Чычыкавы ў выбарчых камісіях

«- Как, на мертвые души купчую?
А, нет! - сказал Чичиков. - Мы напишем, что они живы…» (М.Гогаль, «Мёртвыя душы», т.1, гл.2)


Чым выбары дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў у Беларусі 25 красавіка 2010 годзе нагадвалі пра асноўны сюжэт знакамітай гогалеўскай паэмы? Толькі факты.



«- Как, на мертвые души купчую?
А, нет! - сказал Чичиков. - Мы напишем, что они живы…» (М.Гогаль, «Мёртвыя душы», т.1, гл.2)


Чым выбары дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутатаў у Беларусі 25 красавіка 2010 годзе нагадвалі пра асноўны сюжэт знакамітай гогалеўскай паэмы? Толькі факты.


Участак 73 Мірашнічэнкаўскай выбарчай акругі па г. Мінску месціўся ў школе на вул. Усходняй, 68, прымыкаючы і абслугоўваючы частку раёна Сельгаспасёлка, сектар прыватнай забудовы паваеннага часу. Старэнькія дамы першапачатковай хвалі засялення перамяжаюцца з новымі катэджамі. У старэнькіх – і людзі пераважна састарэлыя, а над усімі навісае няпэўная перспектыва зносу пад новабудоўлі…

У акрузе на выбарах канкуруюць: Вінцук Вячорка ад БНФ, Уладзімір Галабурда, бізнесовец з рэкордным даходам за мінулы год у 870 мільёнаў беларускіх рублёў і дзейсны дэпутат Мінгарсавета, бізнесовец і прадстаўнік ЛДПБ Эдуард Кузняцоў. Здагадайцеся, хто ў гэтай тройцы г.зв. “праўладны кандыдат?

Але не будзем забягаць наперад, акруга як акруга, 1162 выбарцы. Праўда, нейкія вельмі актыўныя, асабліва ва ўмовах адсутнасці назіральніка на папярэднім галасаванні. Бо калі ў абсалютна аналагічным па дэмаграфічнай сітуацыі ўчастку 75 пры наяўнасці штодзённага кантролю з боку члена камісіі ад БНФ Ады Чалей да асноўнага дня выбараў прагаласавала 40 чалавек, то тут – 208. Тут – камісія з прадстаўнікоў “Зеленстроя і УП “Рэмаўтадора Савецкага раёна на чале з Мікалаем Чэрнікам, дырэктарам гэтага самага “Рэмаўтадора , і тры назіральнікі ад гэтай жа арганізацыі.

Толькі ў асноўны дзень да іх далучыліся прадстаўнікі Вячоркі – ваш адданы карэспандэнт Аляксей Хадыка і Антон Койпіш. І са здзіўленнем даведаліся, што ў спіс галасавання дома ў вынасную ўрну запісалася ажно 140 чалавек! Ці мусіла запісацца – так, па артыкуле 54 Выбарчага Кодэксу, для ўключэння ў гэты спецыяльны спіс трэба падаць пісьмовую або зрабіць вусную заяву…

Давялося выправіцца на ўчастак з адной з вынасных скрынь – камісія падрыхтавала іх дзве, а Антон Койпіш застаўся пільнаваць парадак на ўчастку. Лоўкасць рук старшыні – і з вынасной скрыняй, якая знаходзілася пад маім кантролем, адпраўляецца спіс заявак на 39 асоб. Трэба меркаваць, другая скрыня павінна была абслужыць цэлую сотню? Гэта даволі дзіўна, бо яе выпраўляюць на 10 хвілін пазней нашай, і вяртаецца яна на 20 хвілін раней. Суадносіны па часе – у нас 4, 5 гадзіны, у іх – 4.

І тут пачынаецца самае вясёлае. У нашым спісе мы знаходзім 4 памерлых – ад 2 да 5 гадоў таму. Як яны “заявіліся ў спісе? За ўвесь час бесперапыннага хаджэння ў нас галасуе 27 чалавек – па 10 хвілін на асобу: зайсці ў дом, прачытаць звесткі пра кандыдатаў, даць прагаласаваць – хутчэй не атрымліваецца.

Адгадайце, колькі чалавек прагаласавала ў “непадкантрольную скрыню за карацейшы на паўгадзіны час пры наяўнасці ў членаў камісіі, якія яе транспартыравалі, спісу на 100 заяўнікаў? 24? Не. Усе 100? Таксама -- не. Іх прагаласавала… 145! Падобна, перамяшчэнне той скрыні па вуліцах сельгаспасёлка выклікала ўсеагульны ажыятаж і масавае галасаванне на хаду. Ёсць новая форма народнага волевыяўлення. Стататыстыка падказвае, што сярод іх павінна было набрацца паўтара дзясятка … памерлых!

Балаган ёсць балаган. Ці варта казаць, што старшыня камісіі наадрэз адмовіўся падпарадкавацца закону і палічыць бюлетэні папярэдняга --“вынаснога -- і галасавання на ўчастку ў дзень выбараў (227 галасоў) паасобна? Бо тады было б зразумелым, што Галабурда, як і трэці кандыдат Кузняцоў, “пралятае. Як на ўчастку №74, дзе падлік галасоў за 25 сакавіка даў Вячорку 112, а Галабурдзе – 79 галасоў, а трэцяму ўдзельніку – таго меней. З нахабным закідам у адну са скрынь для галасавання на даму 120-130 бюлетэняў, з не меншым за гэтую лічбу дадаткам у скрыню папярэдняга галасавання, Галабурда атрымаў на ўчастку №73 -- 291 голас, Вячорка – 134, Кузняцоў – 99.

Уражанне, якое мяне не пакідала: мёртвыя душы ўліліся ў першую лічбу. Колькі, цікава, іх было, апрача проста фальшывых галасоў? Агулам жа, калі верыць камісіі, на ўчастку акругі прагаласавала  607 з 1162 выбарцаў. Або 52,2%. Не, амаль 80%, як па краіне, але ўсё роўна лічба нагадвала пра словы шматгадовай арганізатаркі “чыстых і празрыстых выбараў Лідзіі Ярмошынай, сказаных 26 красавіка: “Расці і расці яшчэ да нас еўрапейскаму электарату…
Сапраўды, памерлыя там галасаваць не ходзяць. Але, калі кіравацца здаровым сэнсам, які патрабуе лічыць, што выбарчая актыўнасць у тым самым раёне не можа розніцца прынцыпова, атрымаецца іншая карціна. Хай сабе максімум – 50 (без дамаляваных 158) галасоў папярэдне. Хай сабе яшчэ 50 у двух вынасных скрынях, калі нават не звяртаць увагі, што колькасць сапраўдных заявак на вынасное галасаванне імкнулася да 0. Плюс 227 сапраўдных выбарцаў 25 красавіка на ўчастку. Агулам атрымаем 327. Або 28,1%, ці трошкі болей, калі паклапаціцца адкінуць са спіса памерлых.

А як сапраўды прагаласавалі жывыя, ведаюць толькі Чычыкавы з выбарчай камісіі – старшыня, сакратар, ды пара-тройка бліжэйшых памагатых. Але не скажуць нам нічога – бо Крымінальны кодэкс заплюшчвае ім вусны. А сумлення і гонару ад пачатку не было.

Каментаваць