Лукашэнка рыхтуе адстаўку ўрада?

Апошнім часам беларускі ўрад традыцыйна трапляе пад раздачу. Не паспелі міністры адысці ад разносу, які ўчыніў ім Аляксандр Рыгоравіч з нагоды дрэннай працы будаўнічай галіны, як яны зноўку апынуліся вінаватымі ў зніжэнні экспарту і складскіх запасах.



Спачатку кіраўнік дзяржавы выказаў непаразуменне спробамі ўрада зваліць зніжэнне экспарту на ўступленне Расіі ў сусветную гандлёвую арганізацыю. Заўважыўшы, што ў нас экспарт у Расію і Еўрасаюз «50 на 50», Лукашэнка сказаў: «Еўрасаюз сёння займае тую ж удзельную вагу па экспарце, што і Расія. Ну што, Еўрасаюз учора ўступіў у СГА? Мы туды прадавалі прадукцыі столькі, колькі і ў Расію, канкурыруючы. Вось і ўсе вашы фактары і спасылкі на СГА расійскае», — заявіў Лукашэнка.

Не трэба быць сямі пядзяў, каб разумець, што такі аргумент не вытрымлівае аніякай крытыкі. Наш экспарт у Еўропу — нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні. Беларускія тэлевізары і лядоўні Еўропа ніколі не набывала і набываць не будзе. А вось экспарт у Расію — таварны: сельгастэхніка, трактары, лядоўні, тэлевізары, прадукты. І менавіта гэта губляе расійскія рынкі — як следства ўступлення Расіі ў СГА. Параўноўваць у гэтым плане Еўропу і Расію — блытаць цёплае і мяккае.

Тым не менш, Лукашэнка аддаў загад: разгрузіць склады да канца года і выйсці на нарматывы па экспарце. «Мы пачулі галоўнае: першы этап — верасень. Вы сказалі: за лета дынаміка будзе значная, трэці квартал — вы практычна ўжо бачна знізіце складскія запасы з вяртаннем грошай у краіну, калі гэта па экспарце, і на 1 студзеня 2014 года выйдзеце на нарматыў. Пад асаблівы кантроль падобнае абяцанне. Усе даручэнні павінны быць персаніфікаваныя. Напрыклад, Мясніковіч адказвае за разгрузку складоў МАЗа, Якабсон — за тое, Сямашка — за гэта, і так далей. Не забудзьце пры гэтым МЗС», — даў даручэнне Лукашэнка.

Гэтая задача для беларускага ўраду амаль невыканальная. Пачнём з таго, што мы ніколі, здаецца, не выходзілі на запланаваныя лічбы па экспарце тавараў, без уліку нафтапрадуктаў і розных растваральнікаў-распушчальнікаў.

Да таго ж даваць такія даручэнні напачатку лета — мёртвага сезону, гэта значыць альбо не разумець сітуацыі, альбо свядома правакаваць людзей на невыкананне абавязальніцтваў.

У прынцыпе, пра тое, што гэты ўрад — урад смертнікаў, і доўга не працягне, размовы хадзілі ўжо даўно. Але каго Лукашэнка знойдзе замест сённяшніх міністраў?

Усе аналітыкі адзначаюць, што ў яго вельмі кароткая лава запасных. Ён не можа знайсці кампетэнтныя кадры, і таму «тасуе» старыя. Узяць хаця б прызначаных 10 чэрвеня памочнікаў прэзідэнта — назіральнікаў за абласцям. Дзмітрый Гобараў, які быў прызначаны наглядчыкам за Брэсцкай вобласцю, раней працаваў старшынёй Магілёўскага райвыканкаму. Уладзімір Даманеўскі стаў наглядчыкам па Гродзенскай вобласці з пасады старшыні Слуцкага райвыканкаму.

Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што такія прызначэнні людзей, «якія не знаёмыя блізка з працай гэтых рэгіёнаў», зробленыя з мэтай, «каб не было кругавой парукі, каб інспектар ніяк не быў звязаны з кіраўніцтвам вобласці». Але ці будзе эфектыўным праца чалавека, які не знаёмы з «полем дзейнасці»?

У прынцыпе, з усімі праблемамі Лукашэнка застаецца сам-насам. Гэта праблема ўсіх аўтарытарных лідараў. Пуцін неяк заявіў таксама, што ён самы вялікі дэмакрат, і яму «пасля смерці Махатмы Гандзі і паразмаўляць няма з кім». Тое ж самае ў Аляксандра Рыгоравіча.

Новых людзей з новым разуменнем сітуацыі ў яго няма. Інакш бы ён не даручаў  Мясніковічу разгружаць склады МАЗа, а патрабаваў бы стварэння моцных інтэрнэт-крамаў беларускай прадукцыі.

Таму новы ўрад, хутчэй за ўсё, будзе складацца са старых чыноўнікаў. І Лукашэнку зноў не будзе з кім паразмаўляць.

Каментаваць