Беларускі кентаўр

Змена цывілізацыйнай ідэнтычнасці — гэта самае цяжкае выпрабаванне, якое толькі можа выпасці на долю культуры і яе носьбітаў. Беларусь не з’яўляецца часткай заходняй цывілізацыі, таму шлях у Еўропу запатрабуе ад яе гэтай змены.
 



У папярэдняй «азбуцы паліталогіі» (глядзі «З «трэцяга» свету ў «першы» і назад») я паспрабаваў паказаць, што вайна за прыродныя рэсурсы сёння ідзе выключна ў галовах носьбітаў экстэнсіўнай культуры. На жаль, яе прадстаўнікі складаюць у Беларусі большасць. Але гэта яшчэ паўбяды. Яны дамінуюць сярод той часткі грамадства, якая прымае рашэнні. А гэта ўжо Бяда — Бяда з вялікай літары.

Класік цывілізацыйнага аналізу гісторык Арнольд Тойнбі звязваў сацыяльны прагрэс з наяўнасцю творчай меншасці. Кіруе заўсёды меншасць, але далёка не заўсёды яна з’яўляецца творчай. Цытую класіка: «Цвёрдасць пазіцыі, якую не ў сілах змяніць нават ход бітвы, што прайграецца, — характэрная прыкмета кіруючай меншасці ў грамадстве, якое распадаецца. Кантраст з рухомасцю і шматграннасцю творчых меншасцяў у грамадствах, што развіваюцца, ашаламляльны».

Кіруючая меншасць у Беларусі не толькі не здольная карэктаваць сваю пазіцыю ва ўмовах сістэмнага крызісу, але не можа ўсвядоміць сам факт прайгранай бітвы. Перачытайце выступ адзінага палітыка (АП) на цырымоніі прынясення прысягі: «Мяне перапаўняе пачуццё гонару за наша згуртаванае грамадства...»; «...Мы ішлі сваім шляхам, і гэты шлях паказаў правільнасць нашых дзеянняў»; «Чалавеку адкрытыя ўсе шляхі: спрыяльныя ўмовы для працы, адукацыі, раскрыцця талентаў, выхавання сапраўдных майстроў сваёй справы...» і інш.

Рух па правільным шляху да 2015 года павінен быў увасобіцца ў 1000 долараў сярэдняга заробку. Заўважце, гэта не я прапанаваў такі прыземлены крытэр для ацэнкі правільнасці шляху. Па факце ў верасні не атрымалася і 400 долараў, але на цвёрдасць пазіцыі АП гэта ніяк не паўплывала.

З апорай на Хантынгтана

Тут варта прыгадаць доктара філасофскіх навук, прафесара Чэслава Кірвеля і яго артыкул «Усходнеславянскі свет: куды ісці?» (часопіс «Беларуская думка», № 8, 2015).

Зыходны пасыл філосафа — беларускі народ належыць да ўсходнеславянскай праваслаўна-хрысціянскай цывілізацыі.

Думаю, далёка не ўсе чытачы НЧ з гэтым пагодзяцца. Але я пагаджуся. Мне запярэчаць і спашлюцца на Вялікае Княства Літоўскае. Безумоўна, ВКЛ было часткай заходне-хрысціянскай цывілізацыі. Але тут ключавое слова — «было».

Зыходзячы з цывілізацыйнага сваяцтва, філосаф прыходзіць да лагічнай высновы аб псеўданацыяналістычнай прыродзе нацыяналістаў-заходнікаў. Яны здрадзілі культурна-цывілізацыйнай ідэнтычнасці свайго народа. І таму грамадска-палітычная дзейнасць такіх людзей аб’ектыўна накіравана «на разбурэнне глыбінных асноў сацыяльнага быцця ўсходнеславянскага суперэтнасу».

Па сутнасці справы, такія дзеячы імкнуцца «здаць» сваю цывілізацыю іншай, увайсці ў «чужую хату», што, апроч усяго іншага, папросту непрыстойна ў чалавечым, маральным сэнсе.

