Хутка скончыцца халява

Мірныя перамовы ў Мінску па Украіне дасягнулі пэўнага выніку. Але, як кажуць, «дзякуй» у кішэню не пакладзеш».Трэба думаць, што яшчэ мы можам выцягнуць з іміджу «міратворцы».



Напрыканцы мінулага тыдня трохбаковая кантактная група (Украіна–АБСЕ–сепаратысты) у Мінску ўзгадніла чарговы мемарандум з 9 пунктаў, які закліканы спыніць вайну паміж Украінай і Расіяй.

Пасля завяршэння перамоваў экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма паведаміў пра гэтыя пункты. Асноўныя з іх — спыненне прымянення зброі; спыненне падраздзяленняў і воінскіх фармаванняў бакоў на лініі сутыкнення па стане на 19 верасня; забарона на прымяненне ўсіх відаў зброі і наступленняў; разгортванне ў зоне спынення прымянення зброі маніторынгавай місіі АБСЕ. А галоўны пункт — вывад усіх замежных наймітаў (чытай — расійскіх войскаў) з зоны канфлікту як з аднаго, так і з другога боку.

Як ні дзіўна, выконваць гэтыя пагадненні пачала Расія. У NАТO заўважылі адыход з Украіны значнай часткі рэгулярных расійскіх войскаў. «Гэта вельмі добра, за выключэннем таго, што дадому расійскія войскі не вярнуліся. Гэтыя ваенныя сілы засталіся непадалёк ад мяжы, і пры жаданні зноў могуць быць задзейнічаны на тэрыторыі Украіны», — заявіў галоўнакамандуючы сіламі NАТO ў Еўропе, генерал арміі ЗША Філіп Брыдлаў.

Таксама ранавата казаць пра спыненне агню: сепаратысты працягваюць абстрэл украінскіх войскаў з «Градаў» ды іншых цяжкіх артылерыйскіх установак. Заўважана, што расійскіх вайскоўцаў у Данбасе масава пераапранаюць у «апалчэнцаў». Але ж фармальна Еўропа і ЗША далі Расіі час да лістападаўскага саміту G20, каб урэгуляваць сітуацыю на Данбасе. Так што час у Расіі ёсць.

Што атрымаў з «міратворчай ініцыятывы» Мінск? Найперш, нам удалося на фоне расійска-ўкраінскага канфлікту не пасварыцца: ані з Захадам, ані з Расіяй, ані з Украінай. Гэта ўжо вялікае дасягненне. Афіцыйныя ўлады не рабілі рэзкіх заяваў і не лезлі ў канфлікт з рэзкімі заявамі (не выключаю, што часам гэтага вельмі хацелася). У выніку сталіца «сінявокай» стала выдатнай пляцоўкай для перамоваў, у чарговы раз падкрэсліўшы грунтоўнасць сваёй «стабільнасці».

Беларусь атрымала шмат іміджавых дывідэнтаў. У працэсе замірэння Украіны і Расіі «крыштальны сасуд» наведала багата розных уплывовых дэлегацыяў. Акрамя знакамітага «зорнага» «мінскага саміту» тут прызямляліся дэлегацыя ЗША на ўзроўні намеснікаў памочнікаў міністраў і дзяржсакратара, прайшоў візіт упаўнаважанай па справах прэсы Дуні Міятавіч, і гэтак далей. Не спалі ў шапку і беларусы — кіраўнік МЗС Уладзімір Макей наведаў Польшчу, а ў Нью-Ёрку адкрыўся Беларускі інвестыцыйны форум. Падчас гэтага мерапрыемства было агучана, што Беларусь можа пагадзіцца на павелічэнне супрацоўнікаў амерыканскага пасольства ў Мінску.

Нават старшыня ААН Пан Гі Мун падзякаваў Беларусі і асабіста Аляксандру Лукашэнку за ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне. «Адзначаю разумную палітыку кіраўніка Беларусі ў адносінах да сітуацыі ва Украіне. Спыненне агню адбылося дзякуючы дамове, падпісанай у Мінску», — сказаў генсек ААН, сустрэўшыся ў Нью-Ёрку з Мясніковічам.

Карацей, без асаблівых высілкаў, толькі цярпеннем і ўпартасцю ва «ўкраінскім пытанні» афіцыйны Мінск, без шкоды для пачуцця ўласнай значнасці (кшталту вызвалення палітвязняў) здолеў ператварыць «апошнюю дыктатуру Еўропы» ў «важнага і надзейнага міратворца». Тое, што за вялікія грошы не здолеў зрабіць лорд Бэл, абсалютна бясплатна зрабілі Пуцін, Майдан і Парашэнка.

Але, як кажуць, «дзякуй» у кішэню не пакладзеш». Зараз варта думаць пра тое, як гэтыя іміджавыя перамогі перавесці ў практычную плоскасць — у плоскасць атрымання грошай.

Беларусь спрабуе скарыстацца расійскім эмбарга, перапрацоўваючы «санкцыйныя» прадукты ў беларускія, і гонячы іх у Расію. А тое і проста займаючыся кантрабандай еўрапейскай прадукцыі ў расійскія гандлёвыя сеткі пад выглядам беларускай. Як паведаміў нядаўна Рассельгаснагляд, з моманту ўвядзення Расіяй эмбарга, на кантрольных пастах спынена больш за 80 спробаў незаконнага ўвозу расліннай прадукцыі Еўрасаюза з тэрыторыі Беларусі.

Пра аб’ёмы ўзаемавыгаднага гандлю можна казаць і па тым, што беларускія ўлады дазволілі імпартаваць еўрапейскае малако для перапрацоўкі аж 13 малаказаводам. Імпарт жа нарвежскага ласося ў Беларусь з увядзеннем эмбарга ўзрос у чатыры разы! Зразумела ж, беларусы столькі рыбы не ядуць.

Але хутка гэты «харчовы Кландайк», як назвалі яго нашы чыноўнікі, можа скончыцца, менавіта дзякуючы «мінскім дамоўленасцям». Як паведаміла прэс-сакратарка кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан Мая Качыянчыч, 30 верасня ЕС мае намер перагледзець санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, у тым ліку і ў бок паслаблення. Да 30 верасня Еўрапейская служба знешніх дзеянняў павінна прадставіць «комплексны агляд стану выканання мінскага мірнага плану, у прыватнасці рэжыму спынення агню», і ў той жа дзень, пры станоўчым выніку, часткова адмяніць альбо паслабіць санкцыі супраць Расіі.

Масква праз месяц пасля ўвядзення эмбарга таксама дапетрыла, што церпяць ад яго, пераважна, самі расійцы. Але адмовіцца ад яго «ў аднабаковым парадку» — гонар не дазваляе. Таму, пры змякчэнні санкцыяў, Расія можа і адмяніць абмежавальныя захады супраць еўрапейскіх прадуктаў. Ці, калі не адмяніць, то таксама іх «змякчыць».

Так што праз тыдзень халява можа скончыцца. І трэба будзе думаць, што яшчэ мы можам выцягнуць з іміджу «міратворцы».

Каментаваць