Чаму палёг хлеб?

Усе канспіралагічныя тэорыі грунтуюцца на веры ў неабмежаваную магчымасць маніпуляваць грамадствам. Але верыць у падобныя магчымасці можна і без канспіралогіі.



Артыкулы доктара філасофіі, прафесара Вячаслава Оргіша ў «Савецкай Беларусі» ніколі не пакідалі мяне абыякавым. «Вялікая геапалітычная гульня» (25 чэрвеня) не стала ў гэтым сэнсе выключэннем.

Прызнаюся, я не чакаў, што прафесійны занятак філасофіяй можа спалучацца з захапленнем канспіралагічнымі тэорыямі. У цэнтры артыкула, натуральна, апынуліся ўкраінскія падзеі. На іх прыкладзе прафесар і паспрабаваў паказаць «природу и замыслы тех далеко не шуточных сил, которые кукловодят в сопредельном Беларуси государстве».

Інтэрнэт падказаў мне, што сваю прафесійную дзейнасць будучы доктар філасофіі пачаў у 1977 годзе ў якасці выкладчыка грамадскіх дысцыплін у ВНУ Мінска. У тыя слаўныя гады ўся разнастайнасць гуманітарнай думкі абмяжоўвалася марксізмам-ленінізмам у яго афіцыйнай трактоўцы.

Аднак ні Маркс, ні Ленін канспіралагічнымі тэорыямі не захапляліся. Яны верылі ў аб'ектыўныя законы развіцця грамадства і ў рэвалюцыю ў якасці рухавіка развіцця.

Ленінскае вызначэнне рэвалюцыйнай сітуацыі «нізы не хочуць, а вярхі не могуць жыць па-старому» філосаф прыводзіць у сваім артыкуле. Але творчай натуры цесна ў прывычных рамках: «В современном мире мы сплошь и рядом наблюдаем, как в обществах, отнюдь не дошедших до края социального отчаяния, не созревших до того, что принято считать революционной ситуацией, почему-то вспыхивают революционные эксцессы. На политической сцене вдруг появляются радикально заряженные политические пассионарии, которые проповедуют дух баррикад и от лица народа требуют в корне преобразовать форму общественного правления».

Сучасныя рэвалюцыі, упэўнены філосаф, носяць праектны характар. У рэвалюцыйнага адрэналіну заўсёды можна адшукаць фінансавую крыніцу, «за которой стоят лидеры мировой олигархии».


Маса як мера інерцыі

Мае калегі часта абвінавачваюць мяне ў дэтэрмінізме. Прызнаюся, грэшны. Але мой дэтэрмінізм  грунтуецца не на веры ў жалезную хаду законаў гісторыі, а на разуменні інерцыйнасці сацыяльных сістэм.

Улічваючы азбукавы фармат маіх артыкулаў, прапаную звярнуцца да «Лекцыі па сацыялогіі» Юрыя Лявады (1967).

Фундаментальная асаблівасць грамадства заключаецца ў забеспячэнні пераемнасці (хто ж гэтага не ведае). Якім жа чынам забяспечваецца пераемнасць? З дапамогай перадачы ад пакалення да пакалення ведаў, уменняў, навыкаў, звычак, норм і г.д. Усё пералічанае можна аб'яднаць пад паняццем «культура».

Толькі малая частка таго, што жывёла ўмее і робіць, — прадукт навучання. Наадварот, паводзіны чалавека ў мінімальнай ступені вызначаецца «біялогіяй». Паступова засвойваючы культуру,  у чалавека фармуецца «карціна свету». Яе базавыя сюжэты закладваюцца ў юнацтве. Ні сам чалавек, ні знешнія сілы змяніць ужо сфармаваную карціну свету не ў стане. Асобныя выключэнні толькі пацвярджаюць агульнае правіла.

З устойлівых індывідуальных «карцін свету» і складаецца сацыяльная маса. А маса, як вядома з курсу фізікі, выступае ў якасці меры інерцыі.

А як жа сучасныя СМІ, хіба яны не здольныя на ўласны густ перапісваць сюжэты індывідуальных «карцін свету»? Звернемся да чэрвеньскага апытання НІСЭПД: 51% беларусаў пагадзіўся з тым, што пасля ўцёкаў прэзідэнта Віктара Януковіча да ўлады ва Украіне прыйшлі фашысты. Адкуль такая трактоўка ўкраінскіх падзей, калі не з падачы расійскага тэлебачання?

З гэтым не паспрачаешся. Аднак пра якую змену «карціны свету» ідзе гаворка? Патлумачу на прыкладзе. Колькі сябе памятаю, столькі дзяржаўная прапаганда змагаецца з «зялёным змеем». І які вынік? Здавалася б, чаго прасцей, калі сучасныя СМІ ўсёмагутныя, чаму б ім не сеяць разумнае, добрае, вечнае? Даўно час усім беларусам быць ганарлівымі, працавітымі, не браць і не даваць хабараў, не брыдкасловіць і г.д.

Сярэднявечная царква вымушана была прапаведаваць дзесяць запаведзяў у даінфармацыйную эпоху. Адсюль праблемы. Але што ж тады перашкаджала прызвычаіць «новага савецкага чалавека» кіравацца ў паўсядзённым жыцці маральным кодэксам будаўніка камунізму?

Мне ўжо неаднаразова даводзілася адзначаць, што магчымасці нават самай масіраванай прапаганды не трэба перабольшваць. Яна толькі здольная ўзмацніць тое, што ўжо ёсць у грамадскай свядомасці. Як тут ні прывесці прыклад сацыёлага Льва Гудкова: калі да рассыпаных на лісце паперы жалезных аскепкаў паднесці знізу магніт, то хаатычна размешчаныя кавалкі тут жа выбудуюцца ў лініі. Але магніт толькі структуруе тое, што мелася ў наяўнасці, і не больш за тое.

Прамежкавы вынік

Усе канспіралагічныя тэорыі грунтуюцца на веры ў неабмежаваную магчымасць маніпуляваць грамадствам. Але верыць у падобныя магчымасці можна і без канспіралогіі. Прывяду каментар да падборкі фатаграфій «Універсальны прэзідэнт: чаму навучыўся Аляксандр Лукашэнка за 20 гадоў на сваёй пасадзе», запазычаны на TUT.BY: «Адказны чалавек і ўсё заўсёды і ўсюды ведае, што адбываецца ў краіне і хто чым "дыхае"! Малайчына! Такім і павінен быць ПРЭЗІДЭНТ! Па-гаспадарску падыходзіць да ўсяго і ўнікае ва ўсе! Яго не падманеш! Уся б урадавая каманда такой была б... і жылі б мы прыпяваючы!»

Звернемся да афіцыйнай статыстыкі. Па стане на 1 ліпеня колькасць занятых у беларускай эканоміцы склала 4 471,3 тысячы чалавек; у рэспубліцы дзейнічала 144,2 тысячы юрыдычных асоб і 274,9 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. А цяпер уявіце сабе чалавека, які «ўнікае ва ўсе». Уявілі?

Але колькаснымі параметрамі праблема не абмяжоўваецца. У праблемы ёсць і якасны складнік. Як бы ні ставіліся начальнікі да падначаленых, апошнія не з'яўляюцца шрубкамі, і таму заўсёды і ва ўсім у першую чаргу кіруюцца асабістымі інтарэсамі. Адсюль выснова: ніякія планы, распрацаваныя на верхніх кіраўнічых узроўнях, не могуць быць рэалізаваныя, калі яны супярэчаць інтарэсам выканаўцаў.

Прыклады літаральна валяюцца пад нагамі: «Что ни говори, а хлеб в этом году вырос отменный. Среднюю урожайность зерновых по стране сельчане уже почти вплотную приблизили к 40 центнерам с гектара. До круглой цифры не хватает уже немного. И это ближайшая задача последующих сельскохозяйственных сезонов. Ее поставил Президент во время посещения 1-й минской птицефабрики» («СБ» ад 26 ліпеня).

«Задачы пастаўлены. Мэты вызначаны. За працу, таварышы!» Лепш і не скажаш. Аўтар гэтай крылатай фразы — генеральны сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў. Ён паўтараў яе рэгулярна, наіўна мяркуючы пры гэтым, што кіруе краінай. Чым скончылася такое кіраванне — добра вядома.

