Хто расколвае беларускае грамадства?

Выбары ў Беларусі дазваляюць аддзяляць авечак ад казлоў, г.зн. нягоднікаў, якія імкнуцца прыбраць да сваіх рук маладую беларускую дзяржаву, ад лаяльнай часткі насельніцтва.



Як адрозніць простую сістэму ад складанай? Вельмі лёгка. Штурхніце этажэрку, і яна паваліцца. Паваліцца ўся, цалкам. Простая сістэма рэагуе на знешнія і ўнутраныя ўздзеянні як адзінае цэлае. Складаная ж сістэма здольная рэагаваць на ўздзеянні асобнай сваёй часткай. Таму рух ад простага да складанага з’яўляецца найважнейшай умовай павышэння стабільнасці сацыяльных сістэм.

 

Уладная «вертыкаль» — аналаг этажэркі. У XX стагоддзі яна падала двойчы. Падала на галовы сваіх аўтарытарных прыхільнікаў, аднак двойчы вярталася ў ранейшае становішча.

 

Складанасць спараджае праблему выбару. А ў аўтарытарнай асобы неабходнасць выбару фармуе стан дыскамфорту. Як тут ні прыгадаць тлумачэнне свайго ўчынку (даў у морду нягодніку) героя Анатоля Папанава ў фільме «Беларускі вакзал»: «Я раптам адчуў сябе як на фронце. Усё ясна: вось вораг, побач свае, і наша справа справядлівая».

 

Многія беларусы мараць жыць ва ўмовах такай прастаты. Але марыць, як кажуць, не шкодна.

 

 

Трывожнае адчуванне нестабільнасці

 

Уладная «вертыкаль» паводзіць сябе як Ванька-ўстанька. Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца. Аўтарытарныя грамадзяне, якія складаюць «большасць», — груз унутры пацешнай цацкі. Яны паніжаюць цэнтр цяжару сістэмы.

 

Перыядычнае абвальванне ўладнай «вертыкалі» стварае ўмовы для... развіцця. Гэта не парадокс: без хаосу Перабудовы мільёны беларусаў сёння б не мелі магчымасці раз’язджаць на ўласных аўтамабілях. Кажучы навукова, нам даводзіцца жыць у сістэме, у якой рэалізуецца трохтактны алгарытм: распад зыходнай структуры — яе рэкамбінацыя з засваеннем новых элементаў (гэта ключавы момант) — стабілізацыя новай структуры.

 

Няўстойлівасць уладнай «вертыкалі» лепш за ўсіх разумее яе галоўны архітэктар, ён жа адзіны палітыкі (АП). Адсюль уяўленне пра Беларусь як пра «маленькага дзіцёнка», якога ён нясе «боясь уронить». Гэты вобраз я запазычыў з дакладу на першым Усебеларускім народным сходзе (1996).

 

У 2004 годзе напярэдадні трэцяга канстытуцыйнага рэферэндуму на змену «маленькаму дзіцёнку» прыйшоў «крыштальны сасуд». Гэта значыць, што і праз 10 гадоў пасля трыумфальнай перамогі на першых прэзідэнцкіх выбарах трывожнае адчуванне нестабільнасці так і не пакінула АП.

 

А зараз перанясемся ў студзень 2014 года: «...Не потерять бы нам это государство и негодяям не отдать в руки, потому что оно еще слишком молодое. Этим самым мы перечеркнем все, что сделали до сих пор. Это главный вопрос, о котором мы должны всегда помнить».

 

Дзіўнае прызнанне. Памятаць пра крохкасць беларускай дзяржавы мы павінны заўсёды. Яе маладосць тут ні пры чым, бо далікатнасць — неад’емная ўласцівасць дзяржавы-этажэркі. У варыянце імперыі Раманавых яна праіснавала 300 гадоў і «слиняла в три дня» (паводле словаў гісторыка Васіля Розанава).

 

Бальшавікі паднялі рэшткі дзяржавы-этажэркі з бруду, запоўнілі яе паліцы камуністычнай ідэалогіяй, што дазволіла ім утрымліваць уладную канструкцыю вертыкальна 73 гады. Але адмяніць трохтактны алгарытм верным ленінцаў было не пад сілу. Ядзерная дзяржава «зліняла» гэтак жа імкліва, як і яе папярэдніца.

