Напрыканцы восені ў Беларусі павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары. Але на якіх падставах яны пройдуць? Ці ўсе змогуць удзельнічаць у выбарах?



Над гэтым я задумаўся, калі чытаў артыкул Міхаіла Пастухова «Почему я не могу быть президентом в своей стране?». І на самай справе, чаму заслужаны чалавек, які пражыў 40 гадоў у Беларусі, не можа балатавацца на вышэйшую пасаду ў нашай краіне па той толькі прычыне, што нарадзіўся ён не ў Беларусі?

Пасля распаду СССР, па закону аб грамадзянстве, у 1991 годзе мы ўсе атрымалі грамадзянства Беларусі, незалежна ад нараджэння. Аднак некаму спатрэбілася дадаць у папраўкі да Канстытуцыі, што прэзідэнтам можа быць толькі «грамадзянін па нараджэнні». Гэта пэўная дыскрымінацыя ў адносінах да канкурэнтаў у прэзідэнцкай кампаніі. З гэтай нагоды я звярнуўся ў Канстытуцыйны суд, каб той выправіў недарэчнасць. Але безвынікова.

Паколькі змены ў Канстытуцыю ў лістападзе 1996 года былі прыняты па ініцыятыве А.Г. Лукашэнкі, то я звярнуўся і да яго асабіста. Адказ атрымаў за подпісам С.І. Буко. У ім cцвярджаецца, што «змена прадугледжанага Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь парадку выбрання кандыдата на вышэйшую дзяржаўную пасаду не патрабуецца». Далей дадаецца, што «…з улікам асаблівага статуса і высокай ролі пасады… прадугледжваецца шэраг умоў, якім павінен адпавядаць кандыдат». У лісце таксама нагадваецца, што ёсць краіны, дзе на пасаду прэзідэнта абіраецца толькі грамадзянін па нараджэнні, напрыклад, у ЗША.

Але я жыву ў Беларусі і хачу разабрацца ў нашай сітуацыі. Яшчэ раз нагадваю, што ў 1991 годзе ўсе мы былі аднолькавымі грамадзянамі. Потым нас незразумела чаму падзялілі на простых грамадзян і грамадзян па нараджэнні. Першых пазбавілі права быць прэзідэнтам у сваёй краіне. Ці можна прызнаць такую рэчаіснасць прымальнай?

Як грамадзянін і як дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання лічу, што рэферэндум 1996 года быў незаконным. У гэтай сувязі нагадаю, што калі пад прымусам А.Г. Лукашэнкі быў прызначаны рэферэндум, старшыня Вярхоўнага Савета С.Г. Шарэцкі звярнуўся ў Канстытуцыйны суд з прапановай праверыць канстытуцыйнасць пастановы аб прызначэнні рэферэндуму. Суд вырашыў, што галасаванне аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю можа насіць толькі рэкамендацыйны характар. Гэта рашэнне суда было ўлічана Вярхоўным Саветам у сваёй пастанове. Спасылка на гэта была зроблена і ў бюлетэні для галасавання. Здавалася б, што два вышэйшых органы ўлады прынялі дакументы, і ніхто не можа іх адмяніць. Тым не менш Лукашэнка даў каманду органам кіравання не выконваць рашэнне Канстытуцыйнага суда.

Яшчэ адзін красамоўны факт. Дэпутат Віктар Ганчар быў абраны Вярхоўным Саветам старшынёй Цэнтрвыбаркама. Ён павінен быў арганізаваць правядзенне таго рэферэндуму і агучыць яго вынікі. Але калі пабачыў, як улады мабілізуюць людзей на датэрміновае галасаванне, то на прэс-канферэнцыі для журналістаў ён сказаў, што не падпіша выніковы дакумент. Тады Лукашэнка адхіліў Ганчара ад пасады і прызначыў на яго месца Лідзію Ярмошыну.

Так гэта было, і я — адзін са сведкаў мноства правапарушэнняў, якія былі здзейснены ў Мінску і на маёй Петрыкаўшчыне. І магу зробіць выснову: рэферэндум 1996 года — гэта вялікі падман народа. Таму нельга прызнаваць ніякія папраўкі ў Канстытуцыю 1994 года.

Менавіта з такога пункту гледжання трэба паглядзець на будучыя прэзідэнцкія выбары. Безумоўна, у іх не можа прымаць удзел спадар А.Г. Лукашэнка, які даўно вычарпаў ліміт сваёй улады і павінен сысці ў адстаўку. У нас ёсць прыстойныя асобы, якія з усёй адказнасцю могуць кіраваць дзяржавай. Сярод іх — прафесар права, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў. Але ён — не «грамадзянін па нараджэнні», хоць і ўвайшоў у наша асяроддзе, вывучыў нашу мову, паважае нашы гістарычныя сімвалы, культуру і традыцыі. Ён даказаў сваю вернасць Канстытуцыі і беларускаму народу.

Што яшчэ прываблівае ў кандыдатуры М. Пастухова? Ён прапануе як мага хутчэй адмовіцца ад пасады прэзідэнта і зрабіць Беларусь самай дэмакратычнай парламенцкай рэспублікай. Функцыі кіраўніка дзяржавы будзе выконваць старшыня парламенту.

Вядома, у сучасным становішчы прапаноўваць кандыдатуру Міхаіла Пастухова няма сэнсу. Дзеля гэтага трэба зрабіць немагчымае — унесці папраўкі ў Канстытуцыю. Дакладней, вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года, па якой усе грамадзяне Беларусі мелі права быць прэзідэнтамі.

І ўсё ж на выбары патрэбна ісці. Што можа здарыцца? А тое, што за Лукашэнку прагаласуе меншая палова выбаршчыкаў. Гэта мае прадказанні. Сцвярджаю, што на будучых выбарах народ адмовіць у даверы А. Лукашэнку. Нават у тым выпадку, калі выбаршчыкаў «пагоняць» на ўчасткі, лічба будзе менш за 50%. Так што трэба сачыць за ходам волевыяўлення і падлікам галасоў. У гэтым — сакрэт і «ахілесава пята» Аляксандра Лукашэнкі.

Абмеркаванне:

  • Мікола
  • 2015-05-19 17:56:19
Мікалай Аўтуховіч: Ніякіх «выбараў» няма, няма чаго туды хадзіць!

Каментаваць