У сучаснай Беларусі савецкія метады кіравання не былі падвергнуты крытычнаму аналізу. Вось і даводзіцца кіраўніку дзяржавы раз'язджаць па птушкафабрыкам і ставіць задачы ўсім, хто падвернецца пад руку. Гісторыя канчатковы вынік такому стылю кіраўніцтва пакуль яшчэ не падвяла, але прамежкавы вынік не з'яўляюцца таямніцай. Зноў звернемся да самай саліднай газеце краіны: «За последнее десятилетие на сельское хозяйство в Беларуси потрачено 40 млрд. долларов. А продукции крестьяне произвели и сумели продать лишь на 34 млрд.» («СБ» ад 22 ліпеня).

Не нашто, а чаму

Што перашкаджае ад пастаноўкі мэтаў і задач перайсці да іх практычнай рэалізацыі? Каб знайсці адказ, нам спатрэбіцца зноў адкрыць нумар «СБ» ад 26 ліпеня. Нагадаю, «хлеб в этом году вырос отменный», задачу па яго ўборцы ў сціслыя тэрміны і без страт кіраўнік дзяржавы паставіў своечасова, але... хлеб палёг.

Чаму? Аўтар публікацыі мяркуе, што адказныя за аграрны сектар члены ўрада павінны дасканала разабрацца ў прычынах такой неардынарнай з'явы. «А пока складывается впечатление, что единого мнения на этот счет нет. Кто-то говорит о дождях и сильном ветре. Кто-то о нарушении технологии выращивания. Есть интересная версия о том, что добившись высокой урожайности, селекционеры упустили из виду вопрос крепости стебля. Мол, не держит он тяжелый колос. Значит, надлежит предметно проанализировать структуру сортов семян. Уже в будущем году поля Минского района должны, по требованию Президента, быть засеяны с учетом проведения такой работы. Результат станет ориентиром для всех хозяйств страны».

І так прыватная праблема (хлеб палёг) можа быць выклікана цэлым букетам прычын. Прыведзены прыклад дазваляе нам вярнуцца ў свет азбукавых паліталагічных ісцін. Адзіны закон, дзеянне якога ў гуманітарнай сферы нікому яшчэ не ўдалося паставіць пад сумнеў, — гэта закон ненаўмысных наступстваў.

Нашым продкам ён быў вядомы ў фармулёўцы «Чалавек мяркуе, а Бог здяйсняе».

Аналізу наіўнай веры ў магчымасць удасканальваць свет шляхам давядзення да выканаўца даручэнняў нобелеўскі лаўрэат Фрыдрых Хаек прысвяціў кнігу. Завецца яна «Згубныя саманадзейнасць».

Сцісла выкладу яе асноўную ідэю. Маючы справу з навакольным  матэрыяльным асяроддзем, чалавек сапраўды можам дасягаць пастаўленых мэтаў, але не шляхам асэнсаванага складання наяўных элементаў у пажаданы парадак, а спадзеючыся на працэсы самаарганізацыі. Хаек ілюструе дадзенае сцвярджэнне на прыкладзе вырошчвання крышталю. Чалавек не ў стане складаць крышталі з элементаў, ён можа толькі стварыць умовы для іх самастойнага росту. Падобная працэдура патрабуецца і для таго, каб забяспечыць каардынацыю індывідуальных дзеянняў, якія выходзяць за межы нашага кругагляду.

***

Чарада падзей ва Украіне ад першага выхаду абураных грамадзян на Майдан да баявых дзеянняў у Луганскай і Данецкай абласцях — прыклад працэсаў, што самаарганізуюцца. Адказы на пытанне «Навошта?» (навошта тыя ці іншыя палітыкі здзяйсняюць тыя ці іншыя дзеянні і да т.п.?) мала чым дапамогуць нам у разуменні таго, што адбываецца. Нашмат важней паспрабаваць знайсці адказы на пытанне «Чаму?» (Чаму людзі на Майдане стаялі пад кулямі? Чаму большасць расіян падтрымлівае палітыку Пуціна і да т.п.?).

Каментаваць