Беларускія Гімалаі

Айчынная сацыяльна-эканамічная мадэль не мае патрэбы ў карэкціроўцы. Лічыцца, калі што і мяняць, дык сусветную эканоміку, якая не хоча нас падтрымліваць. Але яшчэ год-паўтара такой дынамікі — і на «Гарызонце» не будзе каму плакаць.



Пачну з любімага прыкладу, запазычанага з кнігі маёй маладосці «Фізікі жартуюць»: фізік просіць матэматыка разлічыць устойлівасць стала з чатырма ножкамі. Практычна імгненна матэматык праводзіць вылічэнні для крайніх умоваў, г. зн. для стала без ножак і для стала з бясконцай іх колькасцю. Але яму патрэбныя гады для разліку ўстойлівасці стала з чатырма ножкамі.

На месцы матэматыка лёгка ўявіць палітолага або эканаміста. Прадказаць лёс палітычнай сістэмы, заснаванай на 100-працэнтным папулізме, не надта складана. Але ў жыцці такіх сістэм не больш, чым сталоў з бясконцай колькасцю ножак. Звернемся да «беларускай мадэлі». Не выклікае сумнення, што папулізм з’яўляецца адным з яе сістэмаўтваральных элементаў. Але гэта ацэначнае меркаванне. У «лічбу» яго не перавядзеш. Тым не менш палітолагам грэх скардзіцца на лёс. Магчымасць назіраць наступствы папулізму, у максімальнай ступені набліжанага да 100-працэнтнага, ім дала Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла.

Чэргі пад дуламі аўтаматаў

«Венесуэла не только реально, но и потенциально супербогатая страна», — тут і далей цытаты з інтэрв’ю адзінага палітыка (АП) тэлеканалу «Венесалана дэ Тэлевісьён». У яе багацця дзве крыніцы. Па-першае, нафта, па запасах якой Венесуэла з’яўляецца сусветным лідарам. Па-другое, яе сучасную дзяржаўнасць сфармаваў Уга Чавес — «вялікі чалавек», пазбаўлены недахопаў. «Он велик тем, что показал, как минимум всему американскому народу, который живет на двух континентах, что возможно и жить, и думать, и говорить по-другому. Нормально жить, красиво, искренне и честно. И эта политика непобедима. Потому что она справедлива».

Прыгледзімся ж да бягучых выніках непераможнай палітыкі, заснаванай на справядлівасці.

Афіцыйны (справядлівы) курс нацыянальнай валюты — 6 балівараў за долар. Рынкавы курс — каля 190. А яшчэ год таму адзін «зялёны» можна было набыць за 60 балівараў!

Да чаго такая дынаміка здольная прывесці на практыцы, беларусам нескладана здагадацца. Прамысловасць пазбаўляецца магчымасці закупляць камплектуючыя і спыняецца. У параўнанні з 2007 годам вытворчасць аўтамабіляў скарацілася ў 10 разоў. Сельская гаспадарка застаецца без угнаенняў і насення. Вытворчасць мяса зніжаецца ў два разы, малака — на 70%.

Крамы амаль увесь час стаяць зачыненымі — ім няма чаго прадаваць. У выніку жорстка ўнармаванае практычна ўсё: ад малака да туалетнай паперы. Нацыянальная гвардыя падтрымлівае парадак у чэргах. Тым, хто атаварыўся, ставяць нязмыўную пазнаку на руцэ.

Прыклады можна працягваць, але я абмяжуюся цытатай, запазычанай у публіцыста Максіма Самарукава: «Пасля таго, як нафта ўпала ніжэй за $ 50, у Венесуэле пачаўся імклівы распад усіх звыклых інстытутаў цывілізацыі. Якую галіну чалавечага жыцця ні вазьмі, усюды робіцца абы-што. Перасталі функцыянаваць самыя простыя структуры, якімі чалавецтва навучылася карыстацца яшчэ ў дэспатыях Старажытнага Усходу, — а ў сённяшняй Венесуэле яны не працуюць. Людзі не могуць здабыць самыя звычайныя харчовыя прадукты. Ні за якія грошы не могуць набыць».

