ПАСЕ — беларускія ўлады: бессэнсоўныя размовы

«Абяцанка — цацанка, а дурню радасць», — прыкладна такой логікай карыстаюцца ўлады адносна перамоваў з еўрапейцамі наконт свабодных і справядлівых парламенцкіх выбараў.


На гэтым тыдні Мінск наведалі еўрапейскія палітыкі. Найперш у Беларусі пабыла назіральная місія Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы пад кіраўніцтвам аўстрыйскага дэпутата Гізела Вурста. У складзе дэлегацыі быў таксама спецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні. У суботу чакаецца візіт і віцэ-старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ, спецыяльнага каардынатара на парламенцкіх выбарах у Беларусі Кента Харстэда. Цікава, што яны хочуць тут пачуць і пабачыць?

Зразумела, афіцыйны Мінск хоча патрапіць у ПАСЕ. Гэта было б чарговым «дыпламатычным прарывам». Можа быць, у кагосьці ва ўладзе і ёсць настальгія па 1990-х гадах, калі беларускі парламент быў «спецыяльна запрошаным» у ПАСЕ. Нагадаем, што Беларусь атрымала згаданы статус 16 верасня 1992 года, а 13 студзеня 1997-га была яго пазбаўленая, паколькі Бюро асамблеі не прызнала адпаведнымі міжнародным стандартам умовы правядзення і вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму 1996-га.

З тых часоў апазіцыя кожныя выбары хвалюецца, што новаабраны парламент атрымае статус у ПАСЕ, і змагаецца за непрызнанне айчынных выбараў адпаведнымі міжнародным стандартам. І, такім чынам, закрывае новаму «заканадаўчаму органу» шлях у гэтую структуру. Гэтыя выбары — не выключэнне.

Але і беларускія ўлады, падаецца, таксама не вельмі жадаюць атрымаць у ПАСЕ і Савеце Еўропы поўнае сяброўства. Таму што для гэтага трэба выканаць дзве ўмовы: правесці свабодныя і справядлівыя выбары, якія б адпавядалі стандартам АБСЕ, і скасаваць смяротнае пакаранне.

Што тычыцца апошняга, пазіцыя дзяржавы ў гэтым непахісная. Пры ўсім дэманстратыўным жаданні некаторых дэпутатаў (найперш, старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалая Самасейкі) увесці хаця б мараторый на смяротную кару, нават гэтыя людзі спасылаюцца на вынікі таго ж рэферэндуму 1996-га, з-за якога Беларусь і выгналі з ПАСЕ. Тады большасць нібыта выказалася за захаванне смяротнай кары. Пры гэтым, канешне, замоўчваецца, што з часу таго плебісцыту мінула 20 гадоў, за якія вырасла новае пакаленне беларусаў.

Што ж тычыцца свабодных і справядлівых выбараў, то Еўропа даўно штурхае Беларусь да выканання правілаў АБСЕ. Але, як кажуць, «вожык — птушка ганарлівая, пакуль не пнеш — не паляціць». Спадарыня Ярмошына колькі ўжо разоў абяцала «ўлічыць рэкамендацыі АБСЕ пры падрыхтоўцы выбараў», але не гэтых, а наступных, бо зараз «коней на пераправе не мяняюць» і вельмі шкодна мяняць правілы гульні ў працэсе гэтай гульні.

Для таго, каб пабачыць, што ў краіне адносна выбараў нічога не змянілася, сюды нават ехаць не трэба. Дастаткова ўзяць справаздачы праваабаронцаў і паглядзець, як змяніўся склад, напрыклад, участковых камісій, якія лічаць галасы. А апазіцыянераў у гэтых камісіях толькі 0,08%. Што нават горш за парламенцкія выбары 2012 года, калі іх там быў 0,1%. А тая ж Лідзія Ярмошына неўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў камісіі патлумачыла тым што ў іх «жыццё не склалася» і ў наяўнасці «адмоўнае абаянне».

Дый увогуле, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы — гэта збор прадстаўнікоў заканадаўчай улады еўрапейскіх краін. За чатыры гады сваёй кадэнцыі 110 дэпутатаў унеслі на разгляд толькі тры законапраекты. Дык ці можна ўвогуле называць ППНС «заканадаўчым органам»?

Да таго ж выбары ў еўрапейскім разуменні — гэта не вынік, а працэс. У працэсе таксама нічога не змянілася. Па-ранейшаму не забяспечаныя свабода слова, свабода мірных сходаў, права грамадзян на аб’яднанні. За мірныя сходы караюць у адміністрацыйным парадку — толькі за тое, што гэта «несанкцыянаваны сход», ужо нават і не карыстаюцца такімі фармулёўкамі, як «перашкаджаў руху грамадзян і грамадскаму транспарту». Права грамадзян на аб’яднанні яскрава ілюструе 6-разовая нерэгістрацыя партыі БХД і 15-разовая нерэгістрацыя грамадскага аб’яднання хрысціянскіх дэмакратаў. А ў «свабодзе слова», па звестках Беларускай асацыяцыі журналістаў, прыкладна траціна з незалежных СМІ ўжо 10 гадоў выкінутыя з дзяржаўных сістэмаў распаўсюду па падпісцы і ў розніцу.

Такім чынам беларускія выбары ператвараюцца ў рэч бессэнсоўную і бязлітасную, з загадзя вызначаным вынікам.

Мажліва, прадстаўнікі ПАСЕ проста перанялі тактыку беларускай апазіцыі, і едуць сюды проста «пагаманіць з людзьмі», як тое робяць падчас выбараў дэмакратычныя кандыдаты. Бо для апошніх выбары — ці не адзіная магчымасць масава сустрэцца з народам. Але ж ці варта дзеля гамонкі марнаваць грошы сваіх падаткаплацельшчыкаў на такія камандзіроўкі? Урэшце, ёсць Skype ці Viber.



Каментаваць