Чарговыя красавіцкія тэзісы

Ноў-хаў Паслання–2017 — дзяржаўная служба павінна быць прыроўненая да службы ваеннай.


21 красавіка адзіны палітык (АП) звярнуўся са штогадовым пасланнем да беларускага народа і парламента. Яго ўступны сказ («Усе мы з’яўляемся сведкамі таго, як сучасны свет імкліва мяняецца») згенераваў ва мне пачуццё, якое прынята называць прыгожым французскім словам «дэжавю».

Пошукавік майго кампутара пацвердзіў абгрунтаванасць пачуцця, якое ахапіла мяне: «Мы павінны вучыцца жыць у новым свеце, дзе ўсё змяняецца». Той жа аўтар. Той жа фармат выступу. Вось толькі з разбежкай у чатыры гады.

Натуральна, у мяне ўзнікла жаданне перачытаць тэкст Паслання–2013.

Галоўная мэта

Тое, што я першапачаткова прыняў за падабенства, па факце аказалася адрозненнем. Свет, дзе ўсё змяняецца, узору 2013 года — гэта свет, у якім «кожнае дзесяцігоддзе месціць у сабе цэлую гістарычную эпоху». Гэта свет, які прад’яўляе тры галоўныя патрабаванні: хуткасць, гнуткасць і творчасць.

Кожнаму з пунктаў у пасланні былі дадзеныя дакладныя і адначасова ёмістыя характарыстыкі. Абмяжуюся часткай пра «творчасць»: «Той, хто ўвесь час капіюе, заўсёды асуджаны на адставанне. Таму любая маладая нацыя павінна, з аднаго боку, вучыцца ў навакольнага свету. Адкрыта скажам — і капіяваць, і паўтараць. А з другога — заўсёды памятаць пра тое, што на нейкім этапе трэба быць гатовым прыўнесці ў свет нешта сваё. Толькі творчасць можа забяспечыць прарыў у групу лідараў».

Імкліва змяняецца свет Паслання–2017 — гэта свет, які рухаецца «не ў бок стабільнасці і бяспекі». Гэта свет, у якім не толькі пагаршаюцца вядомыя выклікі і пагрозы, але ўвесь час узнікаюць якасна новыя. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што «сёння ніхто не можа адчуваць сябе ў бяспецы».

Вось такая дынаміка! Не паспелі добра разагнацца, авалодаць мастацтвам гнуткасці і здзейсніць пераход ад капіявання да прыўнясення ў свет чагосьці свайго, як на парадку дня аказалася ўменне цаніць «парадак і згоду».

Нам пашанцавала: ніхто і ніколі не зможа «падтачыць падмурак нашага дзяржаўнага будынка». Гарант таму — АП. Аднак адзін ён не справіцца, калі кожны з нас не зробіць пасільны ўнёсак у агульную справу. «Галоўнае цяпер — кансалідацыя ўсёй нацыі дзеля агульнай мэты: пабудовы моцнай і бяспечнай дзяржавы».

Гісторыя любіць хадзіць па кругу. Успомнім парадокс савецкай прапаганды: з аднаго боку, усё ў імя чалавека, усё дзеля чалавека, а з другога — гэты самы чалавек быў абавязаны найперш думаць пра Радзіму, а потым — пра сябе.

А цяпер звернемся да Паслання–2017. Наша агульная мэта — пабудова моцнай дзяржавы (гл. вышэй), галоўная мэта якой (зробім глыбокі ўдых і затрымаем дыханне) — «сацыяльная справядлівасць, якасць жыцця людзей, іх дабрабыт».

Такім чынам, мы маем дзве галоўныя мэты. Якая з іх больш галоўная? Адказ на гэта пытанне быў аформлены яшчэ ў савецкі час у выглядзе анекдота: «Усе ў імя чалавека, усё дзеля чалавека, і мы ведаем, як завуць гэтага чалавека».

Безумоўна, сучасная дзяржава не складаецца з аднаго чалавека. Тым не менш, у Беларусі яскрава праведзеная мяжа паміж народам і тымі, хто прафесійна клапоціцца пра павышэнне яго дабрабыту. Да апошніх належаць «людзі ў пагонах» і дзяржаўныя служачыя.

Праца ў дзяржустанове (настаўнікі, лекары і да т.п.) не робіць чалавека дзяржслужачым. Для наіўных і някемлівых у Пасланні–2017 АП асобна растлумачыў: «Трэба дакладна вызначыць, хто будзе дзяржслужачым, а хто будзе працаваць па найму ў тых ці іншых дзяржаўных структурах, не з’яўляючыся дзяржслужачым. І прыняць усе законы па дзяржаўнай службе. Дзяржаўная служба павінна быць роўная ваеннай службе (выдзелена. — С.Н.)».


Бізун і пернік

Роля вайскоўцаў у свеце, у якім «ніхто не можа адчуваць сябе ў бяспецы», мяркую, не мае патрэбы ў дадатковых тлумачэннях. А якая роля дзяржслужачых?

Беларусь — не Паўночная Карэя, і таму пры ўсёй своеасаблівасці палітычнага ладу канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі «з’яўляецца асновай нашага суверэнітэту». Для разумення бягучага моманту нам давядзецца вярнуцца роўна на год назад. Тэкст Паслання–2016 быў апублікаваны пад загалоўкам «Ад ўпэўненага старту — да поспеху новай пