Чаму Беларусі патрэбна рэвалюцыя?

Ва ўсіх без выключэння кандыдатаў на цяперашніх выбарах было нешта агульнае. Усе яны, як заведзеныя, паўтаралі адно і тое ж: "Беларусі не патрэбныя рэвалюцыі! Але я ўсё ж паспрабую выказаць і абгрунтаваць супрацьлеглае меркаванне.



Беларусы баяцца рэвалюцый, як і наогул любых сур'ёзных змен у сваім жыцці. Гэта літаральна прапісана ў менталітэце нацыі. Прынамсі, так паўтараюць нам тыя, хто сам ужо замацаваўся на вяршынях улады і мае самы вялізны ўплыў. Але ўся логіка гістарычнага развіцця паказвае: Беларусі патрэбна свая рэвалюцыя. Інакш — застой і ўжо незваротнае адставанне ад навакольнага свету.

Аднак у нас прынята лічыць, што беларусы ад рэвалюцый заўсёды толькі пакутавалі, а ўраджайнасць бульбы і надоі — зніжаліся. Нас заклінаюць стабільнасцю, пужаюць майданам. І нікога не бянтэжыць, што палова мінскіх вуліц названая імёнамі рэвалюцыянераў... Як паказваюць простыя назіранні, найболей актыўна палохаюць народ рэвалюцыяй высокапастаўленыя дзяржслужбоўцы, лідары Ліберальна-дэмакратычнай партыі ды ОО "Белая Русь".

Чамусьці ў нас прынята лічыць, што рэвалюцыя — гэта абавязкова матросы з вінтоўкамі, якія штурмуюць Зімовы Палац. Ну або дзяўчына топлес са сцягам і вінтоўкай на барыкадах Парыжскай Камуны. І абавязкова — Майдан, вялікі і жудасны, які ўсё бачылі толькі па тэлевізары, але якога — на ўсякі выпадак — баяцца-баяцца-баяцца.

Але давайце ўспомнім гісторыю. Была індустрыяльная рэвалюцыя. Яна дала нам чыгункі і фабрыкі замест саматужна-рамеснай вытворчасці. Была медыцынская рэвалюцыя — дзякуючы ёй сёння воспа і чума больш не выкошваюць цэлыя краіны. Была навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Яна дала нам мікрахвалёўкі, мабільнікі і кампутары. Адмыслоўцы назавуць яшчэ і "зялёную рэвалюцыю" сярэдзіны XX стагоддзя ў аграрнай прамысловасці, пасля якой вытворчасць прадуктаў харчавання вырасла на парадкі. А хтосьці ўспомніць і "культурную рэвалюцыю" у Кітаі. Затое мала хто ведае, што першапачаткова тэрмін revolution ужываўся ў астралогіі і алхіміі. А ў шырэйшы ўжытак тэрмін увайшоў з назову кнігі Мікалая Каперніка "De revolutionibus orbium coelestium" ("Аб кручэннях нябесных сфер", 1543). Якая сама па сабе стала рэвалюцыяй у навуцы.

І вось тут варта, мусіць, разабрацца: чаму адны беларусы рэвалюцый не жадаюць і баяцца, а іншыя — вельмі нават жадаюць, хай і казаць пра гэта ў нашым грамадстве не прынята. Сказаць "Я жадаю рэвалюцыю!" — гэта як прызнацца ў нядаўна вылечаных пранцах. Не смяротна, але ганебна.

Ёсць у рускай мове такая прыказка, не вельмі вядомая, але вельмі дакладная: "Маладыя лейтэнанты вельмі любяць вайну". Сапраўды, усякі лейтэнант спіць і бачыць сябе генералам. Але ў мірны час ён генеральскія пагоны калі і атрымае, то толькі ў ладным веку, у камплекце з гемароем, цырозам печані, дыхавіцай і кепскім характарам. Іншая справа — вайна. На ёй, асабліва ў выпадку "перамогі нашых", хуткая кар'ера талковаму маладому афіцэру забяспечаная. Могуць, вядома, і забіць па ходзе справы — але тут ужо, як гаворыцца, выдаткі прафесіі.

У навуковай сацыялогіі гэта завецца "сацыяльны ліфт". Такім тэрмінам апісваецца сітуацыя ў грамадстве, калі выхадзец з сацыяльных нізаў можа досыць хутка падняцца да вяршыняў улады або кар'еры. У аўтакратычным, застылым, застойным грамадстве сацыяльныя ліфты проста выключаныя. Кіруючая эліта ва ўладзе, у бізнэсе, у іншых сферах занадта моцна трымаецца за свае месцы — і не дае працаваць механізмам, якія забяспечваюць ратацыю ў "вышэйшых сферах". Герантакратыя часоў позняга СССР, дынастыя Кімаў у Паўночнай Карэі, прэзідэнт, які 20 гадоў носіць адзін і той жа “хрустальный сосуд” — гэта ўсе прыклады грамадстваў, у якіх не працуюць "сацыяльныя ліфты".

