Чаму сышоў Навумаў

Самай гучнай падзеяй апошніх дзён стала адстаўка міністра ўнутраных спраў Беларусі Уладзіміра Навумава. З афіцыйнай фармулёўкай — «па стане здароўя». Пакінуў адну з самых высокіх і адказных пасад у дзяржаве апошні старажыл — Уладзімір Навумаў ачольваў МУС амаль дзевяць год.



Самай гучнай падзеяй апошніх дзён стала адстаўка міністра ўнутраных спраў Беларусі Уладзіміра Навумава. З афіцыйнай фармулёўкай — «па стане здароўя». Пакінуў адну з самых высокіх і адказных пасад у дзяржаве апошні старажыл — Уладзімір Навумаў ачольваў МУС амаль дзевяць год. Генерал быў апошняй публічнай і значнай дзяржаўнай асобай, якая знаходзілася ў «чорным спісе» аб’яднанай Еўропы з прычыны верагоднай прыналежнасці да знікненняў вядомых апанентаў дзеючай улады, у тым ліку і былога міністра ўнутраных спраў генерала Юрыя Захаранкі.

Яшчэ за некалькі дзён да адстаўкі, на прэс-канферэнцыі міністр выглядаў бадзёрым і здаровым, таму звязаную са станам здароўя версію мала хто ўспрыняў усур’ёз. Праўда, 7 красавіка, падчас паездкі па Гомельскай вобласці, кіраўнік дзяржавы заявіў, што Навумаў сышоў, бо «вельмі стаміўся». Сам жа міліцэйскі генерал паабяцаў назваць сапраўдныя прычыны сваёй адстаўкі «як-небудзь потым».

Не паверыў у фармулёўку «па стане здароўя» і палітолаг Аляксандр Класкоўскі. «Усе памятаюць, што міністр Навумаў праславіўся пешымі вандроўкамі вакол Нарачы, якія якраз былі закліканы прадэманстраваць яго жалезныя фізічныя кандыцыі. Пры аналізе гэтай сітуацыі на першы план выходзяць тыя аргументы, што ў кіраўніцтва краіны было больш чым дастаткова прычын для незадаволенасці міністрам унутраных спраў. Гэта і леташняя гісторыя з выбухам на Дзень Незалежнасці, пасля чаго пачалася павальная дактыласкапія, і ўвогуле ведамства прадэманстравала цэлы букет сімптомаў, якія сведчаць пра поўную бездапаможнасць у расследаванні гэтай справы. Ды і калі ўзгадаць апошні час, то і гэта нашумелая гісторыя з самасудам над падпальнікам у палескай вёсцы. Адразу ўзнікае пытанне: а куды глядзела міліцыя, калі злачынца некалькі год трымаў у жаху цэлую вёску? Напрошваецца выснова, што сілавыя структуры, «заточаныя» сёння пад падаўленне іншадумства, не выконваюць сваю асноўную місію — абараняць грамадзян ад злачыннасці», — падкрэсліў эксперт.

Яшчэ «ў заслугі» беларускага МУС можна ўпісаць і такое ноу-хау, як «жывы шчыт», калі супрацоўнікі ДАІ літаральна падставілі машыны некалькіх мірных грамадзян, забараніўшы ім пакідаць свае аўто, пад аўтамабіль неадэкватнага рэцыдывіста Рамана Менцюка. У выніку пацярпелі ні ў чым не вінаватыя людзі, у тым ліку і малое дзіця. Тая гісторыя прагрымела на ўсю постсавецкую прастору.

Многія таксама памятаюць непасрэдны ўдзел Навумава ў разгонах мірных акцый апазіцыі, асабліва леташняй 25 сакавіка ў беларускай сталіцы, калі генерал (а гэта зафіксавалі многія фота -, відэа- і тэлекамеры) асабіста штурхаў у спіны «неаб’езджаных» на падобных мерапрыемствах спецназаўцаў з рэгіёнаў, каб тыя «хутчэй» разабраліся з баламутамі-маладафронтаўцамі на праспекце Незалежнасці. Менавіта пры міністры Навумаве колькасць затрыманых падчас вулічных акцый апазіцыі пачала складаць сотні ў год (праўда, апошнім часам гэтыя лічбы зменшыліся).

