Хто забіў Барыса Нямцова?

Гэта рытарычнае пытанне. Адказ на яго відавочны. Гэтак жа, як і відавочна тое, што ні сапраўдных выканаўцаў, ні замоўнікаў забойства не назавуць. Паспрабуем спрагназаваць магчымыя версіі, што будуць агучаны.



Фота www.interfax.ru


Навіна пра забойства Барыса Нямцова выклікала шок у дэмакратычнай грамадскасці ўсяго свету. Можна па-рознаму ставіцца да некаторых яго выказванняў, але бясспрэчна адно — дэмакраты Расіі пазбавіліся ледзь не апошняга дэмакратычнага лідара такога маштабу.

Менавіта маштаб асобы і погляды Барыса Нямцова і сталі яго смяротным прысудам. Яго забілі, таму што баяліся. Пуцін — баяўся моцы духу і адкрытага позірку Нямцова, баяўся, бо бачыў у ім рэальнага канкурэнта, які можа павесці за сабой і нарэшце раскрыць вочы грамадству. Расійскія ватнікі — баяліся праўды, якая была ў кожнай прамове палітыка, праўды, якая раптам прымусіць думаць і прымаць рашэнне. А яшчэ горш рабіць сапраўдны выбар.

Зараз Пуцін цынічна заяўляе, што будзе праведзена расследаванне, што гэта правакацыя… Таму не выключана, што ў арганізацыі гэтага забойства абвінавацяць дэмакратаў. Маўляў, каб дыскрэдытаваць уладу, яны пайшлі на забойства свайго паплечніка. А магчыма, і парашэнкаўскія засланцы, каб падставіць Пуціна. Тое, што такая версія нават гучыць абсурдна — не бяда, расійскае грамадства цягам апошняга года верыць і ў не такі абсурд.

Яшчэ адна магчымая версія, Нямцова забілі патрыёты Расіі, якія не маглі цярпець “яго антырасійскіх выказванняў і падтрымкі “ўкраінскай хунты”. У гэтым выпадку знойдуць некалькі адмарозкаў, якія апынуцца яшчэ і вар’ятамі, што стаяць на псіхіятрычным уліку. Не выключана, што гэта будуць якія-небудзь “асобы не славянскай знешнасці”, якія ўчынілі разборкі. І ніхто не возьме пад ўвагу, што стралялі прафесіяналы (хаця і спрабавалі замаскіравацца множнасцю стрэлаў), якія нават не зачапілі спадарожніцу Нямцова.

Карацей, якую б версія не аб’явіла следства за асноўную, яна не будзе мець нічога агульнага з рэчаіснасцю. І дакладна не дасць праўдзівы адказ на пытанне: “Хто замовіў забойства Барыса Нямцова?” Бо расійскія следчыя органы — усяго толькі інструмент вялікага гэбісцкага механізму. Таго механізму, які зараз раскручваецца напоўніцу, які хоча зачысціць усё навокал, каб потым адбудаваць свой свет. Свет, у якім будуць панаваць толькі страх і пакорлівасць, дзе няма месца асабістым меркаванням, пазіцыі і поглядам. Няма месца праўдзе і праву выбару.

Яго маглі забіць ціха: атруціць, справакаваць сардэчны прыступ ці яшчэ што. Але Нямцова забілі нахабна і гучна, каб астатнія ведалі — ў новай Расіі за погляды забіваюць прылюдна.

Ці магло быць інакш? Пасля лютага 2014 года — дакладна не.

P.S: Я не ведала Барыса Нямцова асабіста, ніколі з ім не сустракалася, але прачытаўшы пра яго забойства, заплакала. З гэтым чалавека сыходзіць у нябыт дэмакратычная эпоха суседняй дзяржавы. Шчырыя спачуванні родным, сваякам, сябрам…

Абмеркаванне:

  • Арцём
  • 2015-03-02 00:31:30
Вельмі добры артыкул. У самую кропку.

Каментаваць