Чаго чакаць ад дэпутатак?

Наколькі паспяхова Анісім і Канапацкая будуць дзейнічаць у ПП, мы пабачым пасля пачатку яго працы. Відавочна, што і тая, і другая маюць патэнцыял, каб калі не «паставіць парламент на вушы», дык хаця б разварушыць пэўную частку дэпутатаў. Але...

Фота: БЕЛТА

Алена Анісім з Таварыства беларускай мовы і Ганна Канапацкая з АГП сталі дэпутаткамі Палаты прадстаўнікоў. Неверагодна, але факт: упершыню за 12 гадоў у парламенце з’явіліся апазіцыянеркі.


Нечаканая Канапацкая


Таго, што прадстаўніца АГП трапіць у Палату прадстаўнікоў, не чакаў ніхто. Бо самі прадстаўнікі АГП падчас кампаніі нават удзельнікаў выбараў не называлі кандыдатамі: казалі, як і раней, — «спікеры». І ўся іх праца была скіраваная не на перамогу, а на «тлумачальныя працэсы» з людзьмі. Аднак Ганна Канапацкая ў парламент патрапіла. Чаму?

У рознага кшталту аналітыкаў і экспертаў ёсць, у асноўным, дзве версіі. Па-першае, улады шчоўкнулі па носе Таццяну Караткевіч, якая была канкурэнткай Канапацкай на акрузе. Маўляў, нягледзячы на прэзідэнцкія выбары, яна не з’яўляецца лідарам. Усё ў звыклай парадыгме, як і раней, калі кандыдатаў у прэзідэнты ў 2010 годзе не прапусцілі ў парламент на выбарах–2012. І другая прычына: пасеяць раскол у самой АГП. Як жа: тыя, хто найбольш гучна казаў пра «не ўбудоўвацца ва ўладу», пра тое, што ў краіне няма свабодных і справядлівых выбараў, апынуліся ўбудаваныя ва ўладу ў выніку выбараў несвабодных і несправядлівых.

Гэта амаль удалося. Па словах Анатоля Лябедзькі, даведаўшыся пра перамогу Канапацкай, увесь паслявыбарчы дзень ён кансультаваўся з калегамі па правацэнтрысцкай кааліцыі, з іншымі «спікерамі» ад АГП і з Палітрадай партыі наконт далейшых дзеянняў. У выніку было вырашана, што Канапацкую варта пакінуць у парламенце. На думку партактыву, яна там прынясе больш карысці, чым будзе шкоды ад здачы дэпутацкага мандату. Канапацкая будзе прасоўваць прапановы і законапраекты, якіх у АГП назапасілася багата.



Ганна Канапацкая на першай прэс-канферэнцыі ў якасці абранага дэпутата зазначыла, што з’яўляецца, безумоўна, партыйным кандыдатам. А значыць, будзе праводзіць у парламенце палітыку АГП. Першыя яе законапраекты будуць накіраваныя на змяненне выбарчага заканадаўства, а другія — на стварэнне спрыяльнага бізнес-клімату. Найперш, для прадпрымальнікаў. Ганна таксама паабяцала скасаваць указ пра падатак на дармаедства.

Ацэньваючы сваё траплянне ў Палату прадстаўнікоў, Канапацкая зазначыла, што яна сама і яе каманда даволі моцна працавалі падчас выбарчай кампаніі. І выказала ўпэўненасць, што перамагла б і ў тым выпадку, калі б выбары былі свабоднымі і справядлівымі.


Анісім. Прамашка ці саступка?


Улады, найперш, заняліся «выбіваннем» з выбарчай гонкі кіраўніка ТБМ Алега Трусава. Менавіта на Чкалаўскую выбарчую акругу №96 Мінска, дзе балатаваўся Трусаў, было вельмі багата нараканняў наконт разнастайных парушэнняў у назіральнікаў. На Стаўбцоўскую выбарчую акругу Анісім, здаецца, увагі ніхто не звярнуў.

Дарэчы, сам Трусаў зараз і не хавае, што разлічваў менавіта на гэта. «Задача была — правесці ў парламент Алену Анісім, а я выконваў функцыю своеасаблівага раздражняльніка, з вялікім поспехам адцягваючы на сябе ўвагу, прымушаючы ўсе сілы кінуць супраць мяне. Як вынік — па маёй акрузе парушэнняў, мабыць, больш, чым дзе па краіне. Мы тры гады рыхтаваліся, каб правесці яе ў парламент, і паспяхова гэта ажыццявілі», — сказаў ён «Радыё Свабода».



Алена Анісім кажа, што найпершая яе задача як дэпутата — спрыяць таму, каб беларуская мова стала рэальна дзяржаўнай і штодня гучала ў парламенце. Яна ўжо зараз гатовая вынесці на разгляд дэпутатаў праект закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Гэты законапраект быў распрацаваны ТБМ і прапаноўваўся да разгляду дэпутатам мінулага склікання, але не быў падтрыманы.

У прыярытэтах Алены Анісім — нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай выкладання і нацыянальны,  выключна беларускамоўны тэлеканал.

Прыхільнікам жа «спачатку каўбасы, потым мовы» Анісім таксама абяцае ўвагу. Па яе словах, трэба перагледзець сістэму заробкаў, каб не было такой моцнай разбежкі паміж аплатай працы дэпутата-бюджэтніка і работніка культуры, настаўніка, медсястры. Наспела пенсійная рэформа, а не проста падвышэнне пенсійнага ўзросту. Трэба зрабіць больш празрыстай і прадказальнай сістэму падаткаабкладання. І «стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для таго, каб людзям хацелася зарабляць менавіта ў нашай краіне».

Падаецца, з эканамічнага боку ў Анісім і Канапацкай — амаль поўнае ўзаемапаразуменне. Хаця яны, як паведаміла сама спадарыня Алена, пакуль што не знаёмыя.

Вынік выбараў Анісім лічыць заканамерным. Па яе словах, на асобных участках за яе прагаласавала 75% выбаршчыкаў. У цэлым ЦВК намалявала ёй 40,5% галасоў выбаршчыкаў.


Ці будзе плён?


Канешне ж, двое дэпутатаў ад апазіцыі сярод іншых 108 дэпутатаў надвор’я ў Палаце прадстаўнікоў не зробяць. Тым не менш, варта спадзявацца, што парламент будзе крыху весялейшым. Прынамсі, будзе выпраўленая тая ганебная лічба, якая з’явілася па выніках дзейнасці Палаты прадстаўнікоў пятага склікання. Нагадаю, што 110 дэпутатаў «пятай» палаты за чатыры гады парламентарства самі падрыхтавалі толькі тры законапраекты. У астатнім яны падпісвалі тое, што спускаў ім Цэнтр законапраектнай дзейнасці пры Адміністрацыі прэзідэнта.

І ў Канапацкай, і ў Анісім ужо зараз ёсць што прапанаваць. Пытанне ў тым, што іх прапановы павінны знайсці падтрымку ў астатніх дэпутатаў. Ці знойдуць апазіцыянеркі аднадумцаў, будзе вядома на працягу першай паловы года працы ППНС №6. Але патэнцыял для супрацы ёсць.



Найперш, Канапацкая і Анісім будуць падтрымліваць адна адну. І разам у іх будзе вялікае, я б нават сказаў, неўзаранае, поле для дзейнасці. Канапацкая, як прадпрымальнік і юрыст у сферы замежных інвестыцый будзе акучваць у заканадаўчым органе «моцных гаспадарнікаў». Прадстаўнікоў кіроўнага корпусу розных прадпрыемстваў у парламенце — каля 25 чалавек, сярод якіх ёсць нават начальнік зборачнага цэху ААТ «Белшына». Анісім будзе працаваць сярод культурнай, мастацкай і адукацыйнай інтэлігенцыі. Розных дырэктараў навучальных установаў і музеяў у ПП — паўтара дзясяткі. Першая сцяжынка Анісім нават не да Канапацкай (з ёй і так усё зразумела), а да дэпутата ад Кальварыйскай акругі №104 Міхаіла Мілаванава, які нават на агітацыйны плакат ЦВК зняўся ў вышыванцы.

То бок, амаль траціну дэпутатаў ПП можна запісаць у патэнцыйныя саюзнікі дзвюх апазіцыянерак.


Што атрымала ўлада?


Як трапна выказаўся Віктар Марціновіч, «сітуацыя ў эканоміцы такая, што на поўную адсутнасць апазіцыі ў парламенце не хапае грошай». Але, нягледзячы на пропуск у Палату прадстаўнікоў дзвюх прадстаўніц апазіцыі, улада наўрад ці дасягнула сваіх мэтаў. Бо глабальная мэта была — «прадаць» Захаду гэтыя выбары. Ці, зменшага, пазначыць на іх «прагрэс», дастатковы для таго, каб краіне далі інвестыцыі і крэдыты. Канешне, канчатковыя вынікі міжнародныя назіральнікі падвядуць яшчэ не хутка — месяцы праз два. Аднак тое, што ўжо агучана папярэдне, не выклікае ніякага аптымізму.

Так, Дзярждэпартамент ЗША «вітаў мірны характар праведзеных 11 верасня ў Беларусі парламенцкіх выбараў», што не дзіўна. Пасля таго «бруталу», які ўчынілі беларускія ўлады на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, правядзенне «мірных» выбараў вітаюць усе. Але ў той жа час, гаворыцца ў заяве, Беларусь не здолела выканаць свае абавязацельствы наконт свабодных і справядлівых выбараў.

Гэта значыць, беларуская пазіцыя ў перамовах з Міжнародным валютным фондам, як мінімум, не палепшыцца.

Прадстаўнікі назіральных місій БДІПЧ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і аналагічнай асамблеі Савета Еўропы на паслявыбарчай канферэнцыі ледзьве не аднагалосна заявілі, што расчараваныя прагрэсам (а дакладней — яго адсутнасцю) у беларускай выбарчай практыцы. Яны адзначалі, што краіна практычна не выканала рэкамендацый АБСЕ, якія былі дадзеныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. І, падаецца, больш не вядуцца на чарговыя абяцанкі «зрабіць усё магчымае пасля гэтых выбараў». Прынамсі, спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў, намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Харстэд зазначыў, што такія абяцанкі чуе кожны раз (а гэты раз для яго быў чацвёртым), і кожны раз нічога не змяняецца.

Таму і з еўрапейскімі інвестыцыямі і крэдытамі будзе цяжкавата.

І, відавочна, Палату прадстаўнікоў у міжнародных парламенцкіх арганізацыях па-ранейшаму будуць лічыць нелегітымнай і незаконна абранай. Нават нягледзячы на наяўнасць у ёй Анісім і Канапацкай.


Пачуем-пабачым


Наколькі паспяхова Анісім і Канапацкая будуць дзейнічаць у ПП, мы пабачым пасля пачатку яе працы. Відавочна, што і тая, і другая маюць патэнцыял, каб калі не «паставіць парламент на вушы», дык хаця б разварушыць пэўную частку дэпутатаў. Але і гэта можа не атрымацца, калі «загадам зверху» астатнім народным абраннікам проста забароняць стасавацца з «апазіцыянеркамі».

І такое можа быць. У нашай краіне, як паказалі вынікі выбараў, магчымае нават неверагоднае.



Каментаваць