Хуткага міру не будзе

Пётр Парашэнка заявіў на саміце NАТО, што гатовы аддаць загад сілам АТА ў Данбасе спыніць агонь. Умовай стануць перамовы 5 верасня ў Мінску. Але ці варта спадзявацца на спыненне кровапраліцця?



“Заўтра ў Мінску будзе падпісаны дакумент аб паэтапным увядзенні ўкраінскага мірнага плану. Калі сустрэча адбудзецца, я дам даручэнне Генеральнаму штабу аб спыненні агню”, — сказаў прэзідэнт Украінры Пётр Парашэнка.

Прадстаўнік беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык пацвердзіў на брыфінгу 4-га верасня, што падрыхтоўка да гэтае сустрэчы ідзе, і нават вядзецца акрэдытацыя замежных карэспандэнтаў. Толькі вось ні месца, ні час сустрэчы, акурат як і склад яе ўдзельнікаў, Мірончык не паведаміў.  

Узнікае пытанне: ці не зарана робіць заявы аб спыненні агню лідар Украіны? Узгадаем нядаўні мінскі саміт у фармаце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз. Падавалася б, узровень тае сустрэчы быў самым высокім. І напярэдадні тае сустрэчы Парашэнка казаў, што едзе ў Мінск за мірам. І што атрымалася ў выніку? Пшык. І не проста пшык, але Расія ўзмацніла дапамогу баевікам, а апошнімі днямі наўпрост уварвалася на тэрыторыю незалежнай дзяржавы. Пра што сведчаць грузы “200” і “300” (трупы і параненыя), якія ўжо пацягнуліся назад у Расію і выклікалі адпаведную рэакцыю камітэтаў салдацкіх мацярок.

Украінскія жаўнеры зараз пакідаюць нядаўна адваяваныя ў бандытаў тэрыторыі і аб’екты, колькасць забітых з абодвух бакоў хутка павялічваецца, лік ужо ідзе на тысячы.

У той жа час, ці можна зараз давяраць Маскве? НЕ. Яна робіць нявінную пысу, калі гаворка ідзе пра ўдзел расійскіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, заяўляе, што іх там няма, маўляў, нехта мог проста памыліцца і міжволі трапіць на тэрыторыю Украіны. Хоць ужо сляпому відаць, што з усіх дзірак на ўсходзе Сіне-Жоўтай  тырчаць крамлёўскія вушы. Выдаткоўваюцца аграменныя сумы, пастаўляецца зброя і жывая сіла ў выглядзе дэсантнікаў Пскоўскай ды іншых дывізіяў, якія ў свой час  “вызначыліся” у Афганістане і Чачні.

Зразумела, што ніякія фінансавыя сродкі, узбраенні і, тым больш, армія не з’яўляюцца на тэрыторыі чужое краіны без дазволу расійскага правадыра. Так што і чарговыя так званыя перамовы найхутчэй апынуцца таўчэннем вады ў чане, пакуль працягваюцца баявыя дзеянні і гінуць вайскоўцы ды цывільнае насельніцтва Украіны.

І яшчэ чаму нельга верыць Маскве. Памятаеце, як некалькі дзён таму расійскі бок заяўляў пра стварэнне калідору для выхаду з акружэння ўкраінскіх вайскоўцаў? Дык стварылі яны такі “калідор”, што ён аказаўся для ўкраінцаў сапраўдным пеклам, калі іх мэтанакіравана знішчалі ўсімі магчымымі ваеннымі сродкамі. У СМІ ўжо ёсць сведчанні тых, хто змог вырвацца з гэтага “калідора”.

Таму рана Парашэнку казаць пра спыненне агню. Прычым ужо цяпер украінскім жаўнерам не хапае ні зброі, ні забеспячэння, ні нармальных камандзіраў. Вось таму і разлічвае Кіеў на пастаўкі ваеннай дапамогі з Захаду. Ведаючы, хто кіруе Крамлём, такія пастаўкі вельмі спатрэбяцца, бо, гледзячы па ўсім, усё самае жахлівае яшчэ, на вялікі жаль, толькі пачынаецца. Простымі словамі і нават эканамічнымі санкцыямі нахабнага ўсходняга агрэсара, які адчувае сваю беспакаранасць, не спыніць. Таму хуткага міру чакаць не даводзіцца.

Проста не верыцца, што на дварэ ХХІ стагоддзе.      

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць