Чаму ж насамрэч Аляксандр Лукашэнка памяняў палову склада ўраду

Прычыны змены ўраду так і засталіся невытлумачальнай загадкай 2018 году.
Фрагмент фота з сайта president.gov.by

Фрагмент фота з сайта president.gov.by

Здавалася б, для шырокай публікі матывы, паводле якіх кіраўнік дзяржавы змяніў эканамічны блок ураду, зразумелыя. Гэта невыкананне ягонага задання па адраджэнню Аршанскага раёну.

Аднак за час, які прайшоў з моманту прызначэння новага складу ўраду, Аляксандр Лукашэнка выклаў ужо чатыры версіі такога ягонага рашэння.

Па-першае, гэта згаданы "Аршанскі казус". Падчас нарады ў Оршы А. Лукашэнка заявіў аб намеры змяніць "вярхушку ўраду", з-за "пафігеннага стаўлення ўраду да даручэнняў прэзідэнта". Хоць адразу было заяўлена толькі пра адстаўку двух міністраў: міністра прамысловасці Віталія Воўка і міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага. Апошняга за тое, што не адрамантаваў дах на заводзе. Наўрад ці ў свеце яшчэ ёсць краіны, у якіх міністар мусіць рамантаваць дах.

Але якое дачыненне да беспарадку ў Аршанскім раёне маюць, напрыклад, міністр сувязі і інфарматызацыі ці міністар фінансаў?

Другую версію, паводле якой давялося мяняць урад, Аляксандр Лукашэнка выказаў падчас нарады 18 жніўня. Тлумачачы прычыны змены ўраду, ён адзначыў, што звольненыя міністры дазвалялі сабе пярэчыць прэзідэнту, спрачацца з ім, прапаноўвалі правесці прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, папярэджвалі аб згубных наступствах штучнага росту заробкаў. То бок, урад выступаў за эканамічныя, больш рынкавыя метады кіравання, насуперак адміністрацыйна-камандных прыёмаў, якіх патрабаваў прэзідэнт.

А вось падчас прызначэння новых кіраўнікоў 31 жніўня А. Лукашэнка назваў яшчэ адну прычыну змены ўраду: "Павінна быць абнаўленне. Не павінна быць застоя. Застой пачынаецца ў эканоміцы, грамадстве з застоя ў кадравай рабоце. Таму цалкам натуральна, што вы — цяперашняе пакаленне кіраўнікоў — на 20-25 гадоў маладзейшыя".

Нарэшце, тады ж была агучаная чацвёртая версія змены ўраду. Гэта, паводле словаў А. Лукашэнкі, пьянства міністраў. Некаторыя з-за гэтага нават на працу не выходзілі.

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка анансаваў новыя змены ў складзе ўраду, у тым ліку як раз з-за пьянства.
Аднак, на мой погляд, сапраўдныя матывы, якімі кіраваўся Аляксандр Лукашэнка, прымаючы гэтае рашэнне, іншыя.

У незалежных медыях былі выказаныя самыя розныя тлумачэнні прычын пераменаў ў Савеце Міністраў. Адны казалі, што з-за цяжкасцяў у эканоміцы Лукашэнка прызначыў "рыначніка" Сяргея Румаса замест "нерыначніка" Андрэя Кабякова, і цяпер у нас пачнуцца рэформы. Другія лічаць, што гэта нейкі сігнал Маскве, праўда, незразумела які. Трэція кажуць, што гэта новы ўрад пад выбары. Былі і іншыя, нават экзатычныя версіі.

Прычына, якую назваў А. Лукашэнка з самага пачатку (урад не выканаў загад прэзідэнта па адраджэнні Аршанскага раёну), безумоўна, даволі штучная. Думаю, насамрэч, задумаўшы памяняць урад, прэзідэнт шукаў нагоды. І знайшоў яе, учыніўшы разнос у Оршы. Як хутка высветлілася, то была добра падрыхтаваная "імправізацыя".

Малаверагодна, што ў аснове такога рашэння ляжаць эканамічныя фактары. Бо ў такім выпадку было б лагічна адпраўляць яго ў адстаўку тады, калі беларуская эканоміка перажывала крызіс, падалі ўсе паказчыкі, то бок у 2015-2016 гадах. Як раз цяпер эканоміка, паводле афіцыйнай статыстыкі, пайшла ў рост. Змяняць урад у момант эканамічнага ўздыму не зусім лагічна.

Думаю, існуюць некалькі прычын змены, як казаў Лукашэнка, "вярхушкі" ўрада.

Найперш, гэтае рашэнне ідзе ў рэчышчы таго канцэпту, які А. Лукашэнка рэалізоўвае з пачатку свайго кіравання, і якое выражаецца формулай: цар — добры, баяры — дрэнныя. То бок, кіраўнік дзяржавы чарговым разам пасылае мэсэдж народу, што ён добра ведае пра сацыяльна-эканамічныя праблемы і цяжкасці, якія перажывае краіна. Але, маўляў, прэзідэнт у гэтым невінаваты, ён дае правільныя даручэнні, але чыноўнікі іх не выконваюць, міністры нешта "нахамуталі". Аднак цар усё бачыць, усё ведае і прымае захады, наводзіць парадак. Праўда, незразумела, ці верыць народ у гэты канцэпт? За 24 гады бесперапыннага выкарыстання нават прыгожыя ідэі трацяць свой былы лоск.

