Чаму Лукашэнка часта віншуе замежнікаў, але забываецца на вядомых беларусаў?

Афіцыйны беларускі лідар вельмі любіць віншаваць расійскіх акцёраў, дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, бізнесоўцаў ды іншых знаных асобаў з усходняй суседкі.
М. Рэрых. Заморскія госці

М. Рэрых. Заморскія госці

Вось і днямі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з юбілеем свайго расійскага сябра, старшыню рады дырэктараў Прамыслова-фінансавай групы САМФАР, старшыню рады “РусНафты”  Міхаіла Гуцэрыева. На сваіх вядомых суайчыннікаў увагі кіраўніка дзяржавы яўна бракуе. Чаму?

Пра гэта “НЧ” гутарыў з метадолагам і палітолагам Уладзімірам Мацкевічам.

— Чаму кіраўнік Беларусі шчодры на віншаванні  і нават дзяржаўныя ўзнагароды расіянам, але часта ігнаруе паважаныя даты сваіх вядомых суайчыннікаў, якія не ўваходзяць у кагорту афіцыйнага лідара?

— Гэта звычайныя сацыяльныя паводзіны людзей, якія падкрэсліваюць свой сацыяльны статус. Адна справа — у адносінах да тых, хто стаіць вышэй, і роўных —  тут праяўляецца адна форма этыкету, а ў адносінах да тых, хто стаіць ніжэй, да падначаленых, падведамасных людзей — іншая форма этыкету. Гэта перажытак феадалізму, калі нават сама па сабе ўвага манарха да “падданых” лічыцца праяваю найвышэйшае міласці. Таму нейкая адмысловая праява ветлівасці этыкету, віншавання раўназначныя ўзнагародзе, ордэну і гэтак далей, таму Лукашэнка і паводзіць сябе адпаведна гэтым старадаўнім перажыткам.   

— Чаму ён вылучае асабліва расіян, хаця ігнараваў юбілеі такіх выбітных суайчыннікаў, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін ды іншых?

— Гэта стары, старадаўні этычны перажытак. У гэтым этасе крыецца праява ўвагі да ўласных грамадзянаў з боку ўсяўладнага ўладара або манарха. Гэта было б занадта. Таму ён проста альбо адмыслова не заўважае гэтага, у той час як чужыя даюць магчымасць прапіярыцца, паказаць яму самаму як таго, хто помніць, як ветлівага чалавека і гэтак далей. То бок, гэта форма этыкі, якой чамусьці вельмі мала надаецца ўвагі ў нашай палітычнай аналітыцы, і нават была спрэчка з некаторымі палітолагамі, ці дапушчальная этыка і мараль у палітыцы. Дык вось, яна не проста дапушчальная, але праз прызму этыкі можна ўбачыць цэлы шэраг прычынаў паводзінаў таго, хто трымае ўладу — не праяўленых аспектаў  паводзін, якія не прагаворваюцца.     

— Ці не робіць кіраўнік Беларусі так, што беларусы пачынаюць адчуваць сябе другаснай нацыяй?

— Гэта ўжо наступствы таго, што я сказаў. Сучасныя нацыі — гэта нацыі мадэрну, нацыі, якія пераадолелі ў сабе саслоўныя феадальныя падзелы грамадства, там усе людзі лічацца роўнымі і маюць аднолькавыя грамадзянскія правы ўнутры самае нацыі. У той час пры саслоўным феадальным этасе людзі з’яўляюцца не грамадзянамі, а “падданымі” дзяржавы, манарха і гэтак далей. У дачыненні да “падданых” уладар паводзіць сябе зусім інакш, чым у адносінах да іншых людзей, якія не з’яўляюцца яго “падданымі”, але ёсць роўнымі яму альбо проста іншымі.

— І за што такое надарылася беларусам?

— Мы такога хацелі. У 1990-я гады нам была патрэбна моцная рука, моцная ўлада, у гэтым сэнсе мы абралі таго, хто адпавядае па сваіх асабістых якасцях і характарыстыках таму запатрабаванню, якое было ўласціва большай частцы грамадства. Чалавек з дэмакратычнымі, ліберальнымі ўстаноўкамі проста не можа па асабістых якасцях скарыстацца тою паўнатою ўлады, якая трапляе яму ў рукі. У дадзеным выпадку — супалі жаданне грамадства і нуда грамадства па моцнай руцэ, якая навяла б парадак, і якасных асаблівасцях таго, хто ўзяўся б ажыццявіць гэту мару насельніцтва.  

Пры гэтым такога кшталту маральныя імператывы прыналежны не толькі асобе, яны характарызуюць маральны стан грамадства, і ў гэтым сэнсе істотная частка беларускага грамадства і асабістыя якасці Аляксандра Лукашэнкі цалкам адпавядаюць і падыходзяць адно аднаму. А тое, што іншая частка — гэта людзі сучаснага грамадства, не “падданыя”, маюць іншую этычную сістэму, прытрымліваюцца іншых прынцыпаў і ўяўленняў, у нашай сістэме з’яўляецца праблемай. 

— Як вырашыць гэтую праблему?

— Яна проста не вырашаецца. У гэтым сэнсе калі нашы апазіцыянеры мяркуюць, што простая барацьба за ўладу і прыход да ўлады дэмакратаў можа змяніць сітуацыю ў краіне, то яны наіўна памыляюцца. Гэта доўгатэрміновая справа. Толькі працяглая мэтанакіраваная культурная палітыка цягам асэнсаванага перыяду ў дзясяткі гадоў можа пазбавіць нас ад феадальнай спадчыны. Феадальнай, якая ў нашым выпадку набывае форму савецкай, саветызацыі, таму ключавым  альбо пачатковым момантам гэтай культурнай палітыкі мусіць быць дэсаветызацыя, а гэта досыць працяглы працэс. У Беларусі ўжо ёсць гатовыя канцэпцыі, падыходы, але пакуль што яны не запатрабаваныя ані грамадствам, ані палітычным бамондам, ані тым больш палітычным рэжымам.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Сашка
  • 2018-03-13 15:14:07
президент смотрит вдаль ,наша страна такая маленькая ,что вблизи он никого не видит.

Каментаваць