Бяляцкі і іншыя праваабаронцы звярнуліся да Пуціна, каб абараніць калегу з Чачні

Шэраг беларускіх праваабаронцаў звярнуліся да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з калектыўным зваротам па прычыне крымінальнага пераследу кіраўніка грозненскага прадстаўніцтва Праваабарончага цэнтру «Мемарыял» Аюба Ціціева і наступам на праваабарончы рух у Чачэніі. Зварот быў перададзены 7 лютага ў Амбасаду Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Алесем Бяляцкім.
Алесь Бяляцкі ля амбасады РФ у Мінску, фота spring96.org

Алесь Бяляцкі ля амбасады РФ у Мінску, фота spring96.org


Кіраўнік чачэнскага прадстаўніцтва «Мемарыялу» Аюб Ціціеў быў арыштаваны 9 студзеня 2018 года па сфабрыкаваных абвінавачваннях у набыцці і захоўванні наркотыкаў. Пазней ён паведаміў, што наркатычныя рэчывы былі падкінутыя ў яго машыну падчас агляду дарожнай паліцыяй. Ціціеў знаходзіцца цяпер у СІЗА, яму прад’яўленае абвінавачванне ў незаконным набыцці і захоўванні наркотыкаў у буйным памеры згодна з ч. 2 арт. 228 КК РФ.

У калектыўным звароце прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў Беларусі выказваюць пратэст і патрабуюць неадкладнага вызвалення калегі, а таксама спынення ціску і ганенняў на праваабаронцаў у цэлым. Абвінавачванне супраць Ціціева беларускія праваабаронцы лічаць абсурдным.

«Гэтак жа заклікаем улады Расійскай Федэрацыі няўхільна прытрымлівацца добраахвотна ўзятых на сябе міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека, якія ўключаюць, акрамя ўсяго іншага, абавязкі па садзейнічанні грамадзянам, якія выступаюць у абарону правоў іншых асоб і якія ажыццяўляюць праваабарончую дзейнасць як у асабістай якасці, так і ў групе», – адзначаецца ў звароце.

Зварот падпісалі старшыня Алесь Бяляцкі, Раіса Міхайлоўская, Алег Агееў, Таццяна Равяка.


Паводле belsat.eu


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць