Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

БНФ перадае ў ЦВК 446 000 подпісаў — пад аховай аўтаматчыкаў

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагоддзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагменты з кнігі.

Вера Чуйко, Уладзімер Анцулевіч і Зянон Пазьняк перад перадачай подпісаў за рэфэрэндум у ЦВК, 1992. Фота газэты "Свабода"


13 красавіка а 15-ай гадзіне да будынку Дому палітасветы на вуліцы Кастрычніцкай, дзе месцілася Цэнтральная камісія па выбарах пад’ехаў аўтобус.

Яго суправаджаў міліцэйскі аўтамабіль, з якога выйшла група міліцыянтаў з «калашнікавымі». За некалькі дзён да гэтага Зянон Пазьняк звярнуўся да міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Ягорава з просьбай забяспечыць ахову пры перадачы подпісаў за рэферэндум. Міністр пайшоў насустрач.

Актывісты Народнага Фронту — члены Ініцыятыўнай групы — пачалі выгружаць і заносіць у будынак пакункі з падпіснымі лістамі. На кожным пакеце была выява «Пагоні», у кожным — па 1000 падпісаных лістоў. Усяго ў Цэнтральную камісію была перададзена 446 061 подпіс грамадзянаў Беларусі.

Разам з подпісамі ў ЦВК быў перададзены Заключны акт Ініцыятыўнай групы, у якім пацвярджалася, што група працавала «ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, ажыццявіла збор подпісаў у адведзены Законам тэрмін і ў неабходнай колькасці». Таксама паведамлялася, што «Ініцыятыўная група мае подпіс кожнага пакета, у тым ліку звесткі аб колькасці подпісаў на кожным падпісным лісце, і захоўвае гэтыя звесткі ў сябе. Гэтыя дадзеныя могуць быць прадстаўленыя ў Цэнтральную камісію па рэферэндуме Рэспублікі Беларусь для параўнання выніку падліку колькасці подпісаў і складання пратаколаў рознагалоссяў, калі такія ўзнікнуць».

Згадка пра вопіс кожнага пакета невыпадковая — было зразумела, што і пры праверцы подпісаў будуць шукаць якія заўгодна зачэпкі, каб прызнаць як мага большую колькасць несапраўднымі; кіраўнікі Ініцыятыўнай групы не выключалі, што частка пакетаў можа ў працэсе падліку «згубіцца».

Цэнтральная камісія атрымала таксама афіцыйную заяву Уладзіміра Анцулевіча, што ягоны асабісты подпіс на лістах «выкананы факсімільным спосабам», і ўзор гэтага подпісу, а таксама заяву Ініцыятыўнай групы аб парушэннях органамі ўлады правоў чалавека ў справе ціску на грамадзянаў, якія ставілі подпісы. Такіх выпадкаў былі сотні.

У часе прэсавай канферэнцыі пасля перадачы падпісных лістоў члены Ініцыятыўнай групы распавялі пра некаторую статыстыку (48% усіх подпісаў было сабрана ў сталіцы і ў Менскай вобласці, а на другім месцы сярод гарадоў апынулася Горадня — тут за рэферэндум падпісаліся 32 тысячы).

«Якімі будуць дзеянні Вярхоўнага Савету ў дачыненні да рэферэндуму, прадказаць абсалютна немагчыма. Па законе ад іх патрабуецца прызначыць толькі дату рэферэндуму. Але ад гэтага Вярхоўнага Савету можна чакаць чаго заўгодна: яны могуць наогул забараніць рэферэндум... Аднак якімі б ні былі іхнія дзеянні, гэта ўжо не мае асаблівага значэння. Ёсць факт: Ініцыятыўная група выканала ўсе патрабаванні закону і сабрала патрэбную колькасць подпісаў. На тэрыторыі былога Савецкага Саюзу гэта першы выпадак, калі не ўлады ініцыююць рэферэндум, а ён прыйшоў знізу», — яшчэ напярэдадні пракаментаваў сітуацыю газеце «Свабода» Зянон Пазьняк.

Цяпер, паводле закону, ЦВК мела месяц на праверку падпісных лістоў.

Подпісы правярала не толькі ЦВК. Да гэтай працэдуры кіраўніцтва Вярхоўнага Савету і ўраду падышло як да місіі жыццёва важнай — у дапамогу членам ЦВК былі адмабілізаваныя (іншага слова і не падбярэш) дзясяткі супрацоўнікаў апарату Вярхоўнага Савету і Саўміну, якія цягам некалькі тыдняў займаліся выключна і толькі праверкай падпісных лістоў. Да іх, вызваленых ад асноўнай працы, дадаліся і сотні мясцовых чыноўнікаў, якія займаліся праверкай паралельна са сваімі асноўнымі абавязкамі.

Фактычна, месяц чынавенскі апарат краіны правяраў кожны ліст — ці сапраўды грамадзяне, якія там пазначаныя, падпісаліся, ці правільна пазначаны іх адрас і пашпартныя звесткі, ці не падробленыя подпісы, ці сапраўды кожны падпісны ліст быў завераны пячаткай выканкаму.

Праца была егіпецкая.

Пра яе маштаб сведчыць хоць бы тое, што 2 372 лісты былі перададзеныя на почырказнаўчую экспертызу. Гэта значыць, высакакласныя графолагі былі вымушаныя праверыць на адпаведнасць некалькі дзясяткаў тысяч (!) подпісаў.

У гісторыі Беларусі ёсць толькі адзін падобны паводле маштабу прэцэдэнт — калі ў 1985 годзе супрацоўнікі міліцыі праверылі 570 тысяч узораў почырку жыхароў Віцебскай вобласці, каб выявіць аўтара дасланага ў рэдакцыю газеты «Віцебскі рабочы» ліста, у якім падазравалі маньяка-забойцу (падазрэнні апраўдаліся, забойца 36 жанчын быў урэшце знойдзены — гэта быў сумнавядомы Генадзь Міхасевіч).

Пазней старшыня ЦВК паведаміць, што «Цэнтральная камісія праверыла кожны падпісны ліст, а не толькі тыя 2 372 лісты, якія былі перададзеныя на почырказнаўчую экспертызу».

Ішоў восьмы месяц існавання незалежнай дзяржавы, працы было — не разгрэбці, а дзяржаўны апарат правяраў падпісныя лісты, выратоўваў Вярхоўны Савет. Ну і сябе, канешне.

Але ўсе спробы даказаць, што БНФ не здолеў набраць прадугледжаную законам колькасць подпісаў, былі марнымі.

Паводле Абрамовіча, «было выяўлена, што з агульнай колькасці 446 тысячаў 61 подпісу — 51 тысяча 363 подпісы былі прызнаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй як аформленыя з рознымі адступленнямі. Зь яўнымі парушэннямі патрабавання Закону аб рэферэндуме была аформлена колькасць падпісных лістоў і подпісаў, якая складае менш за адзін працэнт ад агульнай колькасці сабраных подпісаў».

Заўважым: гаворка ідзе не пра нейкія падробкі, не пра фальсіфікацыі — а пра парушэнні пры афармленні (пры тым што і сама Ініцыятыўная група забракавала немалую колькасць падпісных лістоў).

І нават пры гэтым афіцыйна прызнаных подпісаў для прызначэння рэферэндуму аказалася больш, чым патрабаваў Закон — 384 тысячы.

www.svaboda.org



Каментаваць