Беларускі варыянт failed state

Спробы здзейсніць мадэрнізацыйны рывок за кошт падвышэння адказнасці кіраўнікоў нідзе і ніколі не прыводзілі да жаданага выніку. Мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў — наш адказ на спробы фізічнага заняволення.



Бог вінаробства Дыяніс за выратаванне свайго сябра і настаўніка Сілена прапанаваў фрыгійскаму цару Мідасу ва ўзнагароду любы дар, які той пажадае. Мідас папрасіў, каб усё, да чаго б ён ні дакрануўся, ператваралася ў золата. Пажаданне адразу ж было выкананае. Мідас загадаў зладзіць баль з нагоды свайго новага дару. Але калі ён узяўся за ежу і пітво, яны ператварыліся ў золата, з-за чаго Мідас не мог ні есці, ні піць.

У 1994 годзе ролю Дыяніса ўзяло на сябе беларускае грамадства, дакладней, тая яго частка, якую сёння прынята называць «большасцю». Яна («большасць») не толькі абрала сабе выратавальніка, але і надала яму права аднаасобна прымаць любыя рашэнні.

Выратавальнік падкасаў рукавы ды ўзяўся за справу. Дваццацігадовы вынік сваёй дзейнасці ён ахарактарызаваў наступным чынам: «Беларусь состоялась как государство, которое уверенно смотрит в будущее».

Наконт упэўненасці можна і паспрачацца. Але што сёння не выклікае разнагалоссяў, дык гэта ацэнка здольнасці беларускай дзяржавы браць на сябе абавязкі і выконваць іх. Тут напрошваецца прамая аналогія з міфічным фрыгійскім царом. Усё, да чаго дзяржава дакранаецца, ператвараецца не тое каб у золата, але ў знаёмую ўсім нам субстанцыю, ад якой так і патыхае эканамічнай неэфектыўнасцю.

Сродкі вылучылі — сродкі асвоілі

Амерыканскія даследчыкі Джэральд Хельман і Стывен Ратнер увялі ў паліталогію паняцце «дзяржава, якая не адбылася» (англ. failed state). Яно ўжываецца для пазначэння дзяржавы са слабым і неэфектыўным цэнтральным урадам, што фактычна не кантралюе вялікую частку дзяржаўнай тэрыторыі. Дзяржава, якая не адбылася, з’яўляецца прадуктам распаду дзяржаўных структур, яны адказваюць за падтрымку правапарадку, што правакуе анархічныя формы ўнутранага гвалту. У якасці прыкладу згадаю Самалі, Афганістан, Дэмакратычную Рэспубліку Конга.

Здавалася б, што агульнага ў Рэспублікі Беларусь і Самалі? Структур, якія адказваюць за падтрыманне правапарадку, у нас поўны камплект. Яны ўсюдыісныя, — адпаведна, эфектыўныя. Паспрабуйце ў цэнтры горада з сябрамі папляскаць у ладкі. Былі ў нас такія разумнікі, толькі дзе яны зараз?

Аднак у лістападзе з падачы адзінага палітыка (АП) нечакана высветлілася, што ў Беларусі маюцца не падкантрольныя дзяржаве зоны. І гэта не офісы апазіцыйных партый. З апошнімі ў дзяржавы ніякіх праблем якраз няма. Гаворка ў першую чаргу ідзе пра прамысловыя прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на перапрацоўцы драўніны. Дзяржаўныя, між іншым, прадпрыемствы!

Пра тое, што на тэрыторыі дзяржаўных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў пад выглядам вырабу піламатэрыялаў наладжана масавая вытворчасць стратаў і крэдыторскай запазычанасці, стала вядома не ўчора. Таму і з’явіўся ў лістападзе 2007 года ўказ № 529 «Аб некаторых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці».

Указ прадугледжваў аказанне дзяржпадтрымкі дзевяці дрэваапрацоўчым прадпрыемствам на суму больш за 500 мільёнаў еўра. У 2010 годзе аб’ём дзяржпадтрымкі быў павялічаны яшчэ на 178,9 мільёна еўра.

Такія значныя валютныя сродкі планавалася асвоіць за два гады. Праца закіпела. Сродкі асвоілі, але чаканых вынікаў не атрымалі. У 2012 годзе для паскарэння працэсу мадэрнізацыі быў прапанаваны нестандартны ход. Крэатыўныя чыноўнікі прапанавалі забараніць звальняцца працаўнікам дрэваапрацоўчых і субпадрадных арганізацый без дазволу кіраўніцтва (Дэкрэт №9).

«Мы» — гэта хто?

Каб і далей рухацца наперад, мне спатрэбіцца дапамога Вікіпедыі: «тэхналагічны ўклад — сукупнасць тэхналогій, характэрных для пэўнага ўзроўню развіцця вытворчасці».

Спецыялісты вылучаюць 6 тэхналагічных укладаў (адлік вядзецца ад пачатку прамысловай рэвалюцыі XVIII стагоддзя).

Які ўклад асвойвае Беларусь пад кіраўніцтвам АП? Адназначна на гэта пытанне адказаць складана, але дрэваапрацоўка — больш чым на трэці не цягне. Часавыя рамкі панавання трэцяга тэхналагічнага этапу — 1880–1930-я гады. Гэта быў час буйных манаполій. Як тут ні прыгадаць схільнасць беларускай дзяржавы вырашаць эканамічныя праблемы шляхам стварэння холдынгаў!

Але пакуль у Беларусі спрабуюць запусціць імпартныя лініі па вытворчасці фанеры, перадавыя краіны асвойваюць нанатэхналогіі — г. зн. пераходзяць ад пятага тэхналагічнага ўкладу да шостага.

Усе краіны можна ўмоўна падзяліць на перадавыя і тыя, што даганяюць. Першыя генеруюць інавацыі, колькасць якіх з часам і спараджае новую якасць, г. зн. чарговы тэхналагічны ўклад. Другія збіраюць крошкі з чужога інавацыйнага стала і за кошт гэтага спрабуюць дагнаць, а пры наяўнасці палітычных (імперскіх) амбіцый — перагнаць першых. Таму другія ўвесь час знаходзяцца ў рэжыме мадэрнізацыі, якая даганяе, і гэты рэжым заўсёды ўсталёўваецца зверху.

Адсюль паўстае патрэба ва ўладнай «вертыкалі». Але вертыкальны прынцып арганізацыі жыцця спараджае адміністрацыйную эканоміку савецкага тыпу. Яна адрозніваецца ад рынкавай эканомікі гэтак жа, як жывы арганізм ад механізму. Арганізм здольны самастойна развівацца і ўдасканальвацца, а механізм — толькі выконваць прымітыўныя функцыі.

Савецкая эканоміка, на думку эканаміста Яўсея Гурвіча, перапрацоўвала нафту ў ракеты і гіганцкія будоўлі. Яе расійскі аналаг — у замежныя рахункі і вілы, часткова — у імпартныя аўтамабілі, смартфоны і іншую драбязу. Беларуская эканоміка таксама існуе за кошт расійскай нафты. Але асноўным прадуктам яе перапрацоўкі з’яўляецца сацыяльная справядлівасць, якая вымяраецца ў доларавым эквіваленце сярэдняй зарплаты.

Замацую сказанае адпаведнай цытатай: «Не имея природных ресурсов, мы построили социальную экономику, где на первом месте стоит забота о человеке, о том, чтобы он всегда имел работу, доступную медицину и образование, жил в мире, безопасности, чтобы был защищен в старости. Мы постоянно оказываем и будем оказывать жесткое, колоссальное давление на госаппарат, на чиновников, заставляя их служить людям, не брать чужого, вести скромный образ жизни».

«Мы» — гэта хто? Цытата складаецца з двух сказаў. Перачытайце першы. Здавалася б, якія тут пытанні. «Мы» — гэта прадстаўнікі ўлады, кіраўнічай «вертыкалі» і да т.п. Але пяройдзем да другой прапановы. «Мы» — гэта тыя, хто аказвае жорсткі ціск на дзяржапарат. Можа, «мы» — гэта не тыя, а той, хто аказвае ціск на дзяржапарат? Іншага тлумачэння нестасоўкі ў мяне няма. Буду ўдзячны чытачам НЧ за падказку.

Таямнічыя «мы» душаць дзяржапарат не толькі з мэтай прымусіць яго служыць людзям, і пры гэтым не красці. Ціск на апарат — важны фактар эканамічнага росту. Прынамсі, «мы» ў гэтым перакананы.

