БНФ хоча вярнуцца ў грамадства

Новае кіраўніцтва партыі БНФ плануе замяніць дрэйф у рэчышчы грамадска-палітычных падзей на акрэслены курс.

Пасля змены кіраўніцтва ў партыі БНФ, якую адны назвалі «рэйдэрскім захопам», а другія — лагічнай ратацыяй кадраў, новаабраны старшыня партыі і яго намеснікі паабяцалі журналістам вярнуць БНФ на пазіцыі папулярнасці ў грамадстве.



Новае кіраўніцтва партыі БНФ плануе замяніць дрэйф у рэчышчы грамадска-палітычных падзей на акрэслены курс.

Пасля змены кіраўніцтва ў партыі БНФ, якую адны назвалі «рэйдэрскім захопам», а другія — лагічнай ратацыяй кадраў, новаабраны старшыня партыі і яго намеснікі паабяцалі журналістам вярнуць БНФ на пазіцыі папулярнасці ў грамадстве.

«Абнаўленне ў тым, што мы выходзім з апазіцыйнай рэзервацыі і ідзем у грамадства, — патлумачыў кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч. — Калі ў мяне пытаюцца, ці зменіцца курс партыі пасля майго абрання на старшынства, я адказваю, што апошнія гады БНФ не меў курсу ўвогуле, гэта быў дрэйф у рэчышчы агульных грамадска-палітычных працэсаў. Я разлічваю на тое, што прадстаўнікі старой каманды далучацца да новага курсу. Нельга казаць, што адышло старое пакаленне. Гэта некалькі асобаў, што праўда, вельмі вядомых і знакавых, абвясцілі, што не хочуць падзяляць з цяперашнім кіраўніцтвам адказнасць за тое, што партыя будзе рабіць. Яны нам падаюцца вельмі важнымі фігурамі, і з некаторымі мы ўжо знайшлі паразуменне».

Новае кіраўніцтва партыі абяцае знайсці паразуменне з іншымі палітычнымі суб’ектамі, ідэі якіх блізкія да ідэй БНФ. Выключэнне хіба што зроблена для Партыі камуністаў беларускай на чале з Сяргеем Калякіным — калі меркаваць па папярэдніх заявах, то сяброўства паміж правымі і левымі не атрымаецца. Відаць, у якасці кампенсацыі за такую нядобразычлівасць да камуністаў Янукевіч і кампанія абяцаюць партнёрства з Рухам «За свабоду» — структурай, якая была сапраўдным яблыкам спрэчак і ўнутрыпартыйных чыстак апошнія паўтары гады. «У новага кіраўніцтва няма напругі з кіраўніцтвам Руху «За Свабоду». Адносіны будуць нармальныя. Праблема падвойнага сяброўства надуманая. Мы гатовыя прапанаваць нашым сябрам праграму дзеянняў, за выкананне якой яны возьмуцца з энтузіязмам», — запэўніў Аляксей Янукевіч.

Разам з тым БНФ адмаўляецца ад супрацоўніцтва з цяперашнімі ўладамі. «Мы катэгарычна заяўляем, што адмаўляем магчымасць удзелу партыі БНФ у любой форме дыялогу з цяперашнімі ўладамі да пачатку працэсаў рэальных дэмакратычных зменаў у заканадаўстве і правапрымяненні ў Беларусі, — падкрэсліў намеснік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў. — Таксама не збіраемся супрацоўнічаць з тымі сіламі, што шукаюць падтрымкі ў Расіі і гатовыя паставіць дзеля гэтага пад пагрозу палітычную і эканамічную незалежнасць Беларусі. А таксама з тымі сіламі, праграмныя мэты якіх істотна супярэчаць праграмным мэтам партыі БНФ». У апошнім выпадку зноў праглядаецца недвухсэнсоўны намёк на ПКБ.

Ці не ў першую чаргу новае кіраўніцтва БНФ зоймецца стварэннем нацыянальна-дэмакратычнага блоку, у які прапануецца ўвайсці «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», Руху «За свабоду», КХП БНФ, “Маладому фронту, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадзе. «Гэта не будзе стварэнне прэзідыумаў-палітрадаў, а адзінства, супольны план і каардынацыя дзеянняў, што мусіць паказаць беларускаму грамадству — дэмакратычныя сілы аб’яднаныя, моцныя, маюць агульны, пабудаваны на каштоўнасцях незалежнасці план выхаду з крызісу і далейшага развіцця. Я думаю, што гэта праца можа прывесці да стварэння паспяховага палітычнага блоку, які зможа прыйсці да ўлады», — падзяліўся амбітнымі планамі Ігар Лялькоў.

Што тычыцца ўдзелу БНФ у наступных прэзідэнцкіх выбарах, то старшыня партыі падкрэсліў: галоўным з’яўляюцца ўмовы, на якіх будуць адбывацца выбары. «Калі выбары будуць арганізоўвацца пад поўным кантролем прэзідэнцкай вертыкалі, то мы не бачым сэнсу ўдзельнічаць у працэдуры легітымізацыі Лукашэнкі. Таму бліжэйшыя месяцы будзем дамагацца змяненняў выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення, у прыватнасці, каб была магчымасць для нашых прадстаўнікоў увайсці ў выбарчыя камісіі і ўдзельнічаць у падліку галасоў. Калі гэтага не адбудзецца, пазачарговы з’езд вясной прыме рашэнне не ўдзельнічаць у выбарах», — расказаў Аляксей Янукевіч. Кіраўніцтва партыі не лічыць мэтазгодным вылучаць некалькі кандыдатур з блізкімі платформамі ад розных палітычных сілаў, і мяркуе, што бліжэй да вясны трэба будзе паміж сабой «дамаўляцца» на тэму адзінага кандыдата.

Удзел прадстаўнікоў партыі ў мясцовых выбарах больш верагодны. Разглядаецца варыянт, калі кандыдат праходзіць усю працэдуру ад вылучэння да галасавання, а таксама вылучэнне і сыход з выбарчай дыстанцыі перад галасаваннем. «Я перакананы, што мясцовыя выбары адрозніваюцца ад прэзідэнцкіх. Таму я дапускаю, што Адміністрацыя Лукашэнкі можа быць зацікаўленая ў дэманстрацыі лібералізацыі. Гэтым шанцам мы б змаглі скарыстацца, каб увайсці ў мясцовыя саветы», — лічыць старшыня партыі.

Каментаваць