Ахвяра самагіпнозу

Справядлівасць здольная здзяйсняць цуды, калі яе энергію накіраваць на фарміраванне абменнага курсу нацыянальнай валюты і цэнаўтварэнне. «Вялікі чалавек» Уга Чавес памёр у сакавіку 2013 года, але сцяг барацьбы за справядлівасць, які выпаў з яго рук, падхапіў верны паплечнік Нікалас Мадура.

Аднак і пасля сваёй смерці камандантэ Чавес працягвае актыўна ўплываць на палітычны курс краіны, перыядычна з’яўляючыся пераемніку ў вобразе маленькай птушачкі. Я не выключаю, што менавіта птушка нашчабятала афіцыйную прычыну найцяжэйшага эканамічнага крызісу ў Баліварыянскай Рэспубліцы: ва ўсім вінаватыя ЗША і мясцовая «пятая калона».

Але перамесцімся з экзатычнай Венесуэлы да родных хат, і дапаможа нам у гэтым чарговая цытата АП: «Мы с Чавесом — люди одной идеологии. <…>. Мы, наверное, с Чавесом и являемся братьями, потому что мы открыты. Мы честны перед своим народом, перед другими народами и государствами. И мы полны решимости проводить именно такую политику. И для реализации победы этой политики надо только одно — время».

Спадзяюся, два дзесяцігоддзі — тэрмін цалкам дастатковы для дасягнення перамогі. Прыгледзімся ж да яе пладоў праз агульныя з Венесуэлай ідэалагічныя акуляры. Яе асноўная характарыстыка ва ўменні «длительное время выходить из этого кризиса». Прычыны крызісу выключна знешнія: «Они порождены не нами».

Гэта не мы гадамі двухзначнымі тэмпамі павялічвалі заработную плату ў эканоміцы. Сваім розумам мы б да такога не дадумаліся. Без падступнага Захаду тут не абышлося. Думаю, чытачы НЧ памятаюць, якім чынам гэтая знешняя правакацыя адгукнулася ў 2011 годзе.

29 студзеня на прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных СМІ АП у чарговы раз прыгадаў, як «мы приехали на “Горизонт”, и там рыдали женщины, просили — деточка, дай нам 30 долларов зарплаты».

Такія прыклады АП прыводзіць для доказу правільнасці курсу, абранага, паводле яго ўласнага прызнання, «на ощупь». Аднак у 1990-х гадах прычына крызісу была прынцыпова іншай. Савецкая цэнтралізаваная эканоміка распалася, а новая з элементамі рынку яшчэ толькі пачынала фармавацца.

Сёння ж мы маем крызіс мадэлі, «которая была и существует у нас». Усвядоміць, што яна вычарпала свой унутраны рэсурс і больш не здольная адказваць на сучасныя выклікі, яе галоўнаму архітэктару, мяркуючы па ўсім, не дадзена.

Як тут ні прыгадаць класіка цывілізацыйнага аналізу Арнольда Тойнбі: «Звычайна адна і тая ж меншасць або індывід не ў стане даць творчыя адказы на два ці больш паслядоўных выклікі». Прычына — траплянне лідара пад гіпноз, якім ён паўплываў на сваіх паслядоўнікаў. Пастаянныя вяртанні АП да гісторыі з жанчынамі, што галасілі на «Гарызонце», — прыклад такога ўзроўню.

Самая вялікая памылка

Цікавую інфармацыю прачытаў на днях на адным з аналітычных сайтаў. Яна мяне зацікавіла як чалавека, які займаўся ў маладосці спартовым турызмам на прафесійным узроўні.

Група даследчыкаў з ЗША і Францыі высветліла, што альпіністы з краін, у культуры якіх прысутнічае выразная іерархія, часцей дасягаюць вяршынь у Гімалаях, але таксама і часцей гінуць. Першы факт можна растлумачыць больш эфектыўнай каардынацыяй унутры групы, члены якой добра выконваюць указанні лідара. Другі факт тлумачыцца тым, што ў многіх выпадках члены каманды з нізкім статусам не могуць выказаць свой пункт гледжання, таму памылка кіраўніка аказваецца фатальнай.