Правамернасць пераносу маральных ацэнак са свету ўласна чалавека на свет культурных сістэм — тэма асобнай гаворкі. Але ідзем далей. Філосаф для надання вагі сваім аргументам заклікае на дапамогу аўтара «Сутыкнення цывілізацый» амерыканскага палітолага Самюэля Хантынгтана. Тут важныя дзве цытаты. Адна добра вядомая: «Еўропа заканчваецца там, дзе заканчваецца заходняе хрысціянства і пачынаюцца іслам і праваслаўе». Вышэй я ўжо адзначаў, што згодны з прыналежнасцю Беларусі да ўсходнеславянскай праваслаўна-хрысціянскай цывілізацыі (да расійскай цывілізацыі, калі хочаце).

Другой цытатай філосаф надае сваёй тэарэтычнай канструкцыі завершаны выгляд: «Палітычных лідараў, якія няўмела лічаць, што могуць кардынальна перакроіць культуру сваіх краін, непазбежна чакае правал. ...Палітычныя лідары могуць ствараць гісторыю, але не могуць пазбегнуць гісторыі. Яны спараджаюць разарваныя краіны, але не змогуць стварыць заходнія краіны. Яны могуць заразіць краіну шызафрэніяй культуры, якая надоўга застанецца яе вызначальнай характарыстыкай».

Украіна, на думку філосафа, — прыклад рэалізацыі прароцтва Хантынгтана ў чыстым выглядзе.

Вынік перабудовы: від з акна

Калі б у мяне было не дзве, а тры рукі, а выпадак даў бы мне магчымасць прагаласаваць у падтрымку прыведзеных цытат, то ўсе тры рукі ў працэсе галасавання я б і задзейнічаў.

Беларусь не з’яўляецца часткай заходняй цывілізацыі, таму шлях у Еўропу запатрабуе ад яе змены цывілізацыйнай ідэнтычнасці. Гэта самае цяжкае выпрабаванне, якое толькі можа выпасці на долю культуры і яе носьбітаў. З Хантынгтанам тут не паспрачаешся. Прайсці гэты шлях без разбурэння «глыбінных асноў сацыяльнага быцця ўсходнеславянскага суперэтнасу» немагчыма, і ў гэтым сэнсе беларускія нацыяналісты-заходнікі з’яўляюцца псеўданацыяналістамі. Яны адштурхваюцца ад глебы, каб змяніць гэту глебу. Пры гэтым большасць з іх упэўненая, што вяртаецца да цывілізацыйных вытокаў. Адсюль Адраджэнне.

Але ўвайсці ў будучыню праз мінулае яшчэ ні ў каго не атрымлівалася. Пантэон герояў і абмежаваны набор сімвалаў — гэта ўсё, што можа рэальна спатрэбіцца сёння для будаўніцтва ідэалагічнага складніку будучыні.

Але якая альтэрнатыва ў самага цяжкога выпрабавання? Калі адказаць адным словам — ДЭГРАДАЦЫЯ.

Вернемся да Тойнбі. 12-томная праца гісторыка прысвечана вывучэнню жыццёвых цыклаў лакальных цывілізацый, г. зн. агульным заканамернасцям іх зараджэння, развіцця і смерці. Апошні этап такі ж непазбежны, як першы і другі.

А на якім этапе сёння знаходзіцца ўсходнеславянская праваслаўна-хрысціянская цывілізацыя? Я мяркую, што на заключным. А мой высокі апанент? Прамога адказу ў сваім артыкуле філосаф не дае, што не перашкодзіла яму нашпігаваць тэкст прыкладамі, што дапускаюць неадназначную трактоўку.

«Заходніцтва, прыўнесенае палякамі ў асобе Ілжэдзмітрыя (Смутны час), забрала жыцці амаль траціны насельніцтва Расіі, перш чым рускі народ змог яго канчаткова адкінуць». У лічбах я не вельмі дасведчаны, але што ў прыведзеным прыкладзе з’яўляецца прычынай, а што — следствам? Дапытлівым прыводжу цытату з лекцыі XLIII гісторыка Васіля Ключэўскага: «Гэта быў цяжкі, поўны тупога недаўмення настрой грамадства, што створаны быў відавочнымі бязладдзямі апрычніны і цёмнымі гадуноўскімі інтрыгамі». Прычым тут палякі?

Але ідзем далей. «Пятроўская рэформа не ператварыла Расію ў Галандыю, але паменшыла падатнае насельніцтва краіны на 20%». Наконт лічбаў спрачацца не буду. Але Пётр праводзіў рэформы не дзеля павышэння жыццёвага ўзроўню падатнага насельніцтва, а для ўмацавання самадзяржаўнай улады. Такі тып улады і ёсць апорным элементам усходнеславянскай праваслаўна-хрысціянскай цывілізацыі. Перабудаваўшы войска на заходні манер, Пётр падоўжыў жыццё дынастыі Раманавых на два стагоддзі.