 

Чаканага канца сусвету пры гэтым не надышло. Той, хто гучней за ўсіх бэсціў сваіх палітычных апанентаў за «клочок бумаги, подписанный в Вискулях», лётае сёння на персанальным самалёце. Ніякіх намёкаў (і нават паўнамёкаў) з нагоды жадання перайсці на грамадскі транспарт за апошнія гады ад яго не было заўважна.

 

 

У штатным рэжыме

 

Час ідэалогій застаўся ў мінулым. Вось і даводзіцца сёння паліцы ў дзяржаве-этажэрцы ператвараць у паліцы супермаркетаў ды запаўняць іх сацыяльна значнымі таварамі з рэгуляванымі коштамі. Але такая тэхналогія падтрымання стабільнасці — задавальненне не з танных.

 

Расійская шчодрасць мае свае межы, а ўласных сродкаў для запаўнення паліц у АП не было першапачаткова. Уладная «вертыкаль» не здольная спараджаць пазітыўныя стымулы для эканамічнага росту, а на ўзмацненні жорсткасці кантролю далёка не заедзеш. Правал мадэрнізацыі ў 2013 годзе гэтую азбукавую ісціну наглядна прадэманстраваў.

 

У існуючых умовах АП вымушаны звяртацца да класічнага прынцыпу дзяржаўнага кіравання: dіvіde et іmpera (падзяляй і ўладар). Для яго практычнай рэалізацыі выпрацавана мноства спосабаў. Але, мабыць, на першым месцы па эфектыўнасці стаяць выбары ўсіх узроўняў. Яны дазваляюць аддзяляць авечак ад казлоў, г. зн. нягоднікаў, якія імкнуцца прыбраць да сваіх рук маладую беларускую дзяржаву, ад лаяльнай часткі насельніцтва.

 

Для гэтага неабходна шматлікая, а галоўнае — згуртаваная каманда прафесіяналаў-аднадумцаў. І такая каманда агульнай колькасцю каля 70 тысяч чалавек у Беларусі створаная. Яна складаецца з чальцоў выбарчых камісій усіх узроўняў.

 

Большасць незалежных аналітыкаў разглядае маючыя адбыцца ў сакавіку выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў у якасці падзеі трэцяга шэрагу: у Беларусі, маўляў, нават парламент рэальных паўнамоцтваў не мае, што ўжо тады казаць пра мясцовыя Саветы.

 

Але прапаную паглядзець на будучыя электаральныя падзеі з іншага пункту гледжання. Сакавіцкія выбары — гэта генеральная рэпетыцыя выбараў прэзідэнцкіх. 70-тысячны калектыў спецыялістаў па падліку галасоў апошні раз збіраўся ў 2012 годзе. Хтосьці за гэты час з-за аб’ектыўных прычын пакінуў яго шэрагі. Хтосьці даў падставу ўсумніцца ў сваёй здольнасці выяўляць нягоднікаў. Сёння недаглядзіш — заўтра бяды не абярэшся.

 

Мяркуючы па інфармацыі, якая паступае з ЦВК, генеральная рэпетыцыя праходзіць у штатным рэжыме. Адзін з яе ключавых этапаў — фармаванне ўчастковых камісій. З 3148 кандыдатаў ад лаяльных уладзе партый права папоўніць шэрагі прафесіяналаў-аднадумцаў атрымалі 2714 чалавек (86,2%), з 372 кандыдатаў ад апазіцыйных партый — 23 чалавекі (6,2%).

 

АП падзяляе беларускае грамадства на «русских со знаком качества» і «негодяев». У ветэранаў ЦВК — свая тэрміналогія. Працытую словы Мікалая Лазавіка: «Калі чалавек сапраўды варты, дык у яго ёсць усе магчымасці стаць чальцом камісіі».

 

Паводле Евангелля ад Матфея, права «аддзяліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў» было нададзена Сыну Чалавечаму. У Беларусі такім правам надзеленыя прадстаўнікі ўладнай «вертыкалі». Яны выбіраюць вартых. Зразумела, паводле ўласных крытэраў.

