Чарнобыль, Фукусіма — што на чарзе?

Аварыя на АЭС Фукусіма-Даічы, якая пачалася 11 сакавіка 2011 года, спаборнічае з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС за званне найвялікшай ядзернай катастрофы. Хаця, здавалася, што пасля ЧАЭС увесь свет павінен быў зразумець небяспеку ядзернай энергетыкі.



Мястэчка-здань Футаба, у якім знаходзяцца рэактары 5 і 6 АЭС Фукусіма-Даічы.


Рукатворная катастрофа

Лабісты атамнай энергіі хацелі б прадставіць аварыю ў прэфектуры Фукусіма як выкліканую прыроднымі чыннікамі, якія чалавек не ў стане кантраляваць. Таксама яны хочуць зрабіць выгляд, быццам такая аварыя магчыма толькі ў Японіі з-за землятрусу і цунамі.

Але аварыя з такім ходам падзей можа адбыцца ў любой мясцовасці і без землятрусу, і без цунамі. Дастаткова, каб былі перарваныя лініі электраперадач і не завяліся аварыйныя генератары. І перарыванне ліній, і выпадкі адмовы аварыйных генератараў перыядычна здараюцца на АЭС па ўсім свеце, і тое, што такая аварыя адбылася ў 2011 годзе, а не ў 2005-м — выпадак.

Як і ў Чарнобылі, прынцыповай прычынай катастрофы былі інстытуцыйныя хібы атамнай індустрыі і рэгулюючых яе органаў. Гэта яны не прызнавалі рэальную рызыку такой аварыі, не здолелі распрацаваць і ўвасобіць у жыццё адпаведную сістэму бяспекі і ставілі за галоўную задачу не абараніць людзей і навакольнае асяроддзе, а развіваць сваю галіну індустрыі і атрымліваць прыбыткі.


Як і ў Чарнобылі, рэактары АЭС Фукусіма-Даічы былі прынцыпова хібнай канструкцыі. Распрацаваныя амерыканскай кампаніяй General Electric рэактары з вадой, што кіпіць, знайшлі прымяненне на ўсіх шасці блоках станцыі Фукусіма-Даічы. Канструкцыя рэактараў неаднаразова ўсур’ёз крытыкавалася нават спецыялістамі з атамнай індустрыі, але гэта не прывяло да іх закрыцця.


Фукусімская катастрофа — тэхнагенная, а не прыродная, як хацелі б прадставіць адвакаты ядзернай энергетыкі.

 

Наступствы катастрофаў

 

Вядома, ёсць аспекты, па якіх сітуацыя ў Японіі лепей за сітуацыю ў Беларусі 25 гадоў таму. Перадусім гэта выклікана жаданнем людзей атрымліваць і распаўсюджваць праўдзівыя звесткі пра сітуацыю і большай адкрытасцю сённяшняй Японіі ў параўнанні з тагачасным СССР.

 

У адрозненне ад 1986 года ў СССР, у 2011-м у Японіі больш-менш своечасова была праведзена ёдная прафілактыка. У пераселеных дзетак з прэфектуры Фукусіма зафіксавана некалькі выпадкаў раку шчытападобнай залозы. Пакуль складана сказаць, наколькі гэта часцей, чым у сярэднім па Японіі. Але пацярпелыя ад аварыі чакаюць усплёску захворванняў. Многія жанчыны зрабілі аборты, але лічба іх не вядомая — гэтая статыстыка не даступная.

 

Эвакуацыя ў Фукусіме была праведзеная запозна. Але ў адрозненне ад земляў, што пацярпелі ад Чарнобыля, адсяленне спазнілася не на тыдні, месяцы і гады, а на некалькі дзён.

 

Паколькі людзі ў Японіі лепей інфармаваныя, дык іх не кідалі, як у Чарнобылі, разграбаць аварыйныя завалы голымі рукамі. Набор быў добраахвотны, таму колькасць ліквідатараў адносна невялікая. Адпаведна, пры меншай колькасці ліквідатараў будзе і меншая колькасць цяжка хворых ахвяр аварыі. Але, як і ў Чарнобылі, ліквідатарам заніжаюць паказальнікі атрыманых доз радыяцыі. І, як у Чарнобылі, выклікаюць сумнеў спробы «адмыць» забруджаныя і адселеныя вёскі. Насцярожвае жаданне японскага ўрада вярнуць туды людзей.

 

І, як у Чарнобылі, за памылкі ядзернай індустрыі расплачваюцца перадусім звычайныя людзі. У дакладзе «Грынпіс», падрыхтаваным да другой гадавіны катастрофы, аўтары даводзяць: «крайнімі» сталі перасяленцы, якія атрымліваюць занадта малыя кампенсацыі, што і блізка не параўноўваюцца з коштам страчанага жылля, зямлі (многія перасяленцы — сяляне) ды іншай маёмасці. І падаткаплатнікі, бо асноўная частка кампенсацый і коштаў ліквідацыі наступстваў аварыі сплочваецца не са сродкаў кампаніі TEPCO, а з японскага бюджэту.

 

Ці зробленыя высновы?

 

У Італіі ў 2011, а ў Літве ў 2012 годзе на рэферэндумах адмовіліся ад планаў будаўніцтва АЭС. У Германіі было адразу зачынена 8 АЭС і скараціліся тэрміны эксплуатацыі астатніх. Швейцарскія ўлады агучылі намеры паступова адмовіцца ад ядзернай энергетыкі. Французскі прэзідэнт Франсуа Аланд узяў курс на паступовае закрыццё АЭС.

 

У самой Японіі былі спыненыя ўсе 54 рэактары на АЭС для прывядзення ўзроўню бяспекі ў адпаведнасць новымі стандартамі, што распрацоўваюцца. 4 аварыйныя рэактары АЭС Фукусіма-Даічы афіцыйна выведзеныя з эксплуатацыі. З астатніх 50 у бягучы момант працуюць толькі 2. Планы вярнуць рэактары да эксплуатацыі сустракаюць моцны супраціў японскага народа.

 

А ў Астравецкім раёне поўнай хадой ідзе будаўніцтва першай беларускай АЭС.

 

Старшыня дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы звяртае ўвагу на тое, што, як і ў СССР, сённяшнія беларускія ўлады не пыталіся ў насельніцтва, ці згоднае яно з планамі будаўніцтва АЭС. Таксама эксперта непакоіць скарачэнне праектных тэрмінаў будаўніцтва станцыі. Прынцып «чым хутчэй, тым лепш» у атамнай энергетыцы абсалютна не дапушчальны. Некалі Чарнобыльскую АЭС таксама здалі на 2 гады раней тэрміну. Шмат пытанняў застаецца і да выбару пляцоўкі для будаўніцтва. Таксама Генадзь Грушавы перакананы, што існуюць і іншыя прычыны, з-за якіх трэба адмовіцца ад планаў будаўніцтва атамнай станцыі. Найперш гэта яшчэ большая энергетычная залежнасць ад Расіі, якая будзе пастаўляць на Астравецкую АЭС ядзернае паліва. Як заўважае эксперт, праектанты АЭС падкрэсліваюць тое, колькі сродкаў дазволіць ашчаджаць будучая станцыя на «дармовай» атамнай энергіі. І пры гэтым маўчаць наконт таго, што эканамічная выгада ад станцыі нівелюецца тымі пазыкамі, якія давядзецца ўзяць Беларусі на будаўніцтва ўласнай АЭС.

Каментаваць