Жыццё, аднак, падставаў для такой упэўненасці не дае. У гэтым годзе цэны на нафту ўжо спынілі рост. Адпаведна, у межах Саюзнай дзяржавы тэмпы росту ВУП зменшыліся да ўзроўню статыстычнай памылкі. Усё лагічна. У адрозненне ад арганізмаў, механічныя сістэмы не здольныя да самаразвіцця. Спробы ж здзей­сніць мадэрнізацыйны рывок за кошт падвышэння адказнасці кіраўнікоў нідзе і ніколі не прыводзілі да жаданага выніку.

Хто стварае культурны кантэкст?

Любая складаная самаарганізаваная сістэма вымушана вырашаць дзве ўзаемавыключальныя задачы: падтрымліваць стабільнасць і забяспечваць адаптаванасць да знешніх і ўнутраных выклікаў. Найболей эфектыўна задачы вырашаюцца пры замацаванні за рознымі «органамі» сістэмы. У нашым выпадку ўлада адказвае за стабільнасць, а грамадзянская супольнасць забяспечвае адаптаванасць.

Будучыня прынцыпова непрадказальная, і задача грамадзянскай супольнасці палягае ў генерацыі інавацый (тэхнічных, сацыяльных, культурных). Але для гэтага грамадзянская супольнасць павінна быць уладкавана складаным, хаатычным чынам. Пашыхтаванае ж у калоны (моладзевыя, ветэранскія і да т.п.), яно ў прынцыпе не здольнае служыць фактарам развіцця.

Скарыстаю паняцці з тэорыі гульняў: супраць гульца з выпадковай стратэгіяй не можа выйграць ніякая дэтэрмінаваная рацыянальная стратэгія, якая ўласцівая ўладзе. Шанец ёсць толькі ў альтэрнатыўнай выпадковай стратэгіі. Яе забяспечвае грамадзянская супольнасць. Нобелеўскі лаўрэат Дуглас Норт выказаў гэта наступным чынам: «У гістарычнай перспектыве, чым багацей культурны кантэкст у сэнсе прадстаўлення магчымасцяў для разнастайных эксперыментаў і творчай канкурэнцыі, тым больш шанцаў на паспяховае выжыванне мае грамадства».

Але «багацце культурнага кантэксту» ствараецца грамадзянскай супольнасцю. Дзяржава на гэта не здольная.

Яшчэ адна важная функцыя грамадзянскай супольнасці — кантроль за дзейнасцю ўлады, што прымушае яе да кіраўнічых інавацый. Пры адсутнасці знешняга кантролю ўлада лёгка ўпадае ў старэчы маразм у прамым і пераносным сэнсе.

Зноў звернемся да «тэхналагічных укладаў». Руху наперад ад укладу да ўкладу заходнія грамадствы найперш абавязаныя дэмакратыі. Яны не проста рухаюцца ў будучыню, яны яе фармуюць. Працэс ідзе бесперапынна. Ніводны кіраўнік дэмакратычнай дзяржавы не дадумаўся да абвяшчэння чарговага года «пераломным».

Такі лёс аўтарытарных лідараў: не здольныя фармаваць інстытуты развіцця, яны вымушаныя браць на сябе іх функцыі. Падчас засваення Захадам трох першых тэхналагічных укладаў, аўтарытарныя лідары, здаралася, дасягалі часовых поспехаў (Пётр I, Сталін). Аднак з кожнай наступнай мадэрнізацыяй колькасць праблем расла, а магчымасць іх вырашаць памяншалася.

Але ўсё пачынаецца з усведамлення тэхнічнага адставання. Свежая цытата: «Если мы не переосмыслим новые вызовы и угрозы, то рискуем потерять независимость не потому, что нас физически поработят, а потому, что нас завоюют технологически и идеологически, духовно».

Мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў — наш адказ на спробы фізічнага заняволення. Я не буду спаборнічаць з АП у каментаванні поспехаў, дасягнутых у пераломны год.

Абмеркаванне:

  • янка
  • 2014-01-04 20:57:28
х-ня ж сірожа.

многа букафф пра fail state, мадэрнізацыю і дзяржапарат і дуля ў кішэні пра дэмакратыю. nothing personal.

Каментаваць