Мінюст забаніў «Салідарнасць» Аўтуховіча

Праз месяц пасля падачы дакументаў аб рэгістрацыі заснавальнікі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасць» атрымалі адмову Мінюста ў рэгістрацыі.

Мікалай Аўтуховіч. Фота: "Беларускі партызан".

У сваім адказе Мінюст тлумачыць, чаму «Салідарнасць» не можа быць зарэгістраваная. Па-першае, у заяве аб рэгістрацыі была ўказаная назва грамадскага аб'яднання «Комитет поддержки предпринимательства «Солидарность», а ў пратаколе па выніках ўстаноўчага Агульнага сходу ГА указаная назва «Комитет предпринимателей «Солидарность», што стала падставай для прызнання другога дакумента несапраўдным. Па-другое, у спісе заснавальнікаў «Салідарнасці» дата нараджэння аднаго грамадзяніна была ўказаная з памылкай (27 замест 17 лютага), а месца працы іншага заснавальніка пазначылі як “Таксі Карэта", хоць юрыдычная назва гучыць як "Таксі Карэта 163". Гэтыя і яшчэ пару дробных недакладнасцяў паслужылі падставай для прызнання несапраўдным і спісу заснавальнікаў.

Такім чынам, Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі РГА КПП "Салідарнасць" на падставе таго, што грамадскае аб’яднанне прадставіла несапраўдныя дакументы для рэгістрацыі.

Юрыст Праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка лічыць, што адмова ў рэгістрацыі ГА “Салідарнасць” — прамое парушэнне дзяржавай права грамадзян на асацыяцыю.

“Згодна з Канстытуцыяй Беларусі, кожны мае права на свабоду аб'яднанняў. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

Свабода асацыяцый гарантуецца і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь. Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах прызнаецца права на мірныя сходы. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.

Калі заснавальнікі страцілі ў назве ТАА «Таксі Карэта 163» тры лічбы і састарылі аднаго з іх на 10 дзён, то, відавочна, грамадскі парадак тым самым не парушылі. І маральнасць, здароўе насельніцтва ад гэтага не пацярпелі. Правы і свабоды іншых грамадзян таксама засталіся некранутымі (грамадзяне, здаецца, гэтага і не заўважылі). Засталася дзяржаўная (нацыянальная) бяспека. Няўжо яна такая крохкая, што можа здрыгануцца перад «Карэтай»?”

Такім чынам, тыя нязначныя недахопы ў вялікім аб'ёме дакументаў, прадстаўленых для рэгістрацыі, не падпадаюць пад дапушчальныя абмежавання права на асацыяцыю. Пасля выкарыстання нацыянальных механізмаў аднаўлення парушанага права, прадпрымальнікам ёсць сэнс звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН, рэкамендуе Павел Сапелка.

spring96.org


Каментаваць