Не даводзіцца сумнявацца ў тым, што тыповы прадстаўнік беларускага большасці «іерархічны ў сваім разуменні рэальнасці» (Леў Гудкоў, сацыёлаг). Таму гісторыя сучаснай беларускай дзяржаўнасці — гэта ў першую чаргу гісторыі будаўніцтва і функцыянавання жорсткай іерархічнай структуры (уладнай «вертыкалі»).

Як і ў выпадку з альпіністамі, ва ўмовах постперабудовачнага хаосу іерархічны прынцып каардынацыі даказаў сваю эфектыўнасць. Мабілізацыйная эканоміка — яго стыхія. Але забяспечваць устойлівае развіццё ў сучасным (постіндустрыяльным) свеце іерархіі не пад сілу. Яны начыста прайграюць гарызантальным структурам.

Звернемся да артыкула эканаміста Мікалая Кашчэева «Самая вялікая памылка — думаць, што свет не мяняецца», апублікаванага ў газеце «Ведамасці»: «Неразуменне таго, што вертыкальны свет сыходзіць назаўжды, нягледзячы ні на якія крызісы і лакальныя адкаты, нягледзячы ні на якія цяжкасці і часовыя паразы — яго проста зносіць плынню часу, як старажытныя царствы, феадалізм, імперыі, — гэта для многіх драма, калі не трагедыя».

Гэту драму на асабістым узроўні і на ўзроўні беларускага грамадства мы сёння і назіраем. Агульны негатыўны эфект істотна ўзмацняецца за кошт няздольнасці членаў каманды з нізкім статусам выказаць свой пункт гледжання. У Гімалаях гэта павышае верагоднасць гібелі ўдзельнікаў узыходжанняў. Што тычыцца гісторыі, то ў грамадствах, якія не маюць механізмаў абмежавання ўлады, запускаюцца працэсы самаразбурэння.

Яшчэ год-паўтара такой дынамікі...

Дваццаць гадоў таму жанчыны на «Гарызонце» марылі пра заробак у 30 долараў. Пра які заробак у доларавым эквіваленце яны мараць сёння — я не ведаю. Але звернемся да афіцыйнай статыстыкі. Вытворчасць тэлевізараў за 2014 скарацілася на 62,4% (за 2013-ы — на 58,8%)! Усяго за мінулы год было выраблена 93,3 тысячы тэлевізараў, г. зн. менш за 8 тысяч за месяц. І гэта на двух заводах! Акрамя мінскага «Гарызонта» ёсць яшчэ віцебскі «Віцязь».

Але не думайце, што такая сумная вытворчая статыстыка звязана з нізкім унутраным попытам на тэлевізары. У 2014 беларусы купілі 412,3 тысячы апаратаў у рознічным гандлі. Гэта на 12,5% больш, чым у 2013 годзе, колькі пры гэтым было завезена з блізкага замежжа — статыстыка замоўчвае. Але толькі 12,1% ад розніцы аказалася прадукцыяй айчыннай вытворчасці. Яшчэ год-паўтара такой дынамікі — і на «Гарызонце» не будзе каму плакаць.

Айчынныя тэлевізары, безумоўна, знаходзяцца на чале спісу тавараў, вытворчасць якіх можа не перажыць 2015 год. Але канкурэнцыя ў намінацыі «Бывай, айчынны спажывец» сёння высокая як ніколі. Вытворчасць пральных машын за год скарацілася на 53,2%, кар’ерных самазвалаў — на 41,9%, грузавых аўтамабіляў — на 31,4% (з вырабленых 8 тысяч штук 1,9 тысячы не знайшлі свайго спажыўца).

Ёсць такое паняцце ў паліталогіі — «мерытакратыя» (літар. «улада годных») — прынцып кіравання, згодна з якім кіруючыя пасады павінны займаць найбольш здольныя людзі, незалежна ад іх сацыяльнага пахо­джання і фінансавага дастатку.

Рэалізацыя гэтага прынцыпу ў Беларусі на сённяшні дзень не ўяўляецца магчымай, бо на шляху здольных людзей ва ўладу стаяць «сумленныя выбары». А ў тым, што і бліжэйшыя выбары будуць сумленнымі — сумнявацца не даводзіцца. З чым я жанчын на «Гарызонце» і віншую.

Каментаваць