Без вестак зніклы ўрад

Пасля выбараў мінула ўжо два месяцы, але кіраўнік Беларусі дагэтуль не прызначыў новы ўрад. Чаму? Што адбываецца ў вышэйшых эшалонах улады? Паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні.



Урад, якога няма

7 снежня Лукашэнка правёў чарговую нараду з урадам краіны — абмяркоўвалі праекты прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год. І ў гэтым не было б анічога незвычайнага, калі б не адзін нюанс — гэтага ўраду фармальна не існуе. У адпаведнасці з Канстытуцыяй, Савет міністраў склаў з сябе паўнамоцтвы адразу пасля апублікавання афіцыйных вынікаў выбараў — 16 кастрычніка. То бок сёння ёсць проста група службоўцаў, што выконваюць абавязкі міністраў, і ёсць чалавек, што выконвае абавязкі прэм’ер-міністра. Гэта іх па звычцы СМІ і называюць «урад».

Так доўга новы ўрад яшчэ не прызначалі. Натуральна, у беларускай рэчаіснасці сам урад як механізм эканамічнай улады — толькі фармальнасць. Але ўсё ж для ўладнай вертыкалі ёсць розніца, хто падпісвае распараджэнні і іншыя дакументы — міністр або «выконваючы абавязкі».

Між тым, яшчэ 20 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Урад сфармаваны ў асноўным яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. Я пра гэта казаў, ужо другія прэзідэнцкія выбары так праходзяць. Людзі павінны ведаць, хто будзе працаваць пасля выбараў, калі гэтага прэзідэнта абяруць». Але ўжо пасля інаўгурацыі ён заявіў, што «не мае намеру фармальна, аўтаматам падпісваць указы аб прызначэнні [міністраў]». То бок, нешта не заладзілася.

Але што менавіта? Па адной з версій, справа ў перамовах з МВФ. Занадта важныя для Беларусі гэтыя $3 мільярды, без іх нават праводзіць дэнамінацыю вялікага сэнсу няма — інфляцыя хутка ператворыць новыя грошы ў пацяруху. Але калі гэтыя службоўцы цяпер дамаўляюцца з МВФ, то лагічна, што ім жа і рэалізоўваць дамоўленасці. Тады прасцей проста перапрызначыць урад на новы тэрмін і зачыніць пытанне. Але Лукашэнка гэтага не робіць, значыць, справа не ў МВФ.

Іншая версія: Лукашэнка не жадае прызначаць новы ўрад на фоне раз’юшанага дужання двух раўнасільных груповак у яго асяроддзі — «рэфарматараў» і «ахоўнікаў».

Справа ў тым, што тут узнікае праблема з прэм’ер-міністрам. Каго прызначыць? Калі яго погляды будуць адпавядаць поглядам «ахоўнікаў», то «рэфарматары» проста будуць сабатаваць працу такога кабінета. А калі прэм’ерам стане «рэфарматар», то пярэчыць пачнуць ужо «ахоўнікі». Што для ўлады яшчэ небяспечней, бо да гэтага блока належаць кіраўнікі сілавых ведамстваў.

Можна, вядома, паставіць прэм’ерам нейкую кампрамісную постаць без выяўленай асабістай пазіцыі. Але тады згрызота паміж «ахоўнікамі» і «рэфарматарамі» працягнецца — і ўсё давядзецца пачынаць спачатку. Да таго ж можна ўспомніць, што цяперашні склад кабінета міністраў быў сфармаваны аварыйна, на фоне крызісу снежня 2014-га, і разглядаўся аналітыкамі як пераходны антыкрызісны «ўрад банкіраў» на час падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкай кампаніі. Гэта значыць, была задача — забяспечыць стабільнасць на год, а там паглядзім.

У чаканні кантралёра

Па маёй версіі, вялікія шанцы перасесці ў крэсла прэм’ера мае цяперашні кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў. Ён — адзін з трох службоўцаў, якія ў гэтым годзе найчасцей наведвалі прэзідэнцкі кабінет. Пры гэтым галоўны кантралёр краіны, «вока прэзідэнцкае», усё часцей выступае ў неўласцівай для сябе ролі — службоўца, які разважае пра тое, як павінна далей развівацца беларуская эканоміка.

Так, 14 верасня ўвечары Леанід Анфімаў з’явіўся ў праграме «Буйным планам» на тэлеканале «Беларусь 1». І загаварыў… аб эканамічных рэформах. «Трэба правесці структурную перабудову эканомікі, але не праз беспадстаўную прыватызацыю, а праз змену структуры ВУП пры захаванні базавых галін прамысловасці і базавых прадпрыемстваў у якасці асновы эканамічнага патэнцыялу. Адначасова варта развіваць малы і сярэдні бізнес, — менавіта так, аказваецца, лічыць Леанід Анфімаў. — Нельга тым прадпрыемствам, якія складаюць аснову эканамічнага патэнцыялу (МАЗ, МТЗ, БЕЛАЗ, Гомсельмаш ды іншыя), цягнуць на сабе, як каням, увесь груз эканамічнага росту. Дэльту паміж высокімі тэмпамі эканамічнага росту ў цэлым і тым тэмпам, які складзецца на гэтых прадпрыемствах, возьме на сябе новы сегмент бізнесу — малыя і сярэднія прадпрыемствы».

