Ці магчыма перавыхаваць беларускую ўладу?

Ці можна перавыхаваць беларускую ўладу, дамовіцца з ёй па прынцыповых пытаннях, інтэгравацца ў яе? Ініцыятары «Народнага рэферэндуму» зыходзяць з таго, што  магчыма. Аднак гэта небяспечная ілюзія, перавыхаванню яна не паддаецца.  Беларусь стаіць перад экзістэнцыяльным выбарам: быць ці не быць?



Учора ў офісе АГП адбылася арганізацыйная сустрэча мінскай групы удзельнікаў стварэння кааліцыі «За сумленныя, чэсныя выбары для лепшага жыцця». Апроч Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі да яе далучылася Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і чатыры аргкамітэта — па  стварэнню Партыі працоўных, Беларускай жаночай партыі «Надзея», грамадскага праваабарончага аб'яднання «За справядлівыя выбары» і «Беларускага руху», а таксама незарэгістраваная арганізацыя «Маладая Беларусь».
 
 
Мэтай сустрэчы было абраць дэпутатаў на рэспубліканскую канферэнцыю, запланаваную на 22 верасня, але Вінцук Вячорка настойліва запатрабаваў першым чынам вызначыцца — у чым палягаюць стратэгічныя разыходжанні  кампаніі «За сумленныя, чэсныя выбары» з кампаніяй «Народны рэферэндум»? Бо менавіта пра гэта спытаецца грамадзянін. І для яго трэба мець выразны адказ у некалькіх словах. 
 
 
Такога адказу, лічыць спадар Вячорка, пакуль няма. Кіруючыся прынцыпам «крытыкуеш — прапануй», былы старшыня БНФ выказаўся аб тым, якім ён мог бы быць. 
 
 
Ці можна перавыхаваць беларускую ўладу, дамовіцца з ёй па прынцыповых пытаннях, інтэгравацца ў яе? Ініцыятары «Народнага рэферэндуму», па словах Вячоркі, з якімі пагадзіліся астатнія ўдзельнікі сустрэчы, зыходзяць з таго, што  магчыма. Аднак гэта небяспечная ілюзія, перавыхаванню яна не паддаецца.  Беларусь стаіць перад экзістэнцыяльным выбарам: быць ці не быць? Менавіта ўлада сваімі дзеянні паставіла нашу краіну перад такім выбарам, і менавіта ад цяперашняй улады зыходзіць пагроза не толькі перспектывам далейшага паспяховага развіцця Беларусі, але і самому яе існаванню. Такім чынам, трэба недвухсэнсоўна даць зразумець грамадзяніну, што ўладу не перавыхаваць, яна мусіць змяніцца. Іначай лепшай долі нам не відаць. 
 
 
Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька не аспрэчвалі тэзіс Вінцука Вячоркі. Фактычна тое ж самае запісана ў рабочым варыянце маніфеста кампаніі, які мае быць зацверджаным 22 верасня. Зрэшты, тут ёсць пэўная супярэчнасць — калі пры гэтай уладзе нельга правесці рэферэндум па прынцыповых пытаннях, правесці «сумленныя, чэсныя выбары» і пагатоў немагчыма. Удзельнікі сустрэчы шапталіся вакол мяне: «Трэба сказаць, каб гэта былі выбары без Лукашэнкі». Шаптацца шапталіся, але ўголас ніхто гэтага не казаў. І не ўспомніў пра тое, што АГП летась ініцыявала кампанію акурат з такой назвай: «За чэсныя выбары без Лукашэнкі». Атрымліваецца, цяпер проста прыбралі гэтае «без», каб не дражніць гусей?
 
 
«Ёсць толькі два варыянты змены ўлады, — сказаў Сяргей Калякін. — Або праз выбары, або шляхам узброенага паўстання. Дык што нам, рыхтаваць зброю і сыходзіць у падполле? Можа, калі-небудзь давядзецца... Толькі ў выніку бунта, я думаю, да ўлады прыйдзе такім ж самы Лукашэнка, калі не горшы за яго. Значыць, нам застаюцца выбары».
 
 
Анатоль Лябедзька агучыў праграму-мінімум: «У Расіі, напрыклад, выбары таксама фальсіфікуюць, але хаця б галасы лічаць. У нас лічбы проста бяруць са столі і высмоктваюць з пальца, трэба дамагчымся, каб галасы лічыліся». 
 
 
Атрымліваецца, усё-ткі ёсць спадзеў, што перавыхаваць уладу магчыма? 
 
 
Кажуць, калі не ведаеш, што рабіць, рабі хоць што-небудзь. Таму добра, што ў нашым палітычным асяродку нешта робіцца. І ўсё-ткі я не зразумеў, у чым палягае прынцыповае адрозненне кампаніі «За сумленныя, чэсныя выбары для лепшага жыцця» ад «Народнага рэферэндума», як і таго, з якой мэтай  спатрэбілася іх супрацьпастаўляць.  

Абмеркаванне:

  • Цікавы
  • 2013-09-14 06:05:59
У фэйсбуку ідзе спрэчка адносна гэтай сустрэчы і артыкула - а на сайце? дзе матэрыял надрукаваны? цішыня... Ці чытачы сайта ўсі пабеглі ў фэйсбук спрачацца?

Каментаваць