Чорная сотня — 2

У Расіі на дзяржаўным узроўні вырашылі стварыць радыкальны рух «Антымайдан». Пра прыроду новага палітычнага суб’екта і яго перспектывы журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з маскоўскім калегам Дзмітрыем Любліным. 



— З чаго пачалася гісторыя расійскага «Антымайдана»?

— Яшчэ год таму на хвалі канфрантацыі ва Украіне ў сеціве пачалі стыхійна ўзнікаць нейкі сацыяльныя групы і сайты пад такой назвай. Некаторыя з іх дастаткова папулярныя, аднак іх дзейнасць не выходзіць за віртуальныя межы. Упершыню ў рэальнасць расійскі «Антымайдан» выйшаў 11 студзеня, калі на Манежнай плошчы прадстаўнікі ліберальнай апазіцыі пратэставалі супраць асуджэння Навальнага. «Антымайданаўцы» намагаліся перакрычаць іх лозунгі, аднак у бойку асабліва не лезлі. Журналісты хутка вылічылі, што касцяк «Антымайдана» складаў актыў прапуцінскага моладзевага руху «Нашы». Адразу пачалі казаць, што дзяржава збіраецца стварыць новы палітычны праект, выкарыстаўшы папулярны сярод часткі насельніцтва брэнд — «Антымайдан». Гэтыя чуткі пацвердзіліся, калі 15 студзеня была афіцыйна абвешчаная ініцыятыўная група руху. Яе ўзначаліў сенатар Дзмітрый Саблін, якога ведаюць як вельмі лаяльнага да Пуціна палітыка. Асоба Сабліна цудоўна ілюструе нутро новай ініцыятывы.

Калі паглядзець на інтэрнэт-старонкі праектаў, якія называюць сябе «Антымайдан», то можна адзначыць, што яны сімпатызуюць розным прадстаўнікам расійскай палітсцэны. Некаторыя сайты рэгулярна тыражуюць матэрыялы руху «Суть времени» Кургіняна, другія займаюцца піярам панславістаў, трэція робяць рэкламу камуністам. Відавочна, што рух «Антымайдан» ідэйна не маналітны. Ці ў такім выпадку падпарадкуецца ён Сабліну?

— Наўрад ці. На шэрагу «антымайданаўскіх» сайтаў ужо з’явілася крытыка праекта Сабліна. Пішуць, што Пуцін, падтрымаўшы Сабліна, ідзе шляхам Януковіча. Апошні таксама меў свой «Антымайдан», які ствараўся штучна, пад дзяржаўным дахам, на грошы алігархаў. Януковіч не зразумеў, што галоўны Майдан адбыўся ўнутры эліты, вакол прэзідэнта, дзе розныя фракцыі капітулявалі перад апазіцыяй. Менавіта супраць эліты, па словах крытыкаў Сабліна, павінен дзейнічаць расійскі Майдан. Сачыць, каб пуцінскія алігархі не здрадзілі пуцінскім ідэям «рускага свету», не арганізавалі палацавы пераварот. Прыкладна такая логіка сяброў «Антымайданаў», якія не жадаюць уваходзіць у праект Сабліна.

— Нават павярхоўнага погляду на кантэнт «антымайданаўскіх» СМІ дастаткова, каб зразумець, што 90 працэнтаў размешчанай на іх інфармацыі тычыцца ўкраінскіх падзей. Можа, расійскі «Антымайдан» — гэта проста бурбалка, каб зарабіць грошы?

— Я згодны, што за ўчынкамі шматлікіх людзей з кіраўніцтва «Антымайдана» стаіць банальны разлік — набіць кішэні, згуляўшы на аранжавых фобіях Крамля. Аднак, з іншага боку, нягледзячы на адсутнасць моцнага антыпуцінскага руху, у грамадскай свядомасці расіянаў апошнім часам прапісалася выразная эсхаталагічная ўстаноўка — хутка ўсё гэта (пад словам «гэта» маецца на ўвазе таксама рэжым Пуціна) павінна нейкім чынам скончыцца. Безумоўна, галоўнай дэтэрмінантай для такіх настрояў ёсць эканамічная рэцэсія і сумныя біржавыя індыкатары. Таму на самай справе прыкметы нейкіх глабальных пераменаў адчуваюцца. І не толькі «страшылкі» прайдзісветаў прымушаюць Крэмль генерыраваць арганізацыі накшталт «Антымайдана».

— Адна з задэклараваных мэтаў стваральнікаў «Антымайдана» — зрабіць рух міжнародным. Аднак у Беларусі і ў Казахстане мясцовая ўлада вельмі баіцца любой дзейнасці 5-й калоны Крамля, падазраючы, што гэта пралог з’яўлення «зялёных чалавечкаў».

— Саблін — гэта цалкам падпарадкаваная ўладзе фігура, і рабіць нейкія замежныя філіялы без санкцыі Крамля ён не будзе. Не толькі таму, што Лукашэнка і Назарбаеў у сферы барацьбы з майданамі самі могуць даць Сабліну фору. Будучы ізаляванай на міжнароднай арэне, Масква наўрад ці захоча дражніць Мінск і Алма-Ату, даўшы згоду на такое партбудаўніцтва. Экспансія структур «Антымайдана» магчыма толькі на Данбас, дзе, праўда, такога кшталту арганізацый і так хапае.

Хірург (мянушка Аляксандра Залдастанава, лідара байкерскай групоўкі «Начныя ваўкі» і аднаго з аўтараў анансаванага праекту «Антымайдана») кажа, што «прыхільнікі руху будуць змагацца з ідэалагічнымі апанентамі, не звяртаючы ўвагу на тое, будзе ім дазваляць улада гэта рабіць ці не. Ці не значыць гэта, што мы атрымаем у выглядзе «Антымайдана» новых чарнасоценцаў?

— Хірург і яго атачэнне сапраўды ахвотна перад аўдыторыяй ідэалізуюць крымскі «Антымайдан», які ў лютым-сакавіку мінулага года меў вопыт вулічнай барацьбы з прыхільнікамі новай украінскай улады. Не дзіўна, што шмат хто з лібералаў баіцца расправы з боку актыву «Антымайдана». У ліберальным асяроддзі нават з’явілася інтэрнэт-петыцыя на адрас ААН, падпісанты якой просяць прызнаць «Антымайдан» «тэрарыстычнай арганізацыяй». Аднак «Антымайдан» уключае таксама абойму салідных палітыкаў, якія сімвалічна звязаныя з уладай. Пагромы дысідэнтаў могуць скампраметаваць праз іх таксама і Крэмль. Мяркую, што трэба дачакацца канкрэтных палітычных мерапрыемстваў, каб зразумець, што за індульгенцыю Пуцін выпісаў Хірургу і яго паплечнікам. Такое мерапрыемства, дарэчы, адбудзецца даволі хутка. Прадстаўнікі «Антымайдана» заявілі пра свой намер прыйсці 1 сакавіка на Антыкрызісны марш «Вясна» ў Маскве, што арганізуе Навальны. Увогуле, яны заявілі, што цяпер будуць наведваць усе публічныя акцыі апазіцыі.

Каментаваць