Тут, вядома, цікавае не стаўленне Анфімава да прыватызацыі, а сам факт таго, што ён пачаў абмяркоўваць шляхі развіцця эканомікі Беларусі. Але калі пакапацца ў архівах, то апынецца, што пачалося гэта прыкладна на паўгода раней. Так, яшчэ 28 мая ў Полацку Леанід Анфімаў нечакана заявіў, што мясцовыя ўлады павінны ствараць умовы і спрыяць арганізацыі новых прадпрыемстваў. Старшыня КДК патлумачыў службоўцам Віцебскага аблвыканкама, на што трэба арыентавацца ў сферы стварэння новых прадпрыемстваў. «Тут аднымі разнарадкамі і ўказаннямі нічога не зробіш. Трэба ўлічваць асаблівасці горада або раёна — сыравіна, плошчы, працоўныя рэсурсы», — падкрэсліў Анфімаў. Ён адзначыў, што ўлады павінны ствараць перадумовы і спрыяць стварэнню новых вытворчасцяў. А калі ініцыятыва ідзе знізу, і інвестар сам прыходзіць з прапановай аб стварэнні прадпрыемства, яму ні ў якім разе нельга ствараць перашкоды.

Тады ж ён заявіў (менавіта ён, а не Кабякоў), што ў эканоміцы Беларусі павінна адбыцца структурная перабудова. Валаўтваральныя прадпрыемствы павінны выпускаць столькі прадукцыі, колькі могуць прадаць. А каб захаваць агульныя аб’ёмы вытворчасці, частку нагрузкі возьмуць на сябе новыя невялікія вытворчасці.

Можна выказаць здагадку, што менавіта такога — рашучага ды звыклага да негатыўнага стаўлення — службоўца прэзідэнт можа пасадзіць у крэсла прэм’ера для правядзення змушаных рэформаў «пад дудку» МВФ. Бо для правядзення рэформаў запатрабуецца чалавек, здольны на цвёрдыя, непапулярныя меры.

Вядома, тут узнікае лагічнае пытанне: чаму тыя ж самыя рэформы не можа правесці Андрэй Кабякоў? Пасля яго можна было б і адправіць у адстаўку, павесіўшы на яго «ўсіх сабак». Але ж не: Кабякоў па сваім характары чалавек нашмат мякчэйшы, чым Анфімаў. А на першым этапе рэформаў — найбольш балючым — прэм’еру давядзецца не толькі сутыкнуцца з сапраўднай народнай нянавісцю, але таксама вытрымліваць наймацнейшы ціск з боку як урадавых службоўцаў, так і сілавікоў.

Магчыма, Леанід Анфімаў якраз і стане тым самым «цвёрдым і рашучым» службоўцам, які ўзначаліць Савет міністраў на перыяд цвёрдых ды балючых рэформаў. А гады праз паўтара-два, калі самае цяжкае будзе ззаду, яго можна будзе адправіць у ганаровую адстаўку.

Праблема стратэгіі

Калі ж не казаць пра канкрэтныя персаналіі, то можна выказаць здагадку: ураду да гэтага часу няма, бо няма і выразнай стратэгіі развіцця краіны. Ускосна пра гэта сведчыць і тое, што да гэтага часу не праведзены Усебеларускі народны сход — бо на ім традыцыйна кіраўнік краіны распавядае аб тым, што і як будзе рабіцца ў наступнай пяцігодцы. Але сказаць пакуль няма чаго — і «курултай» не праводзяць.

Можна выказаць здагадку, што Лукашэнка, які славіцца сваёй палітычнай інтуіцыяй, разумее: некалі паспяховая «беларуская мадэль» эканомікі вычарпала сябе, рэсурсы (калі не лічыць пазыкі) браць больш няма адкуль. Пакуль ён кажа пра «ўдасканаленне» гэтай мадэлі — але гэта толькі словы. Перамовы з МВФ паказалі: маральна Лукашэнка ўжо гатовы да рэформаў, уключаючы такія непапулярныя меры, як падвышэнне пенсійнага ўзросту, падвышэнне тарыфаў ЖКГ і адмова ад падтрымкі прамысловасці праз інфляцыйныя механізмы.

Калі назіраць за паводзінамі кіраўніка дзяржавы ўважліва, то можна заўважыць: ён панічна баіцца не саміх рэформаў, — але гаворкі пра іх. Вось і 7 снежня прагучала: «…Замест канкрэтнай працы нічога нельга падкідваць, у тым ліку незразумелыя навацыі».

«Незразумелыя навацыі» на мове Лукашэнкі — гэта тыя самыя рэформы, якія да выбараў агучвалі на цэлым шэрагу форумаў Мікалай Снапкоў і Кірыла Руды, Васіль Мацю­шэўскі і Аляксандр Забароўскі. Адразу пасля выбараў ужо пяцікратны прэзідэнт у першай жа прамове «ўшчэнт разграміў» рэфарматараў са свайго асяроддзя. Але ніхто з ідэолагаў рэформаў сваёй пасады не пазбавіўся. Гэта значыць, Лукашэнка думае.

Відавочна, што менавіта з гэтага вынікае і тое, што народу Беларусі дагэтуль не прадставілі новы ўрад. Новы ўрад трэба фармаваць пад новую стратэгію развіцця. А яе, гэтай стратэгіі, якраз пакуль няма.

Каментаваць