Ці выратуе беларускую мадэль НЭП?

Спробы рэфармавання беларускай эканомікі сутыкнуцца з супрацівам прадстаўнікоў «большасці», не здольнай выжыць у рынкавых умовах.

Пачну з анекдота. Асуджанага вядуць на шыбеніцу. Ён цікавіцца ў канвою: «Які сёння дзень?» — «Панядзелак». — «Нішто сабе тыдзень пачынаецца!»

Спробы рэфармавання беларускай эканомікі сутыкнуцца з супрацівам прадстаўнікоў «большасці», не здольнай выжыць у рынкавых умовах.

Пачну з анекдота. Асуджанага вядуць на шыбеніцу. Ён цікавіцца ў канвою: «Які сёння дзень?» — «Панядзелак». — «Нішто сабе тыдзень пачынаецца!»

Пагадзіцеся, актуальны анекдот. 2011 год — першы год чацвёртай пяцігодкі. У снежні незразумела кім абраныя дэпутаты Чацвёртага Усебеларускага народнага сходу (УНС) ухвалілі асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011–2015 гады. Рэкамендую перачытаць заключную частку — не пашкадуеце. Вось толькі адзін з абавязкаў, узятых на сябе ўладай: «Будзе забяспечана стабільнасць курсу беларускага рубля і захаванасць прыватных укладаў».

Абяцаць — не азначае ажаніцца. Мастацтвам раздаваць абяцанні дасканала валодалі камуністы. Свае абяцанні яны таксама афармлялі ў выглядзе пяцігадовых планаў, што не замінала ім планаваць адны паказчыкі, а рабіць справаздачы за іншыя.

Але перанясемся з мінулага ў сучаснасць. Даклад «адзінага палітыка» (АП), зачытаны на снежаньскім «усенародным веча», зразумела, не абышоў увагай тэму жыллёвага будаўніцтва. Цытую: «В будущей пятилетке окончательно решим вопросы доступности и качества жилья. Строительный потенциал страны должен обеспечить введение к 2015 году 42 млн. кв. метров жилья, что в 1,6 раза больше, чем в текущей пятилетке. Запланированное увеличение реальных денежных доходов должно к 2016 году сделать для основной массы населения доступным строительство жилья за счет собственных и заемных средств».

А зараз звернемся да афіцыйнай статыстыкі. У 2010 годзе пры прагнозе ў 6,96 было пабудавана 6,7 мільёна квадратных метраў. План на бягучы — 7,5 мільёна квадратных метраў. У першы дзень лістапада прэм’ер-міністр Мясніковіч даклаў АП, што, нягледзячы на ўсе складанасці на фінансавым рынку, урад свае абавязанні па будаўніцтве жылля выканае ў поўным аб’ёме, і да канца 2011 года будзе ўведзена ў эксплуатацыю… каля 6 мільёнаў квадратных метраў.

Сучасны аналаг ЦК КПСС


Пяройдзем ад прыватнага выпадку да абагульнення. Безадказнасць — адна з базавых характарыстык аўтарытарнай улады. У Савецкім Саюзе безадказнасці КПСС быў нададзены канстытуцыйны статус. Канстытуцыя ўзору 1977 года, якая абвяшчала ў 6-м артыкуле партыю «кіроўнай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый», механізму адказнасці ўладнага манапаліста за права кіраваць і накіроўваць не прадугледжвала.

Цяперашні варыянт беларускай Канстытуцыі прамога аналагу 6-га артыкула не ўтрымлівае, але было б дзіўна, калі б яе распрацоўнікі не скарысталіся савецкім досведам. Безадказнасць спараджае ўжо сам факт канцэнтрацыі ўлады ў руках кіраўніка дзяржавы. Яшчэ адна крыніца безадказнасці — нявызначанасць статусу прэзідэнцкай адміністрацыі. У той час, як ураду ў Канстытуцыі прысвечаны асобны раздзел, адміністрацыя ў асноўным законе згадваецца ўсяго адзін раз. Пра яе вядома толькі тое, што прэзідэнт яе «ўтварае, распускае і рэарганізуе». Аднак такая нявызначанасць не замінае адміністрацыі фактычна мець ролю ЦК КПСС, г. зн. кіраваць і накіроўваць у маштабах краіны.

