Чаму на Чарнобыльскі Шлях не выходзяць тысячы? (+відэа)

Палітолаг Валеры Карбалевіч паразважаў над прычынамі невялікай колькасці традыцыйных чарнобыльскіх акцый апошніх гадоў і распавёў пра тое, калі сітуацыя зменіцца.

 

Малалікасць гэтых акцый тлумачыцца некалькімі прычынамі. Па-першае, чарнобыльскі сіндром, які моцна ўплываў на палітычнае жыццё гадоў 15-20 пасля чарнобыльскай катастрофы, у апошнія гады папросту знік. Найбольш важнай прыкметай гэтага стала тое, што грамадства абсалютна раўнадушна ўспрыняла будаўніцтва атамнай станцыі. Нацыя, траўмаваная чарнобыльскім сіндромам папросту не магла б дазволіць сабе такое будаўніцтва. А беларусы паставіліся да гэтага раўнадушна. Іншыя праблемы, небяспекі, перасцярогі выціснулі з грамадска-палітычнага жыцця тэму Чарнобыля.

 

Па-другое, рэжыму ўдалося перахапіць у апазіцыі ў сярэдзіне 90-х гадоў праблематыку Чарнобыля і манапалізаваць яе, знішчыўшы ўселякую альтэрнатыву. Звярніце ўвагу, Лукашэнка пачаў у сярэдзіне 90-х гадоў ліквідоўваць чарнобыльскія фонды. Трэба сказаць, што аўтарытарны рэжым даў рады ў кіраванні масавай грамадскай свядомасцю.

 

Па-трэцяе, апазіцыя з кожным годам усё менш з'яўляецца чыннікам грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі. Яе ўплыў падае. Тыя ж сакавіцкія апытанні НІСПД паказваюць: падае давер да ўлады, але падае давер і да апазіцыі. Паколькі арганізуе Чарнобыльскі Шлях апазіцыя, на гэтую акцыю прыходзіць мала людзей.

 

Але без сур'ёзных змен у грамадска-палітычным жыцці наўрад ці штосьці можна зрабіць. Не варта крытыкаваць толькі апазіцыю, павінны адбыцца больш глыбокія грамадскія зрухі.

 




Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-04-27 12:56:52
"Грамадства абсалютна раўнадушна ўспрыняла будаўніцтва атамнай станцыі" - а ў грамадства пыталіся насамрэч?
"Рэжыму ўдалося перахапіць у апазіцыі ў сярэдзіне 90-х гадоў праблематыку Чарнобыля і манапалізаваць яе, знішчыўшы ўселякую альтэрнатыву" - таксама няслушна, гэтая праблематыка гучала даволі часта ў грамадска-палітычным жыцці і пасля сярэдзіны 90-х.
Баюся, "палітолаг" так і не распавёў, "калі сітуацыя зменіцца". "Павінны адбыцца больш глыбокія грамадскія зрухі" - агульныя словы...

Каментаваць