Чаму марудзіць беларускі карлік

Патрэба ў інавацыях — адна з базавых. З дапамогай інавацый начальнікі распілоўваюць бюджэт, а падначаленыя мінімізуюць наступствы ініцыятыў, якія паступаюць «зверху».



Спадзяюся, чытачы НЧ яшчэ не забыліся, што ў сваім навагоднім звароце да народа адзіны палітык (АП) прысвоіў трэцяму году пяцігодкі статус пераломнага. На двары жнівень. Белстат сваю працу выконвае спраўна. Самы час падвесці прамежкавыя вынікі. Асабіста мне, напрыклад, вельмі карціць даведацца, што ўжо атрымалася пераламаць, а што будзе пераламана самым найбліжэйшым часам. Думаю, я не адзін такі нецярплівы і цікаўны.

Але тыя, хто мусіць рабіць справаздачы перад народам, чамусьці марудзяць. У мяне дастаткова развітае асацыятыўнае мысленне (здольнасць выкарыстоўваць асацыяцыі, гэта значыць аналогіі з чымсьці), таму слова «марудзяць» тут жа ўваскрэсіла ў памяці фрагмент з несмяротнага рамана Сервантэса «Дон Кіхот».

У частцы II ёсць сцэна, якая ўразіла мяне яшчэ ў дзяцінстве. Герой пад’язджае да карчмы, якую ён з дапамогай уяўлення тут жа афармляе ў замак з чатырма вежамі. Далей цытата: «У некалькіх кроках ад карчмы, ці ўяўнага замка, ён нацягнуў цуглі і спыніўся ў чаканні, што вось-вось паміж зубцоў з’явіцца карлік і, затрубіўшы ў трубу, абвесціць пра прыбыццё рыцара. Але карлік марудзіў».

Так, гэта ўсё!

На прэс-канферэнцыі 8 жніўня намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка ад імя міністэрства і ад сябе асабіста выказаў занепакоенасць з нагоды перавышэння тэмпаў росту імпарту над экспартам у знешнім гандлі таварамі: «У наш час адно з самых складаных пытанняў звязана са знешнім гандлем. Асноўная праблема — не столькі зніжэнне экспарту (75,8% да ўзроўню мінулага года), колькі перавышэнне тэмпаў росту імпарту тавараў над экспартам амаль на 15%».

Для разумення маштабу «асноўнай праблемы» прывяду выказванне непасрэднага начальніка спадара Ярашэнкі міністра эканомікі Мікалая Снапкова: «На пачатак года мы прагназуем дадатную тэндэнцыю росту ВУП. Мы ацэньваем яго ў межах 8–9%. Знешні гандаль таксама будзе развівацца дастаткова дынамічна, нават з улікам высокай базы першага квартала 2012 года. Мы ўпэўненыя, што экспарт будзе павялічвацца, і ў гэтым, і ў наступным годзе сальда будзе дадатным».

Сваім аптымізмам галоўны эканаміст краіны падзяліўся з чытачамі газеты «Рэспубліка» ў снежні. Ужо першы месяц новага года надзеі на «дадатную тэндэнцыю росту ВУП» моцна пахіснуў, а другі паставіў на іх крыж. Здавалася б, чым не нагода, калі не пайсці ў адстаўку, дык хоць бы падняцца па прыступках на аналітычную вежу і затрубіць у трубу, заклікаючы такім чынам абмеркаваць прычыны памылковага прагнозу. Але карлік марудзіць.

Прычына марудлівасці ляжыць на паверхні. Палітычныя сістэмы Расійскай імперыі, Савецкага Саюза і Рэспублікі Беларусь, нягледзячы на істотныя адрозненні па форме, па зместу адрозніваюцца адна ад адной нязначна. У іх аснове — прынцып непадкантрольнасці ўлады грамадству. І тут што цар-бацюхна, што генеральны сакратар, што ўсенародна абраны прэзідэнт — не істотна.

Адкрыем тэкст Паслання–2012. Ён пачынаецца з пераліку сусветных праблем: «Вспыхнул огромный арабский регион», «Евросоюз весь год балансировал на грани финансового краха», «Целое государство — Грецию — выручали всем миром». У Вялікабрытаніі і ў Амерыцы — пагромы.

Пасля такой сумнай карціны даходзіць чарга і да Беларусі: «Эти беды коснулись и нас. Не смогли мы избежать как экономических проблем, так и других проблем, подобных Европе».

Той, хто мяркуе, што затым надышла чарга аналізу прычын рукатворнага крызісу 2011 года з яго трохразовай дэвальвацыяй рубля і трохзнакавай інфляцыяй, памыляецца. Пытанне: «І гэта ўсё?», зададзенае мне адной жанчынай у Нью-Ёрку пры атрыманні букета кветак на 8-е сакавіка, у дадзеным выпадку было б дарэчы. Так, гэта ўсё, бо далей дакладчык упэўнена перайшоў да абвяшчэння спісу чарговых задач.

Краіна паспяховых мафіёзі

Букетам кветак, аднак, мае асацыяцыі не абмежаваліся. Прыёмам, які выкарыстоўваў АП ва ўступнай частцы Паслання–2011, у свой час бліскуча валодаў выбітны адвакат Фёдар Плявака. Прывяду хрэстаматыйны прыклад справы пра бабульку, якая скрала бляшаны імбрык за 50 капеек.

Плявака выслухаў прамову пракурора, у якой падкрэслівалася, што замах на прыватную ўласнасць вядзе да пагібелі краіны, падняўся і сказаў літаральна наступнае: «Шмат бедаў і выпрабаванняў давялося зведаць Расіі больш за тысячагадовае існаванне. Печанегі раздзіралі яе, полаўцы, татары, палякі. Дванаццаць моваў абрынулася на яе, узялі Маскву. Усё вытрывала, усё пераадолела Расія, толькі дужэла і расла ад выпрабаванняў. Але зараз, зараз... бабулька выкрала імбрык коштам у пяцьдзясят капеек. Гэтага Расія ўжо, вядома, не вытрымае, ад гэтага яна загіне беззваротна».

Суд бабульку апраўдаў. Рэгулярна апраўдвае дзейнасць АП і большасць беларусаў. І няма ім ніякай справы да інфляцыі з дэвальвацыяй, калі на фоне сусветнага крызісу перад беларусамі ў чарговы раз адкрываецца галавакружная перспектыва здзейсніць «мощный, стремительный рывок вперед».

Але што я ўсё пра ўладу, ды пра ўладу. Яна ў геаграфічны цэнтр Еўропы не з Месяца звалілася. Прапаную скіраваць свой позірк на грамадства, і дапаможа мне ў гэтым «Сацыялагічны альманах», часопіс Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адкрыем апошні нумар. На старонцы 164 прыведзены рэйтынгі сацыяльнага поспеху (адказы на пытанне: «Хто сёння мае поспех у беларускім грамадстве?»).

74,3% рэспандэнтаў на першае месца паставілі грамадзян, звязаных з крымінальна-мафіёзнымі структурамі. На другім месцы апынуліся тыя, хто «займае высокую пасаду, знаходзіцца ва ўладзе» — 61%. Прадпрымальныя і дзелавыя, адсталі ад топ-чыноўнікаў у два разы, занялі трэцюю пазіцыю — 30,2%.

А хто ў канцы спісу? Цытую: «Толькі 6,7% рэспандэнтаў лічаць, што высокая прафесійная кваліфікацыя і талент могуць забяспечыць індывіду эфектыўнае прасоўванне ўверх па сацыяльнай лесвіцы. Каштоўнасць жа працы наогул займае маргінальнае становішча — толькі 4,7% апытаных пераканана, што працавітасць з’яўляецца неабходнай умовай для сацыяльнага поспеху ў беларускім грамадстве».

Тут жа ідзе спасылка на класікаў сацыялагічнай навукі Адама Сміта і Макса Вэбера, паводле якіх прадпрымальнасць, прафесіяналізм і працавітасць забяспечылі сацыяльна-эканамічны прагрэс заходніх, у першую чаргу англасаксонскіх, грамадстваў.

Такая вось сацыяльная рэальнасць паўстае на 164-й старонцы «Сацыялагічнага альманаха» ў інтэрпрэтацыі Рыбчака С. В.

