Мінскі саміт: Чужы сярод сваіх

Прэзідэнты-саюзнікі пакаралі Уладзіміра Уладзіміравіча за рэгулярныя спазненні на сустрэчы высокага ўзроўню. Пуцін на «мінскім саміце» застаўся ў адзіноце, ва ўсіх сэнсах.



Пуцін заўсёды спазняецца на такія міжнародныя сустрэчы. Беларускія журналісты ўжо звыкліся з тым, што самалёта расійскага прэзідэнта даводзіцца чакаць, іншым разам — даволі доўга. Не выключэннем стаў і прайшоўшы «мінскі саміт». Пуцін мусіў прыляцець у 13.30, але ягоны лайнер прызямліўся ў беларускай сталіцы пасля 14.00. Усе астатнія ўдзельнікі мерыпремства — «тройка ЕС», прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і лідэр Казахстану Нурсултан Назарбаеў прыбылі ў Беларусь роўненька ў адпаведнасці з графікам.

Чаканне Пуціна дазволіла ўсім зацікаўленым бакам правесці невялічкія перамовы «сам-насам». Асабліва шчыраваў кіраўнік Украіны, які не губляў, падаецца, ані секунды часу. Ён паспеў правесці сустрэчу з еўракамісарам Кэтрын Эштан у пасольстве Украіны, а таксама паразмаўляць з Нурсултанам Назарбаевым. Не губляў часу і Аляксандр Рыгоравіч, які таксама пагутарыў з Эштан. Дарэчы, раней такая гутарка не планавалася. Літаральна напярэдадні сустрэчы афіцыйны прадстаўнік Эштан Мая Качыянчыч абвяргала магчымасці размоваў Эштан і Лукашэнкі сам-насам. «Гэта не двухбаковая сустрэча», — казала пра мерапрыемства ў Мінску Качыянчыч. Спазненне Пуціна зрабіла сустрэчу магчымай.

Не ведаю, ці выбачаўся Уладзімір Уладзіміравіч за спазненне. Але адразу пасля прыбыцця і пратакольных фотак кіраўнік Расіі паспрабаваў узяць быка за рогі. Ён паведаміў, што сукупны ўрон эканоміцы Расіі ад рэалізацыі пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕС можа скласці больш як 100 млрд. расійскіх рублёў. Пуцін таксама заявіў, што з-за абнулення Украінай пошлін на імпарт з ЕС адбудзецца значны рост паставак еўрапейскіх тавараў на ўкраінскі рынак, размова ідзе аб 98% таварнай наменклатуры. З-за рээкспарту еўрапейскіх тавараў і з-за пераходу ўкраінскіх тавараў на расійскі рынак «пад ударам будуць цэлыя сектары нашай прамысловасці і АПК», — падкрэсліў кіраўнік Расіі. На яго думку, страты будуць таксама ў Беларусі і Казахстана.

І вось тут ён магутна пракалоўся. Пакуль расійскі прэзідэнт «спазняўся», Назарбаеў ужо паспеў сказаць Парашэнку, што Казахстану ад асацыяцыі Украіны і ЕС ні халодна, ні горача. «Для Казахстана пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрапейскім Саюзам не з’яўляецца перашкодай», — адзначыў Назарбаеў, і дадаў, што ягоная рэспубліка скіраваная на развіццё двухбаковага супрацоўніцтва з Украінай. А Аляксандо Рыгоравіч ужо запэўніў Пятра Аляксеевіча, што Беларусь «тым больш» зацікаўленая ў тым, «каб на ўкраінскай зямлі, у цэнтры Еўропы была нармальная сітуацыя і становішча».

Уладзімір Уладзіміравіч казаў, што пасля імпліментацыі эканамічнай часткі пагаднення «Украіна-ЕС» усе перамовы стануць бессэнсоўнымі, Расія павінна будзе ўключыць абаронны механізм сваёй эканомікі, адменіць усе прэфэрэнцыі для ўкраінскага імпарту і ўвядзе стандартны рэжым гандлю. Але ён, у выніку, вымушаны быў казаць гэта без ранейшага імпэту і толькі «за Расію», пакінуўшы ўбаку Беларусь, Казахстан, Мытны саюз і ЕАЭС. Уладзімір Уладзіміравіч не дачакаўся падтрымкі сваіх патрабаванняў ані ад Аляксандра Рыгоравіча, ані ад Нурсултана Абішавіча. Насесці ўтраіх на Пятра Аляксеевіча не атрымалася.

Пётр Парашэнка ў гэтай сітуацыі выказаў сябе сапраўдным дыпламатам. Па ідэе, пасля такога «развалу Мытнай кааліцыі» ён павінен быў вяроўкі віць з Пуціна. Аднак ён заклікаў «краіны Мытнага саюза» (чытай — Пуціна) «адысці ад супярэчнасцяў і засяродзіцца на механізмах ўзаемадзеяння ў рамках стварэння зоны свабоднага гандлю «Украіна — ЕС». То бок, па-першае, даў зразумець, што стварэнне такой зоны — пытанне вырашанае, нягледзячы на пазіцыю Пуціна. А па-другое, параіў лічыць не страты, а магчымыя прыбыткі. У выніку бакі дамовіліся, што існуючая працоўная група ў галіне гандлёва-эканамічных адносін «Украіна — Расія — ЕС» да 12 верасня распрацуе прапановы па зняцці заклапочанасці МС і РФ, якія тычацца пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўрапейскім саюзам. Пра што і сказаў на выніковай прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка.

Гэтым крокам Пётр Аляксеевіч даў магчымасць Уладзіміру Пуціну захаваць твар: хоць кіраўнік Расіі і застаўся ў адзіноце са сваімі патрабаваннямі, але, можна лічыць, што дамовіўся аб перамовах з Украінай па сумесным гандлі.

Што тычыцца сітуацыі на Данбасе, то і тут Пётр Парашэнка быў у выгаднай пазіцыі. У папярэдніх размовах усе падкрэслівалі — гэты канфлікт трэба спыніць. Але, ізноў-такі, пакуль «спазняўся» Пуцін, Парашэнка здолеў патлумацыць свой план дээскалацыі канфлікта ўсім зацікаўленым бакам. Прынамсі, ужо па выніках перамоваў ён заявіў, што «логіка мірнага плана нарэшце была падтрымана ўсімі без выключэння кіраўнікамі дзяржаў». Зразумела, ён меў на ўвазе свой план, з якім пагадзіліся Назарбаеў і Лукашэнка, і вымушаны быў пагадзіцца Пуцін.

Уладзімір Уладзіміравіч, канешне, таксама паспрабаваў захаваць твар, зрабіўшы стандартны выгляд: «Я — не я, і хата не мая». «Расія, не будучы бокам канфлікту, не можа абмяркоўваць з Украінай нейкія ўмовы спынення агню, магчымыя дамоўленасці паміж Кіевам, Данецкам і Луганскам. Мы можам толькі спрыяць таму, каб стварыць абстаноўку даверу ў ходзе гэтага магчымага і вельмі неабходнага, на мой погляд, перамоўнага працэсу», — сказаў Пуцін.

Але вось пра што дамовіліся Парашэнка і Пуцін, дык гэта пра тое, што памежныя службы і генеральныя штабы Украіны і РФ пачнуць кансультацыі з мэтай закрыцця мяжы для ўвозу зброі і ваеннай тэхнікі з Расіі. І гэта ўжо невялічкі, але крок наперад у спыненні ваенных дзеянняў. Акрамя таго, была дасягнутая дамоўленасць пра актывізацыю працы кантактнай групы пры «Україна — расія — АБСЕ» па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. Гэтая група будзе стала працавааць у Мінску.

Каментаваць