Беларусы хутка змогуць паехаць у Арабскія Эміраты без візы

Грамадзяне Беларусі ў хуткім часе змогуць паехаць у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ) без візы, паведамляе Радыё Свабода.

Гэта вынікае з «Агляду вынікаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2017 годзе», апублікаваным на афіцыйным сайце знешнепалітычнага ведамства.

МЗС паведамляе пра завяршэнне ратыфікацыі пратаколу да пагаднення аб адмене візаў з ААЭ. На сённяшні дзень віза ў ААЭ для беларусаў каштуе ад 85 долараў.

Таксама падкрэсліваецца, што летась «ажыццяўлялася праца па выкананні ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу пагадненняў з Чылі, Босніяй і Герцагавінай, Ганконгам». Гэтыя краіны могуць стаць наступнымі для бязвізавага ўезду ў іх грамадзянаў Беларусі.

Таксама напісана, што ў 2017 годзе была «працягнутая праца па заключэнні Пагаднення з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавых фармальнасцяў».

Сёння беларусы могуць наведваць бяз візаў больш за 40 краін.


Каментаваць