Ці дачакаемся сапраўднай дэмакратыі?

Аляксандр Лукашэнка фактычна даў старт перадвыбарчым кампаніям. На сустрэчы з бяззменнай кіраўніцай ЦВК Лідзіяй Ярмошынай была прызначана дата першай з іх. Мясцовыя выбары пройдуць 23 сакавіка 2014 года.

Вельмі дзіўнай выглядае рыторыка сустрэчы. Найперш, Лукашэнка заявіў, што выдатна ведае пра планы апазіцыі. Нават больш выдатна, чым яна сама. «Справа ў тым, што сітуацыя няпростая, і нашы альтэрнатыўныя палітыкі, назавем іх так, не будзем крыўдзіць іх заступнікаў за мяжой, вельмі разлічваюць вось на гэты прамежак. Яны плануюць, што выбары ў мясцовыя саветы — гэта будзе нейкі пачатак, развіццё, а апагею так званая дэмакратыя дасягне ў прэзідэнцкія выбары і скончыцца гэта парламенцкімі выбарамі», — пазначыў Лукашэнка расклад.

Дзіўна не тое, што Аляксандр Рыгоравіч агучыў звычайны працэс: у любой краіне мясцовыя выбары служаць трамплінам для выбараў больш вышэйшага ўзроўню і шмат у чым вызначаюць гэты выбар. Дзіўна, што не было сказана ані слова пра «дэстабілізацыю», «адмарозкаў», а «пятая калона» раптам ператварылася ў «альтэрнатыўных палітыкаў». І нават пра сваё ж вызначэнне таго, што «палітык у Беларусі адзін», кіраўнік дзяржавы забыўся. Аказалася, іх ужо шмат, і нават ёсць альтэрнатыва.

Што ж адбылося з Аляксандрам Рыгоравічам?

Ды нічога асаблівага. Сітуацыя так прыціснула, што зараз нельга не заўважаць «альтэрнатыўнае» меркаванне. У эканоміцы паўсюль правал. Ды і ў палітыцы прыходзіцца перахопліваць «альтэрнатыўныя» ідэі, бо нічога новага прыдумаць немагчыма. Варта было разгарнуцца ініцыятыве «Народны рэферэндум», як была прыдуманая падстава для такога ж самага рэферэндуму, але з боку ўлады. Задуманая судовая рэформа з аб’яднаннем гаспадарчых і грамадскіх судоў немагчымая без зменаў Канстытуцыі, а такія змены могуць быць прынятыя толькі на рэферэндуме. І ніхто не сумняваецца, што гэтая рэформа — толькі падстава для таго, каб прысабечыць ініцыятыву некаторых апазіцыйных структураў.

Дарэчы, Лукашэнка ў схаванай форме пацвердзіў: можа быць, разам з прэзідэнцкімі выбарамі пройдзе і рэферэндум. «Тут мы павінны ў рукі народу аддаць усё для таго, каб народ сам вызначыўся, хто будзе кіраваць ім і дзяржавай, як будзе развівацца краіна і ў якім кірунку. Гэта маё жалезнае меркаванне», — празрыста намякнуў кіраўнік дзяржавы.

«Як будзе развівацца краіна і ў якім кірунку» — гэта пытанні, пагадзіцеся, менавіта рэферэндуму. Прынамсі, у 1995 годзе на рэферэндум выносілася пытанне аб падтрымцы дзеянняў, накіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расіяй. У 2015 годзе гэтаму пытанню будзе 20 гадоў. За гэты час вырасла новае пакаленне беларусаў, і прыярытэты ў іх могуць быць іншыя.

Аналагічнае пытанне на рэферэндуме можа быць шчаўчком па носе як Еўропе, так і Расіі, асабліва, калі большасць выкажацца за незалежнасць Беларусі і яе абстрагаванне ад абодвух бакоў, па прынцыпу Швейцарыі.

Рэферэндумам можна тарпедаваць якія заўгодна ініцыятывы — і Мытны саюз, і Еўразійскі эканамічны саюз, і шмат чаго яшчэ. Канешне, такія пытанні рызыкоўныя, Расія можа адключыць газ і ўключыць «Хроснага бацьку», але хто не рызыкуе, той не выйграе.

Да таго ж, Аляксандр Лукашэнка разумее, што, разам з выбарамі, прыйдзецца вырашаць і магутныя эканамічныя пытанні. А такая «праца на два франты» будзе вельмі цяжкай. «Страціць тры гады для развіцця краіны (2014, 2015 і 2016) у гэты перыяд будзе катастрафічна. Таму выбары будуць вельмі сур’ёзнымі. Мы сур’ёзна павінны да гэтага перыяду рыхтавацца. І хацелася б, каб гэтыя выбары сталі дэманстрацыяй праўдзівай дэмакратыі», — запатрабаваў беларускі кіраўнік.

Што такое «праўдзівая дэмакратыя» па-беларуску, усе мы ведаем — гэта не менш за 80% падтрымкі дзейснай улады. Таму забяспечваць чарговую «элегантную перамогу» будуць правераныя кадры. «Вы за іх (выбары), як звычайна, адказваеце. Прыцягвайце для арганізацыі і правядзення гэтых выбараў каго трэба, але чалавек і орган, які адказвае за выбары, за іх правядзенне і за аб’яўленне вынікаў, павінен быць адзін», — удакладніў Лукашэнка паўнамоцтвы Ярмошынай і ЦВК.

Для гэтага ўсё зроблена: забаронены байкот выбараў, забароненыя сацыялагічныя апытанні і гэтак далей. У любым выпадку Аляксандр Лукашэнка можа сцвярджаць — гэта законы ў нас такія, а я з імі зрабіць нічога не магу. Так што на выбары ўлада ідзе арганізаванай і ўзброенай. Але вельмі няўпэўненай.

Каментаваць