Братанне старасветчыны і індустрыялу

Што аб’ядноўвае старажытны Полацак і горад з футурыстычнай назвай Электрасталь, Венесуэлу і райцэнтр Беларусі? Народная дыпламатыя. Адна з нямногіх сфер, куды рука сталічнай вертыкалі калі і сягае, то не так далёка, як у справах вызначэння агульнай канцэпцыі развіцця горада. Гарады-пабрацімы — прыгожы антураж для вядзення бізнесу і культурнага абмену.



Што аб’ядноўвае старажытны Полацак і горад з футурыстычнай назвай Электрасталь, Венесуэлу і райцэнтр Беларусі? Народная дыпламатыя. Адна з нямногіх сфер, куды рука сталічнай вертыкалі калі і сягае, то не так далёка, як у справах вызначэння агульнай канцэпцыі развіцця горада. Гарады-пабрацімы — прыгожы антураж для вядзення бізнесу і культурнага абмену.

Сяброўства народаў — дзейсная мантра на прасторах былога СССР. Вышэйшае кіраўніцтва прагаворвае яе, падпісваючы пагадненні наконт паставак танных энергарэсурсаў і культурнага абмену, адміністрацыя гарадоў з гонарам дэманструе спісы з назвамі экзатычных і не вельмі населеных пунктаў свету, якія з’яўляюцца пабрацімамі ці партнёрамі. Дыпламатычныя сувязі зверху перыядычна пашыраюцца на лакальны ўзровень. Напрыклад, Баранавічы — у чаканні падпісання адпаведнага пагаднення з адным з гарадоў Венесуэлы. Дамоўленасць была дасягнутая ў сакавіку гэтага года падчас працоўнай паездкі ў райцэнтр Брэсцкай вобласці першага сакратара пасольства Баліварскай Рэспублікі Херарда Эстрада Марцінеса.

Найбольшымі сувязямі з гарадамі замежных краін могуць пахваліцца сталіца Беларусі, а таксама Магілёў ды Гродна. Такое братанне дае магчымасць не толькі ладзіць культурніцкія абмены, але і прыцягваць працоўную сілу. Паводле афіцыйнай інфармацыі, в’етнамскія рабочыя працавалі на будоўлі цэнтра «Мінск — Арэна» ў межах партнёрства з горадам Хашымін. Партнёрскія сувязі Мінск мае і з в’етнамскім Ханоем. Да слова, у першынстве кірункаў двухбаковых кантактаў і адукацыйныя праграмы. Ці насамрэч прычына хаваецца ў сяброўстве гарадоў, але студэнтаў з Азіі, відавочна, на вуліцах беларускай сталіцы пабольшала цягам апошніх пяці год.

У абласнога цэнтра Гомель сумесныя праекты з французскім Клермон-Феранам скіраваныя крыху ў іншы бок — адукацыя, культура, спорт, спаборніцтвы. Пры падтрымцы французскага боку ў Гомелі быў створаны і дзейнічае Франка-беларускі інстытут, які нядаўна пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры абяцаў раіць як кузню добрых кадраў інвестарам, калі тыя панаедуць асвойваць эканамічныя прасторы сінявокай.

Народная дыпламатыя часам сапраўды садзейнічае побытаваму ўзаемапаразуменню лепш за палітычныя рашэнні зверху. Кіраўніцтва Магілёва можа прадэманстраваць мноства прыкладаў на гэту тэму. Абласны адміністрацыйны цэнтр мае 12 гарадоў-пабрацімаў, з 8-ю гарадамі падпісаныя дамовы аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве, з 7-ю гарадамі рэалізуюцца сумесныя мерапрыемствы ў рамках падпісаных пратаколаў аб намерах. Супрацоўніцтва Магілёва з Управай Сакаліная гара Усходняй адміністрацыйнай акругі Масквы ўключае шэраг праектаў у гандлёва-эканамічнай, культурнай, спартовай, гуманітарнай сферах: і Міжнародны фэст «Магутны Божа», і кантактна-кааперацыйныя біржы — адным мірам братання мазаныя. Да слова, у 2006 годзе ў Маскве быў добраўпарадкаваны адзін з дворыкаў жылога мікрараёна з выкарыстаннем этнаграфічных матываў Беларусі. Масква адказала такім жа праектам у Магілёве.

Гісторыя з гарадамі-пабрацімамі часам падкідвае дзіўныя сюрпрызы. Напрыклад, старажытны Полацк у пабрацімах мае расійскі горад Электрасталь і Вялікі Ноўгарад. Калі ў першым ланцужку сувязяў дысананс выклікае супрацьпастаўленне індустрыялу і старасветчыны, то ў другім — супольная гісторыя, поўная міжусобных войнаў і змаганняў за першынство на геапалітычнай прасторы.

У часы цяперашнія і мірныя (калі не лічыць энергетычных войнаў) наяўнасць падпісаных пагадненняў, натуральна, пашырае мажлівасці супрацоўніцтва паміж гарадамі. Іншая справа, у Беларусі аб тым, з кім сябруе горад, ведаюць далёка не ўсе яго жыхары, а яшчэ менш — аб сумесных праграмах, якія рэалізуюцца ў межах гэтага сяброўства.

«Фішка» з гарадамі-пабрацімамі дакументальна была зацверджана не так даўно: першае пагадненне аб сяброўстве і супрацоўніцтве паміж гарадамі краін-саюзніц па Антыгітлераўскай кааліцыі было падпісана ў 1942 годзе паміж Сталінградам і англійскім Ковентры — абодва амаль цалкам былі разбураныя вайной, іх жыхары на знак маральнай падтрымкі пісалі адзін аднаму пасланні, а пасля яшчэ і абмяняліся абрусам і мячом.

Натуральна, партнёрства гарадоў мае значна больш доўгую гісторыю, але хто першы аформіў патэнт — таму і слава. Цяпер нават дзейнічае Сусветная федэрацыя пародненых гарадоў, яе мэта — умацаванне сувязяў паміж гарадамі розных дзяржаў. Федэрацыя аб’ядноўвае звыш 3 500 гарадоў свету, месціцца ў Парыжы і нават заснавала Сусветны дзень гарадоў-пабрацімаў. І калі жыхару Урупінска надта да спадобы Ніца, то можна напісаць у Федэрацыю, магчыма, яе кіраўніцтва і паспрыяе здзяйсненню мары аб цесным сяброўстве, але дакладна не аб эміграцыі.
 

Каментаваць