Хтосьці за ўсё адкажа

Кіраўнік Беларусі нечакана з’ездзіў у турнэ па экзатычных краінах. Як толькі ўзнікае неабходнасць прыняцця нейкіх важных, але непапулярных рашэнняў — Аляксандр Рыгоравіч выпраўляецца ў нейкую замежную вандроўку.



Гэты тыдзень Беларусь пражыла без свайго правадыра, які выправіўся ў чарговы міжнародны ваяж. Раней ён збіраўся нанесці першы візіт пасля пераабрання на пяты тэрмін у Расію. Але ў Пуціна зараз сваіх праблемаў хапае. Таму Аляксандр Рыгоравіч выправіўся не да «старэйшага брата», а ў В’етнам і Туркменістан.

Згодна з паведамленнем прэс-службы беларускага кіраўніка, ніякіх прарываў з гэтых візітаў не будзе. У В’етнаме ў яго запланаваныя перамовы з калегам Чыонг Тан Шангам, сустрэчы з генсекам Камуністычнай партыі В’етнама Нгуен Фу Чонгам і прэм'ер-міністрам Нгуен Тан Зунгам.

У Туркменістане Лукашэнка сустрэнецца з тамтэйшым кіраўніком Гурбангулы Бердымухамедавым, наведае сумесную беларуска-туркменскую выставу-кірмаш, Алімпійскі гарадок і прыме ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі «Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця».

Кіраўнік Беларусі з’ехаў у той час, калі ёсць багата нявырашаных і даволі прынцыповых пытанняў ТУТ. Па-ранейшаму не вядома, з якімі раскладамі і прагнозамі мы сустрэнем новы, 2016 год. Канешне, ёсць «прынцыпова ўхваленыя» праекты прагнозу асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі краіны на 2016 год. Урад за час адсутнасці кіраўніка дзяржавы мусіць іх дапрацаваць.

Гэта вельмі дзіўна, асабліва ўлічваючы тое, што мы зараз знаходзімся, так бы мовіць, у «рэвалюцыйнай сітуацыі». У тым сэнсе, што наш урад, які ёсць і працуе зараз, — часовы. Справа ў тым, што традыцыйна пасля выбараў, а канкрэтна 16 кастрычніка, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, урад на чале з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым склаў свае паўнамоцтвы перад «наноў абраным» кіраўніком дзяржавы і сышоў у адстаўку. Лукашэнка ж у сваю чаргу падпісаў указ аб тым, што «стары ўрад» будзе выконваць свае абавязкі да прызначэння новага.

А новага ўрада вось ужо два месяцы як не прызначана.

Атрымліваецца, што галоўныя фінансавыя дакументы краіны распрацоўваюць тыя людзі, якія фармальна ні за што ўжо не адказваюць, і з’яўляюцца ўсяго толькі «выконваючымі абавязкі».

Між тым, менавіта ад гэтых людзей залежыць, куды пойдзе краіна ў будучыні. Асабліва, калі розныя міжнародныя крэдыторы, ад якіх мы плануем атрымаць грошы на будучыню (а канкрэтна — Міжнародны валютны фонд і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця), патрабуюць уключэння праграмы рэформаў у тыя самыя асноўныя фінансавыя дакументы краіны. Прынамсі, спыненне «перакрыжаванага» субсідавання ЖКГ якраз адаб’ецца на бюджэце. Тое ж тычыцца падвышэння тарыфаў субсідаванага транспарту, і гэтак далей. І, зразумела, без адпаведнага бюджэту, грашова-крэдытнай палітыкі і праграмы рэформаў не відаць нам гэтых крэдытаў як сваіх вушэй.

Але спыненне ў 2016-м розных датацый і льготаў непазбежна адаб’ецца на ўзроўні дабрабыту насельніцтва. Гэта разумее і сам Аляксандр Рыгоравіч. «Год будзе праходзіць ва ўмовах жорсткіх бюджэтных абмежаванняў. Нам трэба забяспечыць макраэканамічную стабільнасць», — папярэдзіў ён усіх 7 снежня на нарадзе аб праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год.

Жыць стане яшчэ цяжэй. І за гэта павінен быць нехта адказны.

Ужо не першы раз заўважана: як толькі ўзнікае неабходнасць прыняцця нейкіх важных, але непапулярных рашэнняў — Аляксандр Рыгоравіч выпраўляецца ў нейкую замежную вандроўку. І адтуль глядзіць: прайшло гэтае рашэнне ці не. У любы момант можна вярнуцца і заўважыць, што рашэнне было прынятае без ягонага ведама і ўхвалення. І заўсёды можна найвышэйшым указам «адкруціць назад». А калі народ праглыне чарговую непапулярную навацыю, значыць, гэта так і трэба, так таму і быць.

Магчыма, таму што «часовы ўрад» рыхтуе прыняцце звышнепапулярных дакументаў, Аляксандр Рыгоравіч і вырашыў з’ездзіць у экзатычныя краіны.

Напрыклад, улады ўжо абвясцілі пра павышэнне тарыфаў на праезд у грамадскім транспарце з 15 снежня гэтага года. У 2014 годзе гэтыя тарыфы павышаліся тройчы. Пра 100%-ную аплату насельніцтвам паслуг ЖКГ казалася ўжо неаднаразова, хаця самі камунальнікі нават Аляксандру Рыгоравічу свой каштарыс, нягледзячы на яго патрабаванне гэта зрабіць, не прадставілі.

Зразумела, што пасля такіх крокаў можна будзе дэ-факта адпраўляць у адстаўку і так ужо дэ-юрэ адстаўлены ўрад, усклаўшы на яго адказнасць за «антысацыяльную палітыку».

Праўда, ці хопіць на гэта толькі адной вандроўкі па экзатычных краінах? Можа быць, і не, але ў планах у Аляксандра Рыгоравіча ёсць, прынамсі, адкладзены візіт у Расію. Дый мала куды можна будзе злятаць яшчэ?

Каментаваць