Цывілізацыйнае вымярэнне ўкраінскага крызісу

Сілавое ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Украіны — яшчэ адно пацверджанне заняпаду праваслаўнай цывілізацыі. Сёння займацца прадказаннямі наконт Украіны — справа няўдзячная. 



За апошнія некалькі месяцаў наша паўднёвая суседка перайшла ў кропку біфуркацыі (ад лацінскага «bifurcus» — «раздвоены»). У кропцы біфуркацыі стан сацыяльнай сістэмы становіцца няўстойлівы. Таму любая нязначная падзея — як унутраная, так і знешняя — можа паўплываць на траекторыю яе развіцця.

Гаворка, зразумела, ідзе пра кароткатэрміновую перспектыву. Аднак будучыня Украіны фармуецца пад уплывам не імгненных, а глабальных падзей, у якіх іншы маштаб вымярэння.

Пакланенне эфемернаму інстытуту

Сёння нікога не здзівіш ацэнкай распаду СССР як глабальнай катастрофы XX стагоддзя. Стаўленне да такой ацэнкі — справа густу. А пра густы спрачацца бессэнсоўна. Між тым, практычна ў той жа час завяршыла сваю больш чым тысячагадовую гісторыю адна з пяці (па Арнольду Тойнбі) сучасных цывілізацый — праваслаўная.

За выключэннем Расіі, Беларусі і часткова Украіны ўсё астатнія еўрапейскія праваслаўныя краіны сталі часткай заходняга свету. Частковасць Украіны і з'яўляецца яе галоўнай характарыстыкай. Супрацьстаянне гэтых частак мы сёння і назіраем.

У 1952 годзе Тойнбі выказаў думку, што «ў сутыкненні паміж Расіяй і Захадам ініцыятыва ў духоўнай сферы, у адрозненне ад сферы тэхналагічнай, перайшла ад Захаду да Расіі».

Пад «ініцыятывай» Тойнбі разумеў камуністычны светапогляд, які СССР пасля заканчэння Другой сусветнай вайны паспяхова экспартаваў у краіны трэцяга свету. Але чым ініцыятыва скончылася — нам вядома. Не здолеўшы асвоіць постіндустрыяльныя тэхналогіі, Краіна Саветаў страціла і свае канкурэнтныя перавагі на рынку светапоглядаў.

Варта адзначыць, што асноўная праблема праваслаўнай цывілізацыі сфармавалася ў момант яе нараджэння. У той час, як на Захадзе ўсе спробы адрадзіць Рымскую імперыю скончыліся правалам, на Усходзе такая імперыя была паспяхова створаная. Менавіта сярэднявечная візантыйская таталітарная дзяржава і аказала разбуральнае дзеянне на праваслаўную цывілізацыю.

«Кара Немезіды, — тлумачыў Тойнбі, — за творчыя поспехі можа прыняць форму ідалапаклонства, калі прадметам пакланення становіцца нейкі эфемерны інстытут. Класічным выпадкам няшчасцяў, спароджаных ідэалізацыяй інстытута, з'яўляецца захапленне праваслаўнага хрысціянства прывідам Рымскай імперыі». Захапленне будаўніцтвам «моцнай дзяржавы» — дадаў бы я сёння.

«Моцная дзяржава» — гэта жорсткі кантроль над грамадствам, гэта спыненне любых спробаў яго самаарганізацыі. Таму ў праваслаўі ў перыяд яго росту мы не сустрэнем ні ўніверсітэцкага самакіравання (у Беларусі яго няма і сёння), ні самакіравання гарадоў-дзяржаў, як у Італіі або ў Фландрыі (у Беларусі аб мінуўшчыне самакіравання гарадоў нагадваюць будынка ратушай, што дзе-нідзе захаваліся). Сучасныя ж будынкі мясцовых адміністрацый да самакіравання беларусаў ніякага дачынення не маюць.

З вышэйсказанага, аднак, не вынікае, што ад часоў імператара Льва III (VIII ст.) праваслаўныя народы не развіваліся. Вядома, развіваліся. Але яны развіваліся галоўным чынам за кошт запазычанняў дасягненняў Захаду. Адсюль «мадэрнізацыя, што даганяе» (спадзяюся, зразумела, хто за кім гнаўся).

У рэжыме «мадэрнізацыі, што даганяе» знаходзіцца і сучасная Беларусь. Яе кіраўнікі, якія перыядычна разважаюць пра неабходнасць асваення (г. зн. запазычання) бія- і нанатэхналогій, спрабуюць ужо які год мадэрнізаваць дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы. Памагай ім Бог!

Апошнія сталі першымі

Падзеі на Украіне — гэта самаарганізацыя народа супраць карумпаванай і неадэкватнай палітычнай сістэмы. На жаль, далёка не ўсе ўкраінцы здольныя да самаарганізацыі. Адсюль раскол. Паводле дадзеных шматлікіх сацыялагічных службаў Украіны, прыкладна палова насельніцтва краіны падтрымлівае Майдан. Столькі ж ставіцца да яго адмоўна.

Па рэгіёнах стаўленне да таго, што адбываецца, рэзка палярызаванае. На паўночным захадзе Украіны пражывае 70% прыхільнікаў Майдана і 25% яго праціўнікаў, а на паўднёвым усходзе — 21% прыхільнікаў і 73% праціўнікаў. Пры гэтым узровень недаверу да эканамічных інстытутаў практычна ўсюды аднолькавы (70–80%)!

У Расіі ўспрыманне Майдана прынцыпова іншае. У канцы студзеня, да пачатку крывавых падзей, 84% расіян ацэньвалі палітычную актыўнасць украінцаў як спробу гвалтоўнага дзяржаўнага перавароту (тут і далей дадзеныя «Левада-цэнтра»).

Тройку прычын, што прымусілі людзей пратэставаць, узначаліў «уплыў Захаду, які імкнецца ўцягнуць Украіну ў арбіту сваіх палітычных інтарэсаў» (44%). На другім месцы — «нацыяналістычныя настроі» (35%). І толькі на трэцім з вялікім адрывам — «абурэнне карумпаваным рэжымам Януковіча» (14%).

Да самаарганізацыі пад «дахам» дзяржавы, якая прэтэндуе на лаўры «моцнай», здольныя нямногія. Але варта толькі «моцнай дзяржаве» ў яе праваслаўнай трактоўцы аслабнуць, як у грамадстве пачынаюцца працэсы самаарганізацыі, накіраваныя на засваенне заходніх каштоўнасцяў. Руху ў процілеглы бок у рэжыме самаарганізацыі не адбываецца. Гэта ключавы момант.

Ва Украіне з яе разбоўтаным аўтарытарызмам гэтыя працэсы выразна прасочваюцца. За 17 гадоў кумулятыўны эканамічны рост на захадзе і ў цэнтры краіны быў амаль удвая больш хуткі (прырост валавога рэгіянальнага прадукту на 60,7%), чым на ўсходзе і поўдні (на 35,2%). Прырост прадукцыйнасці працы на захадзе і ў цэнтры Украіны таксама быў больш высокі, чым на яе ўсходзе і поўдні.

Калі яшчэ ў 1995 годзе ўсход і поўдзень краіны мелі больш высокі паказчык валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) на душу насельніцтва, чым захад і цэнтр (101,6% супраць 98,5%), дык у 2012 годзе ўжо захад і цэнтр Украіны прыкметна апярэджвалі па гэтым паказчыку яе ўсход і поўдзень (104,3% супраць 95,2%).

Адпаведна, змянялася і структура электаральных перавагаў насельніцтва. У 1991 годзе на першых прэзідэнцкіх выбарах за кандыдата захаду і цэнтра Украіны прагаласавала 23% выбаршчыкаў, а за кандыдата ад усходу і поўдня — 62% выбаршчыкаў. З кожнымі наступнымі выбарамі ўкраінцы ўсё больш актыўна падтрымлівалі кандыдатаў захаду і поўдня краіны. У выніку на парламенцкіх выбарах у 2012 годзе апошнія сталі першымі з вынікам 50% vs. 43%.

Народ-выратавальнік

Усё жывое, паводле Гегеля, вартае смерці. Цывілізацыі ў гэтым сэнсе не з'яўляюцца выключэннем. Яны нараджаюцца, дасягаюць вяршыні сваёй магутнасці і паміраюць.

Звернемся да класіка цывілізацыйнага аналізу. Прамяні сацыяльнага ўплыву, што сыходзяць ад цывілізацыі, якая расце, апраменьваюць сваіх суседзяў белым колерам. У дадатку да сацыяльнага выпраменьвання тры складнікі «белага колеру» — гэта палітыка, культура і эканоміка. Пакуль усе тры элементы злучаныя ў адной плыні, уздзеянне іх адбываецца ў адным накірунку.

Прамяні, якія зыходзяць ад цывілізацыі, што дэградуе, культурнага складніку не ўтрымліваюць, а складнік палітычны, калі і прысутнічае ў выпраменьванні, то ў мінімальнай колькасці. Паколькі сіла эканамічнага элемента аказваецца найбольш магутнай, уплыў на суседзяў цывілізацыі, што дэградуе, зацыкліваецца на эканоміцы.

«Тэорыю выпраменьвання» Тойнбі сфармуляваў у 1938 годзе. Але прыклад сучаснай Расіі, якая ператварыла газавы вентыль у галоўны фактар свайго ўплыву, пацвярджае яе цалкам.

Сілавое ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Украіны — яшчэ адно пацверджанне заняпаду праваслаўнай цывілізацыі. Я не здзіўлюся, што ў большасці рускіх на пачатковым этапе яно выкліча прыліў патрыятызму, а разам з ім і абвостранае жаданне згуртавацца вакол «нацыянальнага лідара». Адпаведныя вынікі сацапытанняў не прымусяць сябе доўга чакаць.

Працытую рускага філосафа і багаслова Мікалая Зярнова: «Пашырэнне нацыі, рост імперыі — гэта звычайная знешняя прыкмета ўнутранага пераканання народа, што яму дадзена асаблівая місія, якую ён павінен выканаць. Нечаканае ператварэнне маленькага Маскоўскага княства ў самую вялікую дзяржаву ў свеце міжволі прывяло яе народ да думкі, што ён надзелены місіяй выратаваць усходняе хрысціянства».

Па шляху «крамлёўскіх старцаў»

Рашэнне аб увядзенні савецкіх войскаў у Афганістан было прынята «крамлёўскімі старцамі» на пасяджэнні Палітбюро 12 снежня 1979 года. На ўзрост удзельнікаў гістарычнага пасяджэння сёння часта спасылаюцца, каб патлумачыць фатальнае для СССР рашэнне. Але цяперашнія гаспадары Крамля яшчэ не дасягнулі ўзроставай мяжы, пры якой звычайна не пакідаюць без нагляду і хаваюць запалкі. Акрамя таго, усе яны звязаныя з Захадам не толькі дзяржаўнымі інтарэсамі.

Пакланенне эфемернаму інстытуту імперыі, што складае аснову праваслаўнай культурнай матрыцы, аказалася мацнейшым за асабістыя інтарэсы. Было б, аднак, памылкай усё спісваць на «вузкае кола абмежаваных людзей» у Крамлі. Просьбу прэзідэнта пра ўвядзенне войскаў на тэрыторыю Украіны Савет Федэрацыі задаволіў практычна без абмеркавання і аднагалосна!

Я не здзіўлюся, калі сацапытанні зафіксуюць у Расіі ўсплёск патрыятычных настрояў. У жніўні 2008 года ў час «прымусу да міру» Грузіі яны зашкальвалі. Ці рашэнне ўлады ў гэтым выпадку з'яўляецца прычынай, а ўсплёск патрыятызму — вынікам, разабрацца не так проста. «Архаічныя сістэмы, — паводле гісторыка Уладзіміра Булдакова, — вельмі залежныя ад масаў у псіхасацыяльных адносінах, хоць гэтага не ўсведамляюць у поўнай меры ні вярхі, ні нізы» (гэтую залежнасць мы маем магчымасць рэгулярна назіраць у Беларусі).

Логіка тут не дапаможа. Змены, якія адбыліся за апошнія 20 гадоў у Расіі і ўсходняй частцы Украіны, былі павярхоўныя. Далей за асваенне стандартаў спажывання яны не пайшлі. Еўропа для большасці носьбітаў праваслаўнай культуры абмежавалася еўрарамонтам.

Калі Крэмль у бліжэйшы час не адменіць сваё рашэнне, наступствы для Расіі будуць катастрафічныя. Першыя ластаўкі ўжо прыляцелі. На момант падрыхтоўкі гэтага артыкула (раніца 3 сакавіка) індэкс Расійскай таварна-сыравіннай біржы абваліўся на 10,3%. Інвестары спяшаюцца пазбавіцца ад расійскіх актываў.

Каментаваць