Але вяршыняй безадказнасці з’яўляецца прыняцце дзяржаўных рашэнняў Усебеларускім народным сходам. Яго ўдзельнікі, што абвясцілі сябе «паўнапраўнымі прадстаўнікамі народа», прысвоілі сабе права ўхваляць асноўныя палажэнні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і даваць даручэнні канстытуцыйным органам улады.

Зразумела, што ў рэальнасці правам ухваляць, а тым больш даручаць «паўнапраўныя прадстаўнікі» не валодаюць. Прыклад з дакладам Мясніковіча — толькі адна з ілюстрацый імітацыйнай прыроды «ўсенародных веча». АП не збянтэжыў той факт, што, паводле яго ўласнай трактоўкі месца і ролі УНС у палітычнай сістэме рэспублікі, ва ўрада няма права адмяняць прынятыя на веча рашэнні.

«Власть должна подчиняться только воле народа», — гэта цытата, запазычаная з дакладу на Першым УНС. Аднак тая лёгкасць, з якой урад і Нацбанк, плануючы паказчыкі на 2012 год, перакрэслілі рашэнні Чацвёртага УНС, не пацвярджае гатоўнасці ўлады падпарадкоўвацца волі народа.

І нахапаліся, і ўлезлі

Яшчэ адна цытата, гэтым разам са Звароту ўдзельнікаў Чацвёртага УНС: «Пад кіраўніцтвам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнкі была створана беларуская мадэль развіцця, якая даказала сваю жыццяздольнасць нават ва ўмовах глабальнага фінансавага крызісу».

На працягу большай часткі 2011 года мы назіралі марныя спробы беларускай мадэлі даказаць сваё права на жыццё. Сутнасць мадэлі, як я ўжо неаднаразова адзначаў раней, палягае ў адміністрацыйнай канцэнтрацыі рэсурсаў з мэтай іх далейшага пераразмеркавання. Як першую, так і другую сваю задачу мадэль здольная выконваць дастаткова эфектыўна, аднак у яе ёсць сур’ёзны дэфект: яна не ў стане генераваць рэсурсы ва ўмовах рынкавай канкурэнцыі.

Да 2007 года галоўнай крыніцай росту рэальных прыбыткаў беларусаў заставаліся расійскія датацыі. Пасля двухразовага падвышэння кошту на газ улада змушана была звярнуцца да знешніх запазычанняў. У выніку валавая знешняя запазычанасць за першы год жыцця ў новых умовах падвоілася: з 6,9 да 12,5 мільярда долараў. Адначасова падвоілася і адмоўнае сальда плацежнага балансу: з –1,4 да –3,0 мільярда долараў.

Да канца першага паўгоддзя бягучага года знешняя запазычанасць склала ўжо 33 мільярды «зялёных». Як тут не ўзгадаць ганарлівай заявы АП на Другім УНС у маі 2001 года: «Мы не разбазарили народное достояние, не нахватались иностранных займов, не влезли в долги, отдавать которые пришлось бы детям и внукам». Сёння мы і нахапаліся, і ўлезлі, прычым улезлі па самыя вушы. У якасці каментара прывяду несмяротны дыялог паміж былым дэпутатам Думы Кісай Вараб’янінавым і Астапам Бэндарам: «Никогда, — принялся вдруг чревовещать Ипполит Матвеевич, — никогда Воробьянинов не протягивал руки. — Так протянете ноги, старый дуралей!»

Улагоджванне патэнцыйных крэдытораў — важны элемент паўсядзённага жыцця вышэйшых беларускіх чыноўнікаў. Грошы неабходныя ўжо не на развіццё, не на падтрымку курсу нацыянальнай валюты, а на рэфінансаванне атрыманых раней крэдытаў. Беларуская мадэль рэсурсаў не генеруе. Яна іх пераразмяркоўвае, але камерцыйны крэдыт — гэта не бязвыплатныя датацыі. Іх неабходна вяртаць, прычым з працэнтамі. Тут ужо не да дзяцей і ўнукаў — як бы ногі не выпрастаць, прычым у рэжыме «тут і зараз».

Пераход на рынкавы механізм курсаўтварэння, адмова ад высокіх тэмпаў росту ВУП у 2012 годзе — гэта адмова ад беларускай мадэлі. Аднак не варта забываць, што ў мадэлі, акрамя эканамічнага, маюцца яшчэ і сацыяльна-палітычныя складнікі.