Падобная ж сітуацыя і ў Еўропе, ЗША і іншых краінах з устойлівым дэмакратычным укладам. Так, тамака той "хто быў нікім" усё-ткі можа "стаць усім", але хутчэй у сілу нейкіх асабліва звышчалавечых высілкаў, або талентаў, або чагосьці яшчэ, не меней звышнатуральнага. І такія выпадкі сапраўды ёсць, і яны не ў меру шырока рэкламуюцца — аднак 99,999% насельніцтва не выходзіць за рамкі сярэдняга для абывацеля ўзроўню. Але нават і тамака адбываюцца свае рэвалюцыі — і лакальныя "сацыяльныя ліфты" уключаюцца ды хутка ўзносяць на вяршыню маладых, разумных і ініцыятыўных. Менавіта так кампутарная рэвалюцыя, распачатая на Захадзе напрыканцы 1980-х, узнесла на вяршыню Біла Гейтса, Стыва Джобса, Сяргея Брына, Марка Цукерберга ды Лары Элісана. Зрэшты, гэта прыватны выпадак, хаця і надзвычай вядомы.

Але вось ва ўсякую эпоху вялікіх зменаў "сацыяльныя ліфты" уключаюцца "на ўсю моц". Калі бы не няўрымслівы Пётр I са сваімі рэформамі, якую бы кар'еру зрабіў сялянскі сын Аляксашка Меньшыкаў? А салдацкая самадайка Марта Скаўронская, пасля вядомая як Кацярына I?

Перабудова і распад СССР наогул сталі велізарным па сваіх маштабах сацыяльным ліфтам, які ўзнёс на вяршыню ўлады ды сацыяльнага ўплыву практычна ўсю цяперашнюю ўладную і культурную эліту, уключаючы дзейснага прэзідэнта Беларусі. Але мінула чвэрць стагоддзя, і мы атрымалі новы застой. Сёння, як і шмат гадоў таму, на зыходзе СССР, вакол чуваць: "Без "лапы" — нікуды, знаёмствы трэба мець", "Ну, каб на міжнародныя адносіны паступіць, гэта трэба тату-міністра мець", "Начальніка ўсё роўна з выканкама прызначаць, а ты будзеш моцна праўду шукаць — звольняць за прафнепрыдатнасць", "Трэба ехаць!".

"Ды тут у нас што круціся, што не круціся, — усё без сэнсу", — засмучаецца таксіст, які вязе мяне на семінар па тэхналогіях аналізу дзяржаўнага бюджэту. А на семінары засмучаецца ўжо яго вядучы: "У Беларусі атрымаць рэальныя дадзеныя па прынятым дзяржбюджэце практычна немагчыма — яны зачыненыя і даступныя вузкаму кругу службоўцаў. Плюс непадкантрольныя нікому пазабюджэтныя і прэзідэнцкія фонды". Зачыненасць вышэйшых эшалонаў улады, боязь нешта сказаць публічна, панічны страх арганізавана выйсці на вуліцу, гутаркі на кухнях, паўшэптам, упэўненасць — "Усё роўна без нас усё вырашаць!". Знаёмыя сімптомы? Памятаю, на пачатку ліпеня мінулага году беларускія ўлады забаранілі правядзенне больш за 100 заяўленых пікетаў у 41 горадзе Беларусі. Пікеты планавалі правесці хрысціяне — супраць алкагалізацыі беларускага грамадства. Ніякай палітыкі. Але забаранілі. Каб чаго не выйшла.

На самай справе рэвалюцыі — гэта абавязковы элемент развіцця ўсякага грамадства. Вядома, можна ім супрацівіцца. Але гістарычная практыка паказвае: чым даўжэй цягнецца супраціў зменам, тым хутчэйшай, радыкальнай і жорсткай атрымліваецца наступная рэвалюцыя. Успомніце, якія пытанні задаваў Людовік XVI. "А навошта нам дэмакратыя?", "А што такое парламент?", "А навошта нам незалежныя газеты?", "Як гэта — усе грамадзяне роўныя?", "Што значыць — пазбавіць дваранства прывілеяў?", "Ой, а дзе гэта мая галава? Толькі што жа была тут, на плячах...".

Так можа, беларусам усё ж мае сэнс правесці сваю рэвалюцыю? Мірную і бяскроўную — як "Рэвалюцыя чырвоных гваздзікоў" у Партугаліі ў 1974-76 гадах. Затое такая рэвалюцыя гарантавана ўключыць "сацыяльныя ліфты", якія цяпер прастойваюць. І мы ўбачым новыя асобы - ва ўладзе, у бізнэсе, у культуры. А то мне тэлевізар ужо 25 гадоў паказвае Ядзвігу Паплаўскую з Аляксандрам Ціхановічам, ды Міхаіла Мясніковіча. У апошняга хоць назовы пасадаў змяняюцца, хай і нячаста…

P.S.: беларуская эклектыка

Вось вельмі сімвалічная фатаграфія, выпадкова зробленая ў адным з куткоў Менска. Вуліца імя Крапоткіна — вядомага рэвалюцыянера-анархіста, стваральніка ідэалогіі анарха-камунізму. У будынку на пярэднім плане — капліца і крама праваслаўнай літаратуры. Культ Хрыста. У будынку на заднім плане — некалькі камерцыйных банкаў. Культ Залатога Цяля. Са ўсім гэтым Крапоткін як раз і змагаўся. А зараз уся гэтая эклектыка ўжываецца ў галовах беларусаў. Сімвалічна.

Каментаваць