Чаму Пуцін заўжды спазняецца?

Расійскі правадыр зноў спазніўся. Ён прымусіў чакаць сябе прэзідэнтаў Беларусі, Украіны, Казахстану, а таксама высокапастаўленых чыноўнікаў Еўрапейскага Саюза. Чаму?



Пуцін мусіў прыляцець у 13.30, але ягоны лайнер прызямліўся ў беларускай сталіцы пасля 14.00. Хоць усе астатнія ўдзельнікі мерыпремства прыбылі ў Беларусь роўненька ў адпаведнасці з запланаваным часам. Спазненні расійскага кіраўніка на розныя важныя сустрэчы сталіся ўжо адметнай рысаю гэтага дзеяча. Што стаіць за такімі спазненнямі? Сваімі думкамі з чытачамі “Новага Часу” падзяліўся палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

— Такія спазненні — гэта фірмавы стыль Пуціна. Такім чынам ён падкрэслівае сваю перавагу над парнёрамі. Гэта хамскі стыль, таму што, як вядома, “дакладнасць — гэта ветлівасць каралёў”. А вось калі, так бы мовіць, паны з хамаў, то такія людзі падкрэсліваюць сваю важнасць такімі, мякка кажучы, некарэктнымі прыёмамі. Гэтая пуцінская манера добра вядомая і ў Расіі, калі па паўдня міністры і іншыя высокія асобы мусяць сядзець у прыёмнай і “ганяць балду”.

На ўсялякіх міжнародных мерапрыемствах гэта здараецца таксама ўжо не першы раз, і гэта лішні раз паказвае, што пуцінскі стыль — гэта стыль выкліку, стыль такога паплёўвання на міжнародныя нормы прыстойнасці з высокае званніцы.

— І колькі міжнародная супольнасць будзе трываць такія хамскія адносіны да сябе з боку крамлёўскага лідара?

— Дыпламатыя — сфера спецыфічная, і дыпламаты, людзі, якія прафесійна працуюць у сферы міжнародных дачыненняў, часам мусяць трымаць на твары ўсмешку, нават калі іншы бок проста плюе ім у твар, таму што ёсць нейкія звышзадачы. І калі ў цэлым казаць пра Расію, то, хоць яе і называюць Верхняй Вольтай з ракетамі, але ж галоўны акцэнт на тым, што ракеты. І менавіта гэтая мілітарысцкая магутнасць Расіі, якая праржавела, але ўсё ж такі захоўваецца, плюс газавая труба — гэта яшчэ адна расійская зброя. Гэтыя два чыннікі прымушаюць заходнікаў лічыцца і прапускаць міма вушэй ці не зважаць на пэўныя прыкметы гэтай пыхі і проста абразлівага да іх стаўлення з боку Пуціна і некаторых іншых расійскіх “шышак”.

Калі паслухаць некаторыя выказванні Лаўрова (міністра замежных справаў Расіі — Г. К.), то гэта таксама проста здзек і такая пазіцыя: маўляў, а што вы нам зробіце, усё роўна будзеце мець з намі справу.

І калі канкрэтна казаць пра цяперашнюю сустрэчу, пра ўкраінскае пытанне, то гэта настолькі балючая сітуація і настолькі Еўропа зацікаўленая ўладгодзіць гэтую сітуацыю, бо вайна ідзе на яе межах, што еўрапейцы зноў мусяць заплюшчваць вочы на такія хамаватыя паводзіны высокіх расійскіх асобаў.

— Але ж у мерапрыемстве бяруць удзел не толькі Парашэнка і заходнікі, але Назарбаеў і Лукашэнка, якія таксама мусілі чакаць Пуціна.

— Гэтыя прэзідэнты — аднаго поля ягады. Не ведаю пра Назарбаева і ягоныя звычкі, але беларускі прэзідэнт, можа, і не спазняецца, але ўсім добра вядомая ягоная манера тыкання, грубаватага, калі не сказаць мацней, стаўлення да людзей са свайго атачэння.

Выяўляюццва тыя ж самыя комплексы, бо і Пуцін, і Лукашэнка — гэта людзі з нізоў, якія выбіліся, у якіх, магчыма, хібы выхавання, агульнае культуры ці проста жаданне самасцвярджацца. І ім, напэўна, здаецца, што менавіта такі стыль самасцвярджэння — гэта крута.

І я думаю, што для значнай часткі электарата гэта сапраўды крута, бо іх асноўны электарат і ў Расіі, і ў Беларусі — гэта простыя людзі, якія, як казаў адзін герой, “академиев не кончали”. І вось такі “пацанскі” стыль, калі “пальцы веерам”, ім імпануе, бо ён ім сацыяльна блізкі. Таму расійскі і беларускі кіраўнікі такімі грубаватымі, вульгарнымі, пыхлівымі паводзінамі, магчыма, нават атрымліваюць дадатковыя балы ў вачах часткі электарату. Маўляў, свае мужыкі. Вось ён там перад заходнікамі не кланяецца, гэта калі казаць пра Пуціна, і нават сама Эштан сядзела і чакала, пакуль прыляціць расійскі цар.

Абмеркаванне:

  • Максим
  • 2014-08-26 20:46:52
Да потому что Путин х.ло! И этим все сказано!
  • Михаил
  • 2014-08-27 00:39:56
Затрыманы час. За тры маны - 1 час. Гэта ён так настойвае на пераходзе з трохмернае прасторы у часовыя каардынаты. Правесьці рашэньне праблемы (№1) не толькі праз расклад на складаючыя прычыну
немагчымасьці..., але і праз працэдуру. Забясьпечыць дэкларыруемы намер працэдурай яго выкананьня.



А што, прыгожа атрымалася, аж самаму спадабаецца! Прыходзе ж у галаву такое, і адкуль яно толькі прыходзе ?(!*)

Каментаваць