Хто піша музыку?


Для разумення найбліжэйшых наступстваў інавацый, з якімі сёння выступаюць прадстаўнікі эканамічнага блоку ўрада, нам трэба разабрацца са словам «фетышызм», якое азначае сляпую глыбокую пашану чаго-небудзь. Фетышызм — гэта заўсёды спрашчэнне, гэта наданне таму ці іншаму дзеянню статусу «адзінага», здольнага змяніць аб’ект у адрыве ад іншых з’яў.

Фетышызм шматаблічны. У 2007 годзе мы сталі сведкамі яго інвестыцыйнай разнавіднасці. Адсюль задача па ўваходжанні ў трыццатку краін па якасці бізнэсклімату. З прыцягненнем замежных інвестыцый, аднак, атрымалася прамашка. Пры гадавым заданні ў 6,5 мільярда долараў за студзень-верасень прыцягнуць атрымалася ўсяго толькі 1,1 мільярда. Таму на змену інавацыйнаму фетышызму (прыватнаму выпадку фетышызму эканамічнага) прыйшоў фетышызм арганізацыйны. Міністэрства эканомікі абвясціла адмаўленне ад дырэктыўнага планавання.

Лозунг дня — пераход ад колькасных паказчыкаў да якасных. З гэтага часу прыярытэт будзе адводзіцца рэнтабельнасці продажаў, валавога даданага кошту, прадукцыйнасці працы, суадносін экспарту да аб’ёму вырабленай прадукцыі. Плануецца і рашучая адмова ад перакрыжаванага субсідавання (цэнтралізаванага пераразмеркавання рэсурсаў).

Схільнасць кідацца ў крайнасці — адна з базавых у айчыннай культуры, не здольнай да пошуку сярэдніх рашэнняў праз дыялог. Нескладана ўявіць, да якіх наступстваў прывядзе рашучае адмаўленне ад практыкі пераразмеркавання рэсурсаў: большасць дзяржаўных прадпрыемстваў папросту спыняцца. У адказ працоўныя калектывы пры актыўнай падтрымцы дырэктарскага корпуса пачнуць «стукаць каскамі». Хваля лабісцкіх патрабаванняў накрые краіну, і ўрад будзе змушаны ўвесь час ісці на саступкі. Замест рэформаў мы атрымаем набор «кульгавых рашэнняў», якія не дазваляюць замяніць мінусы размеркавальнай эканомікі плюсамі эканомікі рынкавай. Мінус на плюс, як вядома, дае мінус, і ў перабудову мы мелі магчымасць назіраць справядлівасць гэтай аксіёмы.

Беларуская мадэль паўстала не па капрызе яе непасрэдных стваральнікаў. Музыку, як геніяльна заўважыў Чайкоўскі, піша народ, роля кампазітараў абмяжоўваецца аранжыроўкай. Таму неабходна памятаць, што эканоміка, заснаваная на пераразмеркаванні рэсурсаў, — толькі форма, з дапамогай якой выяўляе сябе архаічнае грамадства, няздольнае да ўзнаўлення ў рынкавых умовах.

На афіцыйнай мове пераразмеркаванне ў нас прынята называць «моцнай сацыяльнай палітыкай». Яна — асноўны фактар стабільнасці ў краіне. Рэйтынг АП — важны элемент стабільнасці. Са снежня па верасень ён зменшыўся з 53 да 20,5% (па дадзеных НІСЭПД). Сам АП з падобнай дынамікай не пага­дзіўся, адначасова ён выказаў вельмі арыгінальны погляд на прыроду ўласнай легітымнасці: «Вранье полное, что у Лукашенко рейтинг падает, что белорусы его не любят. За что не любят? Разве я страну не люблю?»

Вось яно як! Высвятляецца, што для атрымання грамадскай падтрымкі цалкам дастаткова любіць краіну. Стан эканомікі ніякай ролі пры гэтым не адыгрывае. Але ці пагодзіцца з такой трактоўкай «большасць»? Курс на новую эканамічную палітыку, абвешчаны ўрадам, не пакідае ёй шанцаў на выжыванне. Што да «меншасці», то і ў спрыяльныя гады прычын любіць АП у яе не было.
 

Каментаваць