўлення сённяшняга рэжыму да прадпрымальніцкай дзейнасці».

 

Зразумела, у дакуменце паведамляецца, што ў сённяшняй улады стаўленне да іпэшнікаў ніколі не было добрым. Узгадалі ў РСР і розныя словы кіраўніка дзяржавы на адрас прадпрымальнікаў, асабліва «вашывыя блохі», якімі Лукашэнка ахрысціў ІП аж у 1995 годзе. А ў апошнія часы ўлады і зусім «цалкам выціснулі дзейнасць прадпрымальнікаў па-за прававое поле і зрабілі іх становішча безвыходным».

 

«Сацыяльная напружанасць, якая ствараецца праз дыскрымінацыю вялікай групы беларускіх грамадзянаў, непатрэбная нікому ў Беларусі і выглядае як частка магчымага плану Крамля ды Лубянкі па дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі ў краіне і спробай знішчэння беларускай дзяржаўнасці. Дзеянні маскоўскай агентуры ва Украіне, якія папярэднічалі анексіі Крыма і вайне Расіі на Данбасе, паказваюць рэальнасць такой небяспекі для Беларусі», — напісана ў рэзалюцыі.

 

Макаеў лічыць, што вялікая частка прадпрымальнікаў, якую ўлада заціснула па самае «не магу», цалкам можа стаць «аб’ектам распрацоўкі» знешняга ворага. Сапраўды, у Данбасе ў свой час усе казалі, што «ў Расіі ім будзе лепш». З улікам таго, што частка «памежных» з Расіяй ІП ужо перавяла ў суседнюю краіну свой бізнес, і няблага сябе там пачувае, незадаволеныя індывідуальныя прадпрымальнікі як сацыяльная група могуць стаць апорай для магчымых «зялёных чалавечкаў».

 

Макаеў бачыць яшчэ адно падабенства беларускіх ІП з данецкімі шахцёрамі: «На беларускіх рынках прэвалюе апатыя, спажывецкія настроі, жаданні, каб інтарэсы прадпрымальнікаў абараняў нехта іншы, а не яны самі. Нагадаю, што і шахцёры Данбасу ўвесь час шчыра лічылі, што ім усе вінныя. Пасля ўвесь свет пабачыў, хто гэта выкарыстаў і да чаго гэта прывяло».

 

Ён таксама нагадаў пра інфармацыю, агучаную былым паслом Украіны ў Беларусі Раманам Бяссмертным пра магчымасць «данецкага сцэнару» ў Віцебскай і Гомельскай абласцях Беларусі.


У выніку Рух салідарнасці «Разам» патрабуе ад уладаў таго ж, чаго патрабуюць усе прадпрымальніцкія саюзы і ініцыятывы: скасаваць указы кіраўніка дзяржавы №48 і №222, якія ставяць іпэшнікаў у невыноснае становішча, прыняць з удзелам прадпрымальнікаў закон аб малым бізнесе, і аднавіць рэгулярную працу перамоўнай групы пры Міністэрстве эканомікі з мэтай вырашэння надзённых праблем прадпрымальнікаў. Але патрабуюць яны гэтага не проста так, а «ў сувязі з небяспекай для беларускай дзяржаўнасці».



Аляксандр Тамковіч і Алесь Марачкін падзяляюць думкі Макаева наконт небяспецы Беларусі

Аляксандр Тамковіч і Алесь Марачкін падзяляюць думкі Макаева наконт небяспецы Беларусі



Пакуль жа, сказаў Макаеў, ідзе праца па стварэнні прафсаюза прадпрымальнікаў «Салідарнасць». Гэтым шчыльна займаецца былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які на першай сесіі з’езду быў абраны часовым кіраўніком руху «Разам», а на другой сесіі, якая прайшла ў Мінску 25 чэрвеня, нават не стаў сустаршынёй ці намеснікам сустаршыняў арганізацыі. Бачна, для таго, каб вызваліць час для сваёй справы.

Стварэнне прадпрымальніцкага прафсаюзу ідзе цяжка, сказаў Макаеў. Па-першае, там патрэбнае вялікае прадстаўніцтва ад рэгіёнаў. Па-другое, трэба такія людзі, на якіх немагчыма «націснуць», каб яны адмовіліся ад удзелу прафсаюзе ў апошні момант. А ва ўсіх прадпрымальнікаў — бізнес, праз які якраз і магчыма ажыццяўляць ціск. Тым не менш, калі гэты прафсаюз будзе створаны, лічыць Макаеў, гэта будзе «не чарговая аднадзённая арганізацыя, з ім будуць лічыцца».

Пакуль жа больш перспектыўным сустаршыня РСР лічыць збор 50.000 подпісаў прадпрымальнікаў наконт скасавання тых жа ўказаў №48 і №222. 50 тысяч подпісаў — гэта права для звароту ў Канстытуцыйны суд і ў парламент з заканадаўчай ініцыятывай. Акрамя таго, з гэтымі подпісамі можна звярнуцца ў такі міжнародны орган, як Венецыянская камісія, якая аналізуе законы і законапраекты на адпаведнасць іх дэмакратычным нормам. Варта зазначыць, што Беларусь з’яўляецца асацыяваным сябрам гэтай камісіі, і таму яе рашэнні могуць быць прынятыя пад увагу.

Па інфармацыі Макаева, менавіта збор гэтых подпісаў паўплываў на тое, што «праверкі на рынках могуць быць адкладзеныя». То бок, адпаведныя службы думаюць, ці ўступаць у канфрантацыю з прадпрымальнікамі адразу ж 1 ліпеня.

А магчыма, прадпрымальнікам дапаможа і дэнамінацыя. Ва ўмовах агульнага вэрхалу са старымі і новымі грашыма і перапісвання бухгалтэрыяў правесці масавыя праверкі сярод іпэшнікаў будзе вельмі складана.


Каментаваць