Чым пагражае Беларусі расійска-ўкраінскі канфлікт

«Новы Час» апытаў вядомых палітыкаў наконт таго, якія пагрозы яны бачаць для нашай краіны ў выпадку эскалацыі напружанасці ў Крыме, уводу войскаў на тэрыторыю нашай паўднёвай суседкі.

 



Уладзімір Някляеў,


Сітуацыя, якая складваецца ва Украіне ў звязку з непасрэдным умяшальніцтвам у яе справы Расіі, выклікае сур’ёзную заклапочанасць у Свеце. Беларусь не ёсць выключэннем.  Вядомыя беларусакія палітыкі падзяліліся сваімі поглядамі на сітуацыю.

Уладзімір Някляеў, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду»:

— Тое, што сёння адбываецца ў Крыме, а гэта непрыкрытая агрэсія, пагражае не толькі ўсёй Украіне, але можа пагражаць і Беларусі, і Казахстану, і ўсім новым незалежным дзяржавам, якія называюцца паслясавецкімі. Расія, абсалютна не маючы на тое ніякіх эканамічных і ваенных магчымасцяў, трымаецца за ідэю вяртання імперскай моцы, і гэта ёсць прычына тых пагроз, якія вынікаюць з яе сённяшняй палітыкі.

Відавочна, што беларускае кіраўніцтва вельмі няўтульна пачуваецца ў той сітуацыі, якая склалася. З аднаго боку, трэба падтрымліваць палітыку Расіі, бо Расія ёсць донар сённяшняга беларускага рэжыму, з іншага — калі падтрымліваць сённяшнюю палітыку ў дачыненні да Украіны, гэта значыць, падтрымліваць заўтрашнюю палітыку ў дачыненні да самога сябе.

Леў Марголін, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, эканаміст і прадпрымальнік:

— Што тычыцца Расіі, то маё меркаванне, што яна ўлезе ў такое балота, з якога будзе вельмі цяжка выкараскацца. Калі яна сур’ёзна ўлезе ў Крым, то атрымае другі Афганістан у мініяцюры. Мяне крыху заспакойвае толькі тое, што яны там спрабуюць рабіць усё чужымі рукамі — рукамі нейкіх актывістаў, нейкіх казакоў, яшчэ немаведама каго. То бок, Расія пакуль не імкнецца «свяціць» свае вайсковыя часткі, хаця ўсе разумеюць, што яны там ёсць і што яны стаяць за спінамі ўсіх гэтых «актывістаў». Але калі сітуацыя застанецца такой, якая яна ёсць, то ўсё ўтрасецца само сабою.

Датычна Беларусі, я не думаю, што непасрэдна будуць нейкія жорсткія наступствы. Але, канешне, усё больш робіцца зразумелым, што Расія — гэта такі партнёр, з якім сябраваць вельмі небяспечна. Таму лепш за ўсё было б неяк пакрысе адмежавацца ад такога сяброўства. Іншая справа, што наша ўлада зараз знаходзіцца ў такой сітуацыі, калі без Расіі ў эканамічным плане абысціся практычна немагчыма, таму пры жаданні Расія можа прымусіць Лукашэнку і падтрымаць яе дзеянні ва Украіне, хаця б маральна. Відаць, яму ўжо не атрымаецца адкруціцца ад Украіны так, як ён адкруціўся ад Абхазіі і Паўночнай Асеціі.

А так, я мяркую, будзе даволі жорсткая рэакцыя міжнароднай супольнасці, прычым уключна з Кітаем, які, як вядома, у стратэгічным плане падтрымліваў Расію ў рамках Савета Бяспекі ААН, ды і Казахстан адчувае небяспеку, паколькі ледзь не палова насельніцтва гэтай краіны — рускамоўныя. Таму апроч прымусовай падтрымкі дзеянняў Расіі, што абмежавала б магчымасці манеўраў Мінска на заходнім накірунку, я не бачу непасрэднай пагрозы для Беларусі.

Павал Севярынец, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»:

— Наколькі мы ведаем, Расія ўжо ўвяла свае войскі, нам вядомы нават нумары вайсковых частак, якія там дыслакаваныя. Пуцін хлусіць, і гэтак жа сама хлусіць і нахабнічаць ён можа і ў выпадку з Беларуссю, прычым не міргнуўшы вокам. Увесь свет у шоку ад такіх паводзінаў. Але гэта стыль расійскага кіраўніцтва, гэта стыль імперыі, ён адзін і той жа ў Сталіна, у Гітлера, у Пуціна. І, безумоўна, гэта цяпер найбольшая пагроза для беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці.

Калі сітуацыя застанецца такой, якая яна ёсць цяпер, гэта будзе азначаць, што Расія адбірае краіну ва Украіны. Яна хоча там правесці рэферэндум, кшталту тых, што праводзілі захопнікі на пачатку мінулага стагоддзя, дзе, абапіраючыся на сфальшаваныя дадзеныя тых плебісцытаў, проста забіраліся кавалкі зямлі. Еўрапейцам трэба зразумець: учора — Грузія, сёння — Украіна, заўтра — Беларусь, а потым Польшча, Балгарыя, Румынія і гэтак далей.

Мінску зараз трэба ўсяляк умацоўваць сваю незалежнасць, Лукашэнку трэба пачынаць перамовы аб вывадзе расійскіх базаў, бо ў любы момант яны могуць стаць апірышчам для акупацыі. А ва ўсіх дэмакратычных сілаў павінна наступіць прасвятленне ў галовах адносна ролі Расіі ў палітыцы. Сёння гэта роля агрэсара, захопніка, і супрацьстаянне расійскай агрэсіі павінна быць усвядомлена як найпершая задача таго, хто называе сябе беларускім дзяржаўнікам, будзь то з боку Лукашэнкі, будзь то ў стане апазіцыі.

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:

— Мне здаецца, што ніякіх дадатковых пагрозаў у нас не існуе, у нас увесь час адна пагроза, і яна рэалізуецца. Расія фактычна задаволена тым, што Лукашэнка праводзіць тут прымусовую русіфікацыю, а што ім яшчэ трэба? Больш пагрозы, чым цяпер, калі знішчаецца ўсё беларускае, няма. Украінцы маюць гонар, дык яны адстойваюць свае правы. А наша інтэлігенцыя ўжо даўно апусціла вушы і толькі гаворыць цудоўныя словы. Але ж ніхто не адстойвае свае беларускія правы.

Беларускае кіраўніцтва прыкормленае Расіяй, расслаенне ў нас вялікае, многа бядноты, але нагнаны вялікі страх, таму беларускае кіраўніцтва добра сябе пачувае і зараз. Для гэтай улады ніякай пагрозы з боку Расіі не існуе, а для нармальнай беларускай улады пагроза існавала б. Але ў нас няма беларускай улады.

Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні Руху «За Свабоду»:

— Натуральна, пагрозы для Беларусі існуюць. Яны існуюць яшчэ з моманту аднаўлення гульняў Лукашэнкі па саюзу з Расіяй на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Расійскае кіраўніцтва разглядае Беларусь як неад’емную частку сваёй тэрыторыі, якая яшчэ знаходзіцца пад кіраваннем лаяльнага ёй прэзідэнта. Але ў выпадку, калі грамадства тут вырашыць абраць іншы шлях развіцця або іншую геапалітычную арыентацыю, гэта будзе ўспрынята з агрэсіяй, і я не выключаю, што сітуацыя ў Крыме можа паўтарыцца і ў дачыненні да Беларусі. Можа быць, нават у большай ступені, бо, у іх разуменні, мы ўжо знаходзімся ў руках Расіі.

Сяргей Калякін, кіраўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»:

— Разрастанне канфлікту ва Украіне будзе мець скрайне негатыўныя наступствы для Беларусі. Па-першае, улічваючы, што мы суседзі, і ў нас агульная мяжа складае не адну сотню кіламетраў, а па-другое, у нас велізарнае тавараабарачэнне з Украінай. Грамадзянская вайна ва Украіне прывядзе да калапсу ўкраінскую эканоміку, як і нашы магчымасці эканамічных стасункаў з Украінай.

А ў цэлым гэта прадстаўляе пагрозу не толькі для Беларусі. Развіццё сітуацыі па самым горшым ваенным варыянце з абодвух бакоў, а там ужо бразгае зброяй і NАТO, якое праводзіць вучэнні з украінскімі войскамі, можа прывесці да трэцяй сусветнай вайны. Ніхто ніколі не верыў у сусветную вайну, яна прыходзіла нечакана, і потым ніхто не мог зразумець, каму і навошта гэта было патрэбна. Гэта вельмі сур’ёзны канфлікт, і падыходы да яго мусяць быць вельмі акуратныя.

Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ:

— Факт расійскай агрэсіі супраць Украіны, безумоўна, стварае небяспеку і для Беларусі. У рэгіёне, дзе мы пражываем, адбываецца такая эскалацыя напружанасці, якой фактычна не было ўжо доўгі час. У выпадку, калі гэтая агрэсія не будзе неадкладна спыненая, супрацьстаянне можа ахапіць усю Украіну, то бок гэтае супрацьстаянне будзе адбывацца на нашых межах.

У такім выпадку ўзнікае небяспека, што мы сутыкнёмся з уцекачамі, а таксама мы можам сутыкнуцца з тым, што канфлікт можа перакінуцца на нашу тэрыторыю. Калі сітуацыя захаваецца такой, якая ёсць, то нам будзе неабходна перагледзець канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, якая сёння будуецца на тым, што расіяне будуць абараняць Беларусь у выпадку сур’ёзных небяспекаў.

Аднак мы пабачылі, што расіяне самі ёсць фактарам пагрозы для Беларусі, як і для іншых сваіх суседзяў. А гэта вымагае моцнай нацыянальнай кансалідацыі, каб мы маглі супрацьстаяць пагрозам, з якога боку яны не сыходзілі б, у тым ліку і з Усходу. 

Каментаваць