Дрэйфуем, і досыць хутка

Але гэта далёка не адзіны варыянт сацыяльнай рэальнасці, прадстаўлены на старонках акадэмічнага выдання. У поўнай адпаведнасці з традыцыяй, якая склалася, часопіс адкрывае калонка галоўнага рэдактара Катлярова І. В. Але калі цытаваны вышэй Рыбчак С. В. — проста Рыбчак С. В., дык Катляроў І. В. — доктар сацыялагічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута сацыялогіі.

У поўнай адпаведнасці з месцам у навуковай іерархіі для аналізу Катлярову І. В. даступны прынцыпова іншы ўзровень сацыяльных працэсаў. У прыватнасці, з дырэктарскага крэсла ён здольны разглядзець, як «грамадства мэтанакіравана і досыць хутка дрэйфуе ад эканомікі ведаў да эканомікі інавацый».

Па ходзе гэтага дрэйфу, паводле афіцыйнай статыстыкі, аб’ём спажывання спіртных напояў на адну сярэднестатыстычную душу ў Беларусі за апошнія 17 гадоў падвоіўся, што дазволіла рэспубліцы-партызанцы ў адпаведным рэйтынгу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя заняць 7-е месца. З узроўню ў 8 літраў пачынаецца фізічная дэградацыя нацыі. Летась на кожнага беларуса прыйшлося 15,13 літра.

Як тут не падзяліць аптымізм Катлярова І. В.: «Цалкам верагодна, што, з’яўляючыся адной з найбольш інтэлектуальных краін свету, Беларусь будзе адыгрываць у інфармацыйным працэсе дастаткова важкую ролю. У такой сітуацыі найважнейшым рухальным фактарам прагрэсу паступова становіцца асоба, яе інтэлектуальная, інавацыйная і кіраўнічая дзейнасць».

Са студзеня па жнівень мінулага года прыхільнікі незалежных СМІ ў Беларусі мелі магчымасць на прыкладзе экспарту растваральнікаў-разбаўляльнікаў («кан’юнктурных тавараў» у тэрміналогіі Міністэрствы эканомікі) назіраць, як інтэлектуальная, інавацыйная і кіраўнічая дзейнасць асобных асоб выступіла ў якасці рухальнага фактару эканамічнага прагрэсу. На жаль, прыхільнікі дзяржаўных СМІ, а такіх у нас большасць, падобнай магчымасці былі пазбаўлены.

Але не варта адчайвацца: патрэба ў інавацыях — адна з базавых у беларускіх упраўленцаў і таму невынішчальная, што і пацвердзіў галоўны санітарны ўрач Расіі Генадзь Анішчанка ў апошні дзень ліпеня: «Сёння мы бачым уздоўж беларускай мяжы афшорныя зоны, куды скідаюцца ўсе неліквіды. І раптам яны ператвараюцца ў афшорных зонах у беларускую прадукцыю. Сёння да нас Беларусь завозіць малака больш, чым яна вырабляе».

Крыху статыстыкі. Экспарт беларускага сухога малака ў Расію павялічыўся за студзень-травень у паўтара разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Што да вытворчасці малака, дык яна за першае паўгоддзе скарацілася на 2,4%.

Тут варта звярнуць увагу чытачоў НЧ на прыродную сувязь інавацыйных здольнасцяў упраўленцаў з інавацыйнымі здольнасцямі масавага чалавека. Неаднаразова цытаваны ў «Азбуках паліталогіі» Сіман Кардонскі мае рацыю: «У нас максімальна дынамічнае і інавацыйнае грамадства хаця б таму, што ўсе яго чальцы вымушаны бесперапынна дзейнічаць, памяншаючы — для сябе — наступствы імкнення дзяржавы да мадэрнізацый. Інавацыйныя падатковыя схемы, якія нейтралізуюць мадэрнізацыйныя высілкі дзяржавы, напрыклад, узнікаюць імгненна».

***

Гісторыя з віртуальным карлікам мела свой працяг. Нейкі свінапас, зганяючы свіней, задудзеў у дуду, і даў тым самым магчымасць Дон Кіхоту паверыць у тое, «што чаканае ім здарылася». Пачуць гукі дуды свінапасаў здольныя і нашы шматлікія рыцары ва ўрадзе, і таму іх аптымізм практычна невычэрпны.

Каментаваць