Магчымай прычынай сыходу Навумава Аляксандр Класкоўскі называе і барацьбу груповак у атачэнні кіраўніка дзяржавы, што супала з зацікаўленасцю афіцыйнага кіраўніка наладзіць стасункі з Еўропай. Навумаў быў апошнім з тых персаналій, якія фігуравалі ў вядомым дакладзе пра гучныя знікненні. Раней ужо былі адсунутыя ў цень Сівакоў, Шэйман, Паўлічэнка, зараз невядома, якую пасаду падбяруць Навумаву, але ён таксама, хутчэй за ўсё, застанецца ў ценю. Па меркаванню Класкоўскага, сёння, калі жыццёва неабходным робіцца калідор у Еўропу, такая адстаўка на руку Лукашэнку, таму што прыглушае нязручныя пытанні.

Былы міністр працы Беларусі Аляксандр Сасноў мяркуе, што Навумаў сам адчуў, што яму прыйшоў час пакінуць пасаду кіраўніка МУС. «Усіх грошай не заробіш. Ён зразумеў, што з той пасады, на якой ён знаходзіўся, ужо трэба ўцякаць. Я не думаю, што гэта «происки» нейкіх Віктараў ці яшчэ кагосьці, гэта проста спроба сысці ў цень, каб ніхто яго не бачыў, не ведаў, і паціху дажываць», — лічыць Аляксандр Сасноў.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін назваў эпоху Навумава «яжоўшчынай». А што да асобы былога міністра, то тут прафесар параіў уважліва пасачыць за тым, якія той даваў інтэрв’ю. «Калі ў чалавека спыталі, што ён чытае, і ён адказаў, што асіліў «Рабінзона Круза» і прыступіў да «Тарзана», гэта сведчыць пра ўзровень яго духоўнага развіцця, — кажа экс-рэктар Белдзяржуніверсітэта Аляксандр Казулін. — Калі ў яго запыталіся, якія ў яго любімыя святы, ён адказаў, што ў яго ўвогуле няма любімых святаў. Калі спыталі пра Новы год, ён адказаў, што прыходзіць дадому і кладзецца спаць. А як жа сям’я? Яго гэта не хвалюе. А як жа каханне? Ён сказаў, што пра гэта паняцце не задумваўся. Гэта вельмі дакладна характарызуе, які ён на самай справе і якія людзі амаль дзевяць гадоў узначальвалі адну з самых важных сістэм па абароне грамадзян. А сёння гэтая сістэма стала самай карумпіраванай».

Што да магчымай будучыні адстаўнога міністра, то тут варыянтаў не шмат. Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі нагадвае, што Уладзімір Навумаў пакуль застаецца старшынёй Беларускай федэрацыі хакея. «Але хацеў бы заўважыць, што, калі кажуць пра магчымую дыпламатычную кар’еру Навумава, то яна можа быць звязана выключна з постсавецкай прасторай», — мяркуе эксперт. А Аляксандр Сасноў упэўнены, што Уладзімір Навумаў не пойдзе на якую-небудзь публічную і значную пасаду.

Да сённяшняга дня я не чуў ад кагосьці шкадавання па факту адстаўкі генерала Навумава з пасады галоўнага міліцыянта краіны. Прынамсі, ад апазіцыі добрых словаў на свой адрас экс-міністр, хутчэй за ўсё, не дачакаецца. Зараз цікава, хто стала зойме яго месца (асоб з пазнакай «в.а.» пакінем па-за ўвагаю). Галоўнае, каб горш не стала, бо калісьці грамадства, у тым ліку і журналісцкая супольнасць, меркавала, што ўжо горш, чым пры Кебічы, для дэмакратыі быць не можа.
 

Каментаваць