Ці вінаватая дзяржава, альбо Дзе ўзяць вольны час для будучыні?

Учора ў Мінску адкрылася канферэнцыя “Уяўляючы Беларусь”.



Фота eurobelarus.info


— Гэта спроба зразумець той час, у якім мы ёсць, тую прастору, якая будуецца на перасячэнні будучыні, фантазій, уяўнага, - акрэсліла сутву канферэнцыі метадолаг і сацыёлаг, каардынатар Лятучага ўнівенрсітэту Таццяна Вадалажская.

 Тэма канферэнцыі, якую ладзілі Лятучы ўніверсітэт сумесна з Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі, паўстала з актуальнага разумення стану беларускага грамадства, якое апынулася ў сітуацыі страты арыенціраў, што маглі б задаваць матывацыйную карціну будучыні. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” даведалася пра ўтопіі, праекты, мары і іншыя формы яе мыслення.

 

Як выкарыстоўваць КДБ

 

У першы дзень імпрэза падзялілася на некалькі секцый. Адну з іх, антрапалагічную перспектыву, прадставілі даклады філосафа і метадолгага Уладзіміра Мацкевіча і філосафа, доктара сакральнай тэалогіі, акадэмічнага дырэктара Беларускага калегіюмаІрыны Дубянецкай.

 

— Калі мяняецца свет, мяняецца і Беларусь. Але ў залежнасці ад стаўлення да гэтых зменаў мы па-рознаму карыстаемся тым, што мяняецца і тым, што застаецца з мінулага. Гэтая розніца дазваляе дзяліць свет прыкладна на тыя ж групы, што і ў часы “халоднай вайны”: першы свет — свабодны і дэмакратычны, другі — краіны, якія развіваюцца, трэці — тыя, што нібы звонку назіраюць за ўзаемаадносінамі першага і другога свету. Такая мадэль састарэла, але я б па-ранейшаму разглядаў свет як складзены з трох: той, які вырабляе змены, лёгка іх прымае і карыстаецца; той, што знаходзіцца ў стане пастаяннай мадэрнізацыі; і той, які ніяк не хоча мяняцца, — лічыць Уладзімір Мацкевіч.

 

Паводле яго словаў, кожная краіна магла б самавызначацца ў адным з гэтых трох светаў.

 

— Калі мы паглядзім на ідэалогію беларускай дзяржаўнасці і на тое, што нам прапануюць з боку афіцыёзу, — гэта самавызначэнне ў трэцім свеце, — заўважае філосаф і метадолаг.

 

У той жа час межы паміж гэтымі светамі праходзяць не па дзяржаўных межах. Паводле Мацкевіча, каб чалавеку мець дачыненне да інавацый, яму не абавязкова быць грамадзянінам краіны першага свету.

 

— Людзям, якія правяраюць на сабе інавацыі, новае патрэбна не дзеля новага ці дзеля моды, а для праверкі мэтазгоднасці, карысці і г.д. Інавацыі лягчэй уводзяцца там, дзе не было старых прыстасаванняў. Таму навейшыя архітэктурныя дасягненні вы хутчэй знойдзеце ў Сінгапуры, Дубаі, чым у Лондане ці Парыжы.

 

Такім чынам, лічыць Уладзімір Мацкевіч, і ў Беларусі можна выдзеліць частку людзей, якія даўно не цікавяцца палітыкай і дзяржавай. Не таму, што ў іх нестае здольнасцяў, а таму, што яны разумеюць абмежаванасць гэтай дзяржавы. Не цікавяцца дзяржаўнымі і палітычнымі праблемамі і прадстаўнікі вышэй згаданага трэцяга свету — менавіта з прычыны недахопу розуму. Асноўны цяжар грамадска-палітычнага жыцця кладзецца на беларусаў, якія жывуць у другім свеце.

 

— Яны хацелі б мець дачыненне да перадавых дасягненняў навукі, тэхнікі, але ім нешта замінае. Як яны думаюць — дзяржава з яе законамі, абмежаваннем прадпрымальніцкай дзейнасці, недарэчным ідэалагічным ціскам на адукацыю, навуку, мастацтва. У нечым яны маюць рацыю, у нечым — не.

 

На думку метадолага, кожны чалавек можа праводзіць пэўны час свайго жыцця ў інавацыйным першым свеце, незалежна ад таго, дзе ён жыве. Ніхто не замінае гастраляваць у Мінску найлепшым прадстаўнікам культуры і мастацтва ці мінскаму “Свабоднаму тэатру” выступаць на самых выбітных пляцоўках свету.

 

— Усё залежыць ад таго, як мы арганізуем свой час, размяркоўваем яго на неабходны (той, які ў мінулым называўся працай) і вольны.

 

Самавызначэнне чалавека ў трох светах адбываецца штодня: гэта тое, куды мы ходзім, чым займаемся, як выкарыстоўваем вольны час. Уладзімір Мацкевіч паспрабаваў праілюстраваць гэта ў выглядзе КДБ — кожнага дня беларуса, а менавіта пагадзіннага знаходжання яго ў тым ці іншым месцы (на працы, у краме, у тэатры і г.д.). Такім чынам, мы штодня можам судакранацца з будучыняй, калі яе бачым і развіваемся, альбо ўвесь дзень праводзіць у мінулым.

 

— Я не бачу, што беларусы хочуць вольнага часу, — падсумаваў Уладзімір Мацкевіч.

 

50 гадоў для Беларусі і 10 млн мусульманаў

 

На думку Ірыны Дубянецкай, разумеем з’яву мы толькі тады, калі яна ўжо адбылася. Таму свае разважанні пра будучыню Беларусі яна пачала з далёкага мінулага — старажытнага Блізкага Усходу і Месапатаміі.

 

 

Зрэшты неўзабаве гаворка дайшла да таго, дзе мы апынемся праз паўстагоддзя, і філосаф паспрабавала прасачыць, што значыць адрэзак часу ў 50 гадоў для Беларусі. За адпраўную кропку адваротнага адліку Ірына Дубянецкая ўзяла 1817 год. Змаганне за раздзеленую Рэч Паспалітую ўжо адышло, апошняе спадзяванне вырваць яе з кіпцюроў Расійскай імперыі скончылася правалам напалеонаўскай кампаніі 1812 года. Пачынаецца этап новага асэнсавання сябе, які зараджаецца з узнікненнем у Віленскім універсітэце таварыства філаматаў. За наступныя 50 гадоў, да 1867-га, прагрымелі два паўстанні, у выніку якіх былі забароненыя назва краіны, дамінантная ўніяцкая царква (апора нацыянальнай ідэнтычнасці), друк на беларускай мове. Усё гэта зноў патрабуе новай ідэнтычнасці і новага разумення сябе ў свеце — гэта ўжо практычна новая краіна. А калі з 1867-га перанесціся яшчэ на 50 гадоў у 1917-ты, мы зноў патрапляем у іншую краіну. Гэты год ламае ўсе палітычныя, нацыянальныя, культурныя ўяўленні, у той жа час сфармавалася новая беларуская ідэнтычнасць, якая прывяла да абвяшчэння БНР у 1918 годзе. 1967 — адносна блізкі да нас час, аднак уявіць сабе тады, што будзе ў 2017-ым, было немагчыма, бо гэта зноў іншая дзяржава і іншы свет. А наступны 2017 год пакуль Ірына Дубянецкая ахарактарызавала як год 500-годдзя беларускай Бібліі і кнігадрукавання, а што з гэтага атрымаецца — невядома.  

 

— Будучыня праглядаецца з мінулага і цяперашняга, але прагназаваць яе — марная справа, бо пры любым раскладзе гэта сюрпрыз, — лічыць доктар сакральнай тэалогіі.

 

На яе думку, у беларускім кантэксце новае фармаванне ідэнтычнасці напрамую залежыць ад сітуацыі, у якой апынуўся чалавек наогул, але пры гэтым яно вынікае з таго, што адбывалася і адбываецца цяпер. У тым, што беларуская ідэнтычнасць усё ж сфармуецца, Ірына Дубянецкая не сумняецца.

 

— Беларускі муфцій, калі ў яго пытаюць, колькі ў Беларусі мусульманаў, не задумваючыся адказвае: “10 мільёнаў”. Здаровая ідэнтычнасць — гэта калі беларусы так і будуць сябе адчуваць, як 10 мільёнаў мусульманаў, праваслаўных, уніятаў, каталікоў, іудзеяў. Кожная традыцыя, якая адчувае сябе роднай і ўласцівай гэтай зямлі, мусіць перарасці ў нешта большае. Гаворка ідзе пра прыўласненне свайго мінулага дзеля асэнсаванага будавання будучыні і адчуванне адказнасці за ўсё, што адбывалася.

 

eurobelarus.info

Каментаваць