Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Бязвіз» для Еўропы

Ці створыць Беларусь нязручнасці для Расіі? Беларускі «бязвіз» Аляксандр Алесін называе «контракрокам» і «свайго роду дэмаршам у доўгатэрміновай перспектыве» ў адносінах да саюзніка.

arhar.kz


Нечакана Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падпісаў указ № 8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян». Гэты дакумент абмежавана, але ўсталёўвае бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для грамадзян 80 дзяржаў, у тым ліку ўсяго Еўрасаюза. Указ набудзе моц праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

У чым абмежаванні ўказа? Першае — ён тычыцца выключна тых, хто наведвае Сінявокую праз пункт пропуску «Нацыянальны аэрапорт Мінск». Другое — тэрмін «бязвізу» абмежаваны пяццю суткамі знаходжання ў нашай краіне. Трэцяе абмежаванне, як паведамляе МЗС: «дакумент накіраваны на актывізацыю падарожжаў бізнесменаў, турыстаў, прыватных асоб, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарты, і не будзе распаўсюджвацца на замежнікаў, якія ажыццяўляюць службовыя паездкі: дыпламатычныя, службовыя, спецыяльныя і іншыя прыраўнаваныя да іх пашпарты пад увагу прымацца не будуць».

Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе сапраўдны пашпарт ці іншы дакумент для выезду за мяжу, які замяняе яго, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або ў беларускіх рублях, эквівалентную не менш чым дзвюм базавым велічыням), медыцынскі страхавы поліс на суму не менш за 10 тысяч еўра, які дзейнічае ў Беларусі.

Размова пра такі «бязвіз» ішла даўно. Прынамсі, гэта пытанне праціскаў былы дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Рыгор Памяранцаў. У 2015 годзе ён прапаноўваў увесці такі рэжым цягам трох сутак. Па яго меркаванні, гэта дазволіць завабіць у Беларусь «транзітных» турыстаў, якія робяць перасадку ў мінскім аэрапорце: ім не трэба будзе сядзець у залі чакання, яны могуць выехаць у сталіцу, паглядзець цікавосткі, набыць сувеніры і вярнуцца ў аэрапорт да рэгістрацыі на іх рэйс.


Гэтая сістэма шмат дзе паспяхова дзейнічае. Санкт-Пецярбург атрымаў больш за паўмільёна новых турыстаў на год толькі за кошт таго, што ўлады дазволілі праводзіць у горадзе трое сутак без візы пасажырам круізных лайнераў, якія да гэтага наогул не заходзілі ў «Паўночную Пальміру».

Аднак тут ёсць і адмоўныя рэчы. Раней у беларускай практыцы шматкроць узнікалі мініскандалы з тым, што беларускія пасольствы адмаўляліся выдаваць візы журналістам, праваабаронцам і іншым еўрапейскім эмісарам, якія жадалі наведаць беларускіх калегаў. Зараз гэта губляе сэнс: пяці дзён «бязвізу» — вышэй даху для таго, каб у Беларусь заехаў хто заўгодна і паразмаўляў з кім заўгодна. Напрыклад, кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі «Östgruppen» Марцін Угла ўжо у каментары «Радыё Свабода» сказаў, што ён лічыцца персонай, непажаданай у Беларусі, але абавязкова паспрабуе скарыстацца новай магчымасцю. Уключэнне ж такіх асобаў, як Угла, у спісы неўяздных у Беларусь выкліча больш гучныя скандалы, чым было пры адмове ў візах.

У 2014 годзе Марцін Угла ўжо паспрабаваў завітаць у «бязвізавую» Беларусь на Чэмпіянат свету па хакеі — яго проста не выпусцілі з аэрапорта.

І галоўнае: што рабіць з Расіяй? У нас з ёй — адкрытая мяжа. І не выключана, што нехта прыляціць у Беларусь, а затым — рване ў Расію. І будуць гэта, канешне, не небаракі-мігранты, якія самалётамі не лётаюць. Улічваючы тое, наколькі РФ загразла ў Сірыі (адно забойства расійскага пасла ў Турцыі чаго вартае), «транзіт экстрэмістаў» праз адкрытую мяжу верагодны. Ці не?


Вайсковы аналітык Аляксандр Алесін вітае крок беларускага кіраўніцтва. Безумоўна, адзначае ён, «бязвіз» для Еўропы запатрабуе ўзмацнення ўнутранага кантролю замежных грамадзян з боку Памежнага камітэту, КДБ і МУС, аднак выгоды ад яго перавешваюць нязручнасці.

«Небяспеку для Беларусі ўяўляе не тая міграцыя, якая да нас, а якая ад нас. Беларусь — прываблівая транзітная тэрыторыя для мігрантаў з Цэнтральнай Азіі і прылеглых для яе краін, якія праз Беларусь спрабуюць патрапіць ва Усходнюю і Заходнюю Еўропу. Па некаторых звестках, мігрантаў, якія прыехалі ў Беларусь і не могуць з’ехаць далей, ужо каля 200 тысяч. Тое, што да нас паедуць уцекачы з Еўропы — малаверагодна. Гэта, збольшага, «кілбасныя» мігранты, якія паехалі ў Еўропу за лепшым жыццём. Для іх Беларусь прывабнай не будзе. Выгодаў жа шмат: Беларусь атрымлівае статус адкрытай еўрапейскай дзяржавы, палепшацца ўмовы для звычайнага і бізнес-турызму, краіна адкрываецца для шараговых грамадзян Захаду… Карацей, я сумняваюся, што гэта можа сур’ёзна паўплываць на эканамічную, палітычную і вайсковую бяспеку нашай краіны», — кажа Алесін.

А для Расіі? А гэта ўжо яе праблемы, фактычна кажа ваенны эксперт. Алесін зазначае, што РФ практыкуе візава-прапускны рэжым на мяжы з Беларуссю для грамадзян трэціх краін. Расія можа быць вельмі незадаволенай беларускім «бязвізам», і ў гэтым плане можна чакаць узмацнення кантролю на яе мяжы. Таму беларускі «бязвіз» Алесін называе «контракрокам» і «свайго роду дэмаршам у доўгатэрміновай перспектыве» ў адносінах да саюзніка.

Так што, магчыма, і спраўдзіцца мара Уладзіміра Падгола, які патрабаваў увесці мяжу з РФ. Але ўсталюе мяжу якраз Расія.



Каментаваць