Асноўным лейтматывам разносу А. Лукашэнкі ў Оршы быў тэзіс, што чыноўнікі не выканалі яго загад: "Чаму праваленыя і не выкананы даручэнні прэзідэнта?.. Хто меў права адмяняць мае рашэнні? А чаму не выканалі, чаму не зрабілі, як я сказаў?.. Прэзідэнт паставіў публічна перад народам жалезабетонна задачу. Вырашыць і кропка. А вы заняліся сабатажам... Пофигенное стаўленне ўрада да даручэнняў прэзідэнта".

То бок з гэтага пасажа вынікае, што чыноўнікі перасталі баяцца ўладара. Аб гэтым, дарэчы, сведчыць і рост карупцыі. У персаніфікаваным аўтарытарным рэжыме гэта сур'ёзная пагроза ўладзе.

Важна адзначыць, што А. Лукашэнка не крануў сілавы блок урада, а памяняў тых чыноўнікаў, якія адказвалі за эканоміку, таму што як раз у сферы эканомікі яго загады не выконваюцца.

Звярніце ўвагу, што для ўсіх занава прызначаных чальцоў ураду гэтыя пасады з'яўляюцца значным кар'ерным ростам. Кіраўнік краіны не стаў тасаваць старыя кадры, а прыцягнуў новых людзей. Паводле яго логікі, гэтыя чыноўнікі, якія абавязаны яму хуткай кар'ерай, будуць больш паслухмянымі, менш завязаныя на карупцыю.

Другі момант. Андрэй Кабякоў амаль чатыры гады быў прэмьер-міністрам. Два гады перад тым займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. То бок, шэсць гадоў быў на высокіх дзяржаўных пастах. Вышэй за іх толькі пасада прэзідэнта. Гэта значыць, што ён, нават незалежна ад уласнага жадання, набраў значную апаратную, а ў нейкім сэнсе і палітычную вагу. Што ва ўмовах пэрсаналісцкага рэжыму недапушчальна. Бо стварае канкурэнцыю Адзінаму Палітыку. Асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Таму і быў адпраўлены ў адстаўку.

Магчыма, ёсць і яшчэ адна прычыны апалы Андрэя Кабякова. Гэта падазрэнне ў нелаяльнасці.

Каб была зразумелая мая думка, правядзем адну аналогію. 19 снежня 2010 года адбыліся прэзідэнцкія выбары. Згодна з Канстытуцыяй Беларусі (артыкул 83), толькі пасля прынясення прысягі (інаўгурацыі) новаабраным прэзідэнтам урад складае перад ім свае паўнамоцтвы. І толькі тады кіраўнік дзяржавы прызначае новы склад ураду, узгадніўшы папярэдне з парламентам кандыдатуру прэм'ера.

А ў рэальнасці ўсё атрымалася па-іншаму. Як толькі ў пятніцу 24 снежня ЦВК абвясціла афіцыйныя вынікі выбараў, так ужо ў панядзелак 27 снежня Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка ўраду Міхаіла Мясніковіча. Прычым, не было ніякага ўзгаднення з парламентам яго кандыдатуры.

Навошта А. Лукашэнку трэба было груба парушаць Канстытуцыю? Што такое экстраардынарнае здарылася, каб ігнараваць усе прадугледжаныя законам працэдуры і ў ліхаманкавым рэжыме адпраўляць у адстаўку ранейшага прэм'ера Сяргея Сідорскага?

Справа ў тым, што напярэдадні выбараў незалежныя СМІ пісалі пра Сідорскага, як пра меркаванага кандыдата ў прэзідэнты ў піку Аляксандру Лукашэнку. У дзень выбараў 19 снежня маса пратэставаўшых людзей рушылі да Дому ўрада, каб, па словах некаторых апазіцыйных лідараў, весці перамовы з прэм'ер-міністрам. Бо, на іх думку, урад застаўся адзіным легітымным органам улады ў краіне.

Зразумелая справа, сам Сяргей Сідорскі да ўсіх гэтых падзей быў ні сном, ні духам. Але, А. Лукашэнка, мабыць, успрымаў усё гэта зусім па-іншаму. Маўляў, дыму без агню не бывае. І С. Сідорскага саслалі ў Маскву членам Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Вернемся ў нашыя дні. 30 чэрвеня ў інфармацыйнай прасторы з'явіўся фейк аб інсульце ў А. Лукашэнкі. У незалежных СМІ сталі разважаць пра тое, хто павінен выконваць абавязкі прэзідэнта ў выпадку, калі з дзеючым кіраўніком дзяржавы нешта здарыцца. Усе паказвалі на прэм'ера Андрэя Кабякова, сталі будаваць нейкія прагнозы ў сувязі з гэтым. Сам ён такую інфармацыю ніяк не каментаваў.

І хоць дзе прэм'ер быў таксама ні сном, ні духам, але што мог падумаць Аляксандр Лукашэнка? Вось, маўляў, толькі з'явіліся чуткі пра маю хваробу, як яны ўжо сталі ўладу дзяліць. Відавочна, для А. Кабякова ўсё гэта не магло скончыцца нічым добрым. У Беларусі нічога не можа быць больш страшнага для чыноўніка, як падазрэнне ў нелаяльнасці.

Але адпраўляць у адстаўку аднаго прэм'ера было неяк нелагічна. Таму памянялі ўвесь эканамічны блок. І народу давялі, што, маўляў, памянялі тых, хто вінаваты ў вашым дрэнным жыцці.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць