Чаго чакаць ад візіта Лукашэнкі ў Пакістан?

Кіраўнік Беларусі ў кастрычніку плануе з’ездзіць у Ісламабад. У выніку візіту ў Пакістан афіцыйны беларускі лідар сустрэнецца з прэм’ер-міністрам гэтае краіны Навазам Шарыфам. Якая мэта гэтае няблізкае вандроўкі і чаго можна ад яе чакаць?


Палітолаг-міжнароднік Андрэй Фёдараў мяркуе, што галоўнай мэтай ваяжу ёсць інвестыцыі Пакістана ў Беларусь.


Але, хутчэй, гэта «жывыя» грошы, паколькі цяжка казаць, што гэта могуць быць за інвестыцыі. Яшчэ адзін сэнс паездкі — прадэманстраваць, што нас прымаюць у свеце. Пакістан з’яўляецца даволі вялікай краінай, прычым ядзернаю, — адзначае аналітык. — Мне, дарэчы, узгадваецца скандальчык тут, у нас, калі мы Пакістану гадоў дзесяць-дванаццаць таму паставілі партыю трактароў «Беларус» — штук так каля дзесяці тысяч. Потым высветлілася, што гэтыя трактары былі прададзеныя туды ледзь не ніжэй за сабекошт. Я моцна сумняюся, што Пакістан можа стаць для нас моцным дзелавым партнёрам. А ў палітычным плане — цяпер, калі ў нас няма моцных «контраў» з Захадам, гэты візіт нам не асабліва і патрэбны.


Камунікацыі з Пакістанам даволі складаныя нават чыста тэхнічна, працягвае суразмоўца.


Вазіць тавары па акіяне альбо праз Таджыкістан, Гімалаі? Малаэфектыўна. А ў палітычным плане Пакістану і так хапае тых, хто яго падтрымлівае. Так што наўрад ці будзе сур’ёзны вынік і эфект ад таго візіту, — лічыць Андрэй Фёдараў.  


Паводле яго словаў, Пакістан мае вагу ў свеце як ядзерная дзяржава, і гэты статус яна сама ўжо прызнае.


Але ў гэтай краіны вялікія «контры» з Індыяй, з якой мы хочам сябраваць. Праўда, у Пакістана ёсць сяброўства з Кітаем, з якім мы таксама сябруем. Рух Недалучэння, куды ўваходзяць і Беларусь, і Пакістан, ніколі нічога нам асабліва не даваў, апроч як магчымасці «надзьмуваць шчокі». Аднак гэта нам сёння не надта і патрэбна, паколькі раней для Беларусі ўдзел у гэтым руху быў нібыта супрацьвагай астаркізму з боку Захаду. Цяпер жа вострай неабходнасці ў тым няма. Таму не думаю, што Пакістан нам дасць чагосьці вельмі шмат, — падкрэслівае палітолаг.


Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі нагадвае, што паміж кіраўніцтвамі Пакістана і Беларусі наладжаныя кантакты на самым высокім узроўні.


У Беларусь прыязджаў прэм’ер-міністр Пакістана, які з’яўляецца першай асобай у гэтай краіне, і Лукашэнка наведваў Пакістан. Ісламабад, са свайго боку, зацікаўлены не толькі ў беларускай сельскагаспадарчай тэхніцы, але і ў ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, — адзначае эксперт. — Я б не выключаў, што Пакістану будзе прапанавана прадукцыя беларускай «абаронкі». Калі меркаваць па апошніх заявах, Беларусь вельмі добра выглядае на рынку ўзбраенняў і жадае замацавацца там сваімі «Паланэзамі» (рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню. — заўв. Г. К.).




Аднак, дадае эксперт, з гэтым могуць узнікнуць складанасці.


Складанасць з Ісламабадам палягае ў тым, што трэба ўлічваць стасункі Пакістана не толькі з Кітаем (а Лукашэнка прапаноўваў стварыць «трохкутнік» Беларусі з Пакістанам і Кітаем), але і з Індыяй. З гэтай краінай, як падаецца, у нас стасункі больш сціплыя. А ўвогуле Лукашэнка жадае звярнуць увагу на «далёкую дугу» знешняй палітыкі Беларусі. У беларускага кіраўніка ёсць улюбёная формула — закрытых тэмаў для нас няма. Што ён мае на ўвазе, мы зможам даведацца па выніках візіту. Мемарандумаў можа быць багата, а вось рэальных пагадненняў, як паказвае практыка, істотна менш, — падсумаваў Раман Якаўлеўскі.



Каментаваць