БХД будзе ўдзельнічаць ва ўсіх выбарах і змагацца супраць карупцыі ды казіно

31 кастрычніка ў Палацы культуры Мінскага трактарнага заводу адбыўся паўторны ўстаноўчы з’езд Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Больш за 300 дэлегатаў пастанавілі зноў паспрабаваць зарэгістраваць арганізацыю ў Міністэрстве юстыцыі, а таксама ўзяць удзел у наступных мясцовых і прэзідэнцкіх выбарах.



31 кастрычніка ў Палацы культуры Мінскага трактарнага заводу адбыўся паўторны ўстаноўчы з’езд Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Больш за 300 дэлегатаў пастанавілі зноў паспрабаваць зарэгістраваць арганізацыю ў Міністэрстве юстыцыі, а таксама ўзяць удзел у наступных мясцовых і прэзідэнцкіх выбарах.

Арганізатары форума толькі за некалькі дзён здолелі падпісаць дамову на арэнду залы ПК МАЗ, і то пасля таго, як прыгразілі, што мерапрыемства можа прайсці на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Як і ў мінулым лютым, калі БХД праводзіла першы ўстаноўчы з’езд, пасля якога Мінюст па надуманых прычынах адмовіў партыі ў рэгістрацыі, улады зноў чынілі перашкоды рэгіянальным дэлегатам: як паведаміў сустаршыня БХД Павел Севярынец, пад Кобрынам, Слуцкам і ў Гродна на пэўны час былі затрыманы дэлегаты, якія кіраваліся ў Мінск.

Дэлегатаў і гасцей з’езду, якіх агулам было каля 700 чалавек, павіталі першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні Руху “За свабоду Віктар Карняенка, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, а таксама замежныя госці, якія прыехалі на форум са Швецыі, Нарвегіі, Чэхіі, Нідэрландаў, Украіны, Літвы, Францыі, Германіі, іншых краін. Свае віншаванні дэлегатам з’езду даслалі лідэры хрысціянска-дэмакратычных партый і звязаў многіх еўрапейскіх дзяржаў, але самым эмацыйным быў допіс генеральнага сакратара кіруючага ў ФРГ Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Рональда Пафалы. Генсек ХДС, апроч іншага, заклікаў беларускія ўлады спыніць пераслед дэмакратычных актывістаў.

Дэлегаты з’езду наноў прынялі пастанову аб стварэнні Партыі БХД зацвердзілі назоў партыі, прынялі статут і праграму арганізацыі, абралі сустаршыняў БХД Паўла Севярынца, Георгія Дзмітрука, Аляксея Шэіна і Віталя Рымашэўскага, выканаўчага сакратара Дзяніса Садоўскага, а таксама Нацыянальную раду і Кантрольна-рэвізійную камісію.

Дэлегаты з’езду таксама прынялі рашэнне аб удзеле ў мясцовых выбарах 2010 году і ў прэзідэнціх – у 2011-м. Нягледзячы на меркаванні некаторых партыйцаў, што выбары ў Беларусі ў цяперашніх умовах не могуць быць сапраўды дэмакратычнымі і адкрытымі, таму варта было б іх байкатаваць, бальшыня ўсё ж выказалася за ўдзел у выбарах у мясцовыя саветы “да пераможнага канца.

Што да прэзідэнцкай кампаніі, то ў выніку рэйтынгавага галасавання большасць дэлегатаў, як і раней, схілілася на карысць выстаўлення свайго партыйнага кандыдата Віталя Рымашэўскага кандыдатам у прэзідэнты з тым, каб пазней правесці праймерыз унутры Беларускага незалежніцкага блоку і падтрымаць таго кандыдата ад апазіцыі, які збярэ найбольшую па колькасці актывістаў ініцыятыўную групу.

Дарэчы, БХД збіраецца распачаць кампанію супраць казіно, якія, па словах Георгія Дзмітрука, пасля іх закрыцця ў Маскве і іншых гарадах Расіі пачалі перамяшчацца ў Беларусь. Да таго ж, Партыя БХД мае намер “стварыць спецыяльны Грамадскі камітэт дзеля вядзення антыкарупцыйнай кампаніі і распрацаваць пакет першапачатковых заканадаўчых мер, здольных забяспечыць умовы для рэальнай і сумленнай дэмакратыі ў Беларусі. Як заявіў Павел Севярынец, барацьба з крадзяжом і падманам мусіць стаць ключавой тэмай наступных палітычных кампаній.
----------------------------------------------------------------

Фота Юрыя Дзядзінкіна

Каментаваць