«Апошняя (перабудовачная) рэформа расійскага грамадства па заходніх узорах забірала, да нядаўняга часу, амаль па мільёну жыццяў грамадзян краіны ў год». Ад такога пераканаўчага прыкладу двума сказамі не адкараскацца. Можна, зразумела, прыгадаць чэргі за каўбасой, можна парэкамендаваць паглядзець у акно і палічыць колькасць аўтамабіляў у двары. Цікава, які сярод іх працэнт аўтамабіляў айчыннай зборкі?

У гэтай логікі няма будучыні

Мой апанент мае рацыю, калі абвінавачвае нацыяналістаў-заходнікаў у разбурэнні глыбінных асноў сацыяльнага быцця ўласнага народа. Але ў аснове гэтага быцця, як ужо было адзначана вышэй, ляжыць самадзяржаўе, што ў перакладзе на агульнадаступную мову азначае звышцэнтралізацыю ўлады. ВКЛ такой звышцэнтралізацыі ўлады не ведала. А як наконт Рэспублікі Беларусь?

Канстытуцыя 1994 года, паводле ўласнага прызнання АП, давала яму «царскія паўнамоцтвы». Але вельмі хутка высветлілася яе дэфектнасць у выглядзе незалежнага Канстытуцыйнага суда, незалежнай Цэнтральнай выбарчай камісіі і г.д. Паўнамоцтвы апынуліся з заходнім прысмакам, несапраўднымі. Давялося праводзіць палітычную надбудову ў адпаведнасць з цывілізацыйным базісам, што і было зроблена з дапамогай трох канстытуцыйных рэферэндумаў.

Гістарычна звышцэнтралізацыя нарадзілася не праз чыйсьці капрыз. Палітолаг Уладзімір Пастухоў разглядае самадзяржаўе ў якасці эвалюцыйнага адказу Рускай імперыі на гістарычныя выклікі. Гэтыя выклікі, у першую чаргу, былі сфармаваныя велізарнай тэрыторыяй з нізкай шчыльнасцю насельніцтва. Рынкавы абмен у такіх умовах не змог канкураваць з цэнтралізаваным размеркаваннем рэсурсаў.

Працэс звышцэнтралізацыі, як сказаў бы АП, «ішоў ад жыцця», і на працягу стагоддзяў ён сябе апраўдваў. Але паступова пачаў выяўляцца яго галоўны дэфект — няздольнасць да развіцця. Пакуль Еўропа гібела ў сярэднявеччы, самадзяржаўнаму прынцыпу арганізацыі ўлады на прасторах Еўразіі нічога не пагражала. Але эпоха Адраджэння дала старт гістарычнай дынаміцы. І пайшло-паехала: Рэфармацыя, Асветніцтва, буржуазная і прамысловая рэвалюцыя.

Не дзеля прыроднай цікаўнасці высякае Пётр акно Еўропу. Няздольнасць імперыі да развіцця ён быў вымушаны кампенсаваць запазычаннямі, што спараджала «лёсавызначальнае пытанне: ці можа хто-небудзь пазычаць чужую цывілізацыю часткова, не рызыкуючы быць паглынутым ёй цалкам» (А. Тойнбі).

Гэтае пытанне сёння спрабуе вырашыць і АП. Ён гатовы завозіць заходнія станкі, але рашуча выступае супраць «рэлігійнага фанатызму», з якім «нам спрабуюць звонку навязаць нібыта ўніверсальныя мадэлі развіцця».

У выніку атрымаўся гібрыд (кентаўр), чыя жыццяздольнасць наўпрост залежыць ад расійскіх датацый. Філосаф гэта разумее. Таму будучыні Беларусі без наданні нетрам Сібіры статусу агульнага рэсурсу ён не ўяўляе.

Па-свойму (у рамках логікі ўсходнеславянскай праваслаўна-хрысціянскай цывілізацыі) ён мае рацыю. Вось толькі ў гэтай логікі няма будучыні нават у сярэднетэрміновай перспектыве. Яе гістарычны час сышоў.

Каментаваць