 

Але сярод вартых маюцца найбольш вартыя. 531 прадстаўнік Беларускай аграрнай партыі быў уключаны ў склад участковых выбарчых камісій (91,1% ад колькасці пададзеных заявак). Пры такой актыўнасці партыя не змагла вылучыць са сваіх шэрагаў ніводнага (!) кандыдата ў дэпутаты. І гэта пры тым, што ад агульнай колькасці кандыдатаў (22 784 чалавек) у сельскай гаспадарцы працуе 22,7%.

 

Уклад працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў беларускую эканоміку не дацягвае да 8%, што нельга супаставіць з укладам сельскай гаспадаркі ў агульны аб’ём пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці — 25,4% на 1 снежня 2013 года.

 

Згодна са студзеньскім прызнаннем АП, «мы в сельское хозяйство вгрохали около 50 млрд. долларов на модернизацию». Каму можна даверыць угрохаць столькі народных грошай? Нягоднікам? Ні ў якім разе. Толькі рускім са знакам якасці. А ў такіх асобах недахопу ў нас няма. Што ЦВК у чарговы раз і пацвердзіў.

 

 

А як жа прыватнікі?

 

28 студзеня АП правёў нараду пра стан і развіццё спажыўкааперацыі Беларусі. Шараговая нарада, стандартны напор пытанняў, стандартны набор прэтэнзій... Абмяжуюся адной: «А ведь у вас (у старшыні праўлення Белкаапсаюза Валерыя Іванова) было конкурентное преимущество! Вы первыми в стране занялись этим направлением. При максимальной доступности и высокой мобильности в сельской местности уступать лидерство частникам, да еще имея различные преференции государства, недопустимо».

 

Згодна з артыкулам 13 Канстытуцыі РБ, «дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці». На якой тады падставе Белкаапсаюз атрымлівае «различные преференции государства»? А як жа прыватнікі? Нешта я не ўзгадаю, калі ў апошні раз на нарадах у АП абмяркоўваліся пытанні наконт прадстаўлення прэферэнцый прыватнікам.

 

Асаблівая ўвага да прадпрыемстваў Белкаапсаюз магла б апраўдаць іх здольнасць адгукацца на прэферэнцыі падвышанай эфектыўнасцю. Аднак нічога падобнага не назіраецца. Наадварот, «пока в сфере производства Белкоопсоюза техническая, технологическая отсталость, а на некоторых предприятиях дремучесть, неконкурентоспособность производимой продукции».

 

Прычыну «дрымучасці» кіраўнік Белкаапсаюза патлумачыў непаваротлівасцю кадраў, адсутнасцю дзелавой хваткі і прадпрымальнасці. Натуральна, прагучалі запэўненні з нагоды аналізу, ацэнкі і прыняцця адпаведных рашэнняў.

 

Канешне, кадры ў Белкаапсаюзе не пакутуюць на залішнюю прадпрымальнасць, але яны ні разу не былі абвінавачаныя ў недахопе палітычнай лаяльнасці. А вось ад прыватніка можна патрапіць «в такую кабалу, <…> что мы будем полностью от них зависимы». І чым больш эфектыўны будзе прыватнік, тым вышэй залежнасць.

 

Зноў працытую героя Анатоля Папанава з фільму «Беларускі вакзал»: «Я раптам адчуў сябе як на фронце. Усё ясна: вось вораг, побач свае, і наша справа справядлівая».

 

Што тут сказаць! Галоўная характарыстыка беларускага грамадства — раскол. Паводле гісторыка Аляксандра Ахіезера, «раскол ёсць асаблівы стан сацыяльнай сістэмы, для якога характэрныя ўстойлівы працяглы разрыў камунікацый паміж пластамі грамадства. Раскол прыводзіць да таго, што адзін бок гэтага працэсу развіваецца за кошт дэзарганізацыі іншага і наадварот».

 

Расколатае грамадства неканкурэнтаздольнае. Але без дапамогі дзяржавы шанцы на пераадоленне расколу мінімальныя. На жаль, АП адмаўляецца гуляць ролю медыятара. Так яму прасцей вырашаць тактычныя задачы, і таму з Беларускага вакзала працягваюць ісці на фронт цягнікі.

 

.

Каментаваць