Ці стане ЕАЭС саюзам супраць народных паўстанняў?

З якімі просьбамі, прапановамі і прэтэнзіямі паедзе Лукашэнка ў госці да Пуціна?

14 траўня ў Сочы адбудзецца паседжанне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Пра гэта паведаміла прэс-служба Крамля, спаслаўшыся на тэлефонную размову Уладзіміра Пуціна і Нурсултана Назарбаева

З чым на саміт адправіцца кіраўнік Беларусі? 

Марголін: Гэты саюз мала што дае 

— Гэта даволі закрытае мерапрыемства, і звычайна загадзя ніхто не афішуе, якія пытанні там будуць абмяркоўвацца, — адзначае эканаміст Леў Марголін

Ён мяркуе, што Аляксандр Лукашэнка, паспрабуе скарыстацца выпадкам, каб у першую чаргу вырашыць праблемы паставак у Расію беларускай малочнай прадукцыі. 

— Ёсць і іншыя праблемы. Пакуль не падымаліся пытанні пра крэдыты, але патрэба ў іх ёсць. Так што, магчыма, ён закіне вуду і на гэты конт, — кажа эксперт. 

А вось шматбаковыя адносіны, на думку Льва Марголіна, на такіх сустрэчах вялікай ролі не адыгрываюць, кожная краіна ЕАЭС выкарыстоўвае гэтую структуру для вырашэння сваіх праблем. 

— Можа быць, у афіцыйнага Мінска ёсць нейкія камяні перапоны з Казахстанам і Кыргызстанам у плане сумеснага ціску на Расію, — мяркуе аналітык. 

Суразмоўца падкрэслівае, што дзяржавы ЕАЭС істотна адрозніваюцца адзін ад аднаго па мадэлі і структуры эканомікі. 

— Гэты саюз мала што дае. Прасцей было б разам з іншымі краінамі неяк прыстасоўвацца да нарматываў Еўрапейскага саюза. Але тут, напэўна, ёсць палітычны складнік, — лічыць эканаміст. 

Ён не бачыць ніякага падабенства паміж ЕАЭС і Еўрасаюзам. 

— Самае галоўнае і вельмі паказальнае адрозненне: краін, якія жадаюць трапіць у Еўрасаюз шмат, а ў ЕАЭС пакуль такой чаргі не назіраецца, — падкрэслівае Леў Марголін. 

Карбалевіч: Расія ўцягнулася ў канфлікты, а расплачвацца прыходзіцца саюзнікам 

Палітолаг Валерый Карбалевіч нагадвае, што ў пасланні беларускаму народу і Нацыянальнага сходу Аляксандр Лукашэнка ўсклаў на кіраўніцтва Расіі віну за дрэнную працу ЕАЭС. 

Эксперт не выключае, што і ў час саміту ў Сочы кіраўнік Беларусі закране гэтую праблему. Валерый Карбалевіч мяркуе, што з падачы беларускага лідэра будуць таксама абмяркоўвацца і падзеі ў Арменіі. 

— У тым жа пасланні Лукашэнка ў чарговы раз заявіў: дрэнна, што няма такога калектыўнага саюза ў рамках СНД, накіраванага супраць народных паўстанняў і выступаў. Гэта значыць, саюза аўтарытарных лідэраў супраць народа, — адзначае палітолаг. 

Ён нагадвае, што пасля звяржэння прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева ў красавіку 2010 года Аляксандр Лукашэнка таксама вылучаў у адрас АДКБ і іншых постсавецкіх інтэграцыйных аб'яднанняў прэтэнзіі: чаму яны не абараняюць ўладу ад народных паўстаньняў. 

— Тут асноўная прэтэнзія зноў да Расіі. Маўляў, калі б яна не падвысіла цэны на энергарэсурсы, то не было б у Арменіі паўстання ў 2015 годзе, — звяртае ўвагу аналітык. 

Эксперт таксама мяркуе, што на саміце можа быць узнятае пытанне аб знешняй палітыцы Расіі, якая ставіць пад пагрозу інтарэсы саюзнікаў. 

У прыватнасці, палітолаг нагадвае, што Лукашэнка падчас паслання крытыкаваў Расею за вайну ў Сірыі, вядома, разам з ЗША. Але супраць Расіі з-за дзеянняў у Сірыі былі ўведзеныя санкцыі, што адбіваецца на Беларусі, паколькі расійскі рубель пайшоў уніз і пацягнуў за сабой беларускую. 

— Расія ўцягнулася ў канфлікты, а расплачвацца прыходзіцца саюзнікам. Гэта таксама прэтэнзія з боку Беларусі, але ці будзе яна публічна агучана ў Сочы, сказаць складана, — кажа эксперт. 

Чаму сярод саюзнікаў няма згоды? 

Валерый Карбалевіч акцэнтуе ўвагу на тым, што кожная краіна ЕАЭС выконвае толькі тыя рашэнні, якія ёй выгадныя. Хоць у статуце арганізацыі запісана, што ўсе рашэнні самітаў абавязковыя для выканання краінамі-ўдзельніцамі. 

Палітолаг адзначае, што эканамічныя канфлікты ўзнікаюць не толькі паміж Беларуссю і Расіяй. У канцы мінулага года Казахстан перакрываў мяжу для кыргызскіх тавараў. 

— Па-іншаму і не можа быць, паколькі аб'ядноўваюцца аўтарытарныя дзяржавы, рэжымы якіх не прызнаюць правіл і прынцыпаў прававой дзяржавы нават унутры краіны. Было б дзіўна спадзявацца, што ў знешняй палітыцы яны будуць выконваць прынцыпы міжнароднага права, зафіксаваныя ў дакументах, — канстатуе палітолаг. 

Што тычыцца стварэння самога ЕАЭС, то з самага пачатку яго фармавання было відавочна, што ў гэтым саюзе, хоць ён і называецца эканамічным, пераважае геапалітыка. 

— Якія агульныя эканамічныя інтарэсы ў Беларусі, Кыргызстана і Арменіі? Ніякіх. Узровень гандлю паміж імі зусім нізкі. Для чаго ім аб'ядноўвацца ў нейкія эканамічныя саюзы? — кажа аналітык. 

Паводле яго слоў, ЕАЭС быў створаны Расіяй для геапалітычнага дамінавання на постсавецкай прасторы. Удзел у ЕАЭС з'яўляецца прыкметай лаяльнасці да Расіі. 

— Гэты саюз дзейнічае ў залежнасці ад таго, наколькі Расія гатовая яго рухаць і ўмацоўваць, — упэўнены палітолаг.

Расіі гэты саюз выгадны па геапалітычных прычынах, таму яна фарсіравала яго фарміраванне. 

— Не паспеўшы дабудаваць нават першы паверх — мытны саюз, тут жа перайшлі да будаўніцтва другога паверха — зоны свабоднага гандлю, адзінай эканамічнай прасторы. Не паспеўшы дабудаваць і гэты паверх, сталі казаць пра тое, што існуе эканамічны саюз, — нагадвае аналітык.

Аднак, як падкрэслівае эксперт, ніякага эканамічнага саюза ў рэальнасці няма. Не функцыянуе цалкам і мытны саюз, паколькі ёсць выключэнні па многіх таварных пазіцыях. Няма Адзінай эканамічнай прасторы, паколькі не дзейнічаюць правілы свабоднага руху капіталаў, тавараў, рабочай сілы. 

Аналітык нагадвае, што пасля таго як Пуцін увёў эмбарга на пастаўкі харчовай прадукцыі з краін Захаду, у Расію пайшла кантрабанда праз тэрыторыю Беларусі і некаторых іншых дзяржаў ЕАЭС. 

— Атрымалася, што ЕАЭС працуе дрэнна, таму што ў самым яго стварэнні першапачаткова былі закладзены заганныя элементы, якія цяпер і тармозяць яго развіццё, — падкрэслівае Валер Карбалевіч.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць