Былога фігуранта «справы патрыётаў» пачнуць судзіць 11 студзеня

Суд Ленінскага раёна 11 студзеня ў 10.30 пачне разгляд крымінальнай справы супраць мінскага мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага.

Андрэй Бяляўскі. Фота Радыё Свабода


Былы фігурант справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў абвінавачваецца ў захоўванні аднаго патрона (частка 2 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса: «Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Такім чынам, адзіны патрон, які невядома колькі гадоў пыліўся ў шафе ў якасці сувеніра, можа стаць прычынай доўгатэрміновага зняволення для Андрэя Бяляўскага.

Нагадаем, Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка ў межах так званай «справы патрыётаў» і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках» і арт. 287 Крымінальнага кодэкса —«Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання». Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 287 КК. Пад час ператрусу адразу пасля затрымання у яго быў знойдзены патрон.

12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачанне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295 «Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў» за захоўванне аднаго патрона.

Андрэй Бяляўскі пад час допыту перадаў следчаму, які вядзе справу, хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу, з просьбай прызнаць яго ўчынак з захоўваннем патрона не ўяўляючым грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначным. 5 снежня яму было адмоўлена ў задавальненні хадайніцтва.

Праваабаронцы заяўляюць, што ў выпадку, калі Андрэя Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.

Паводле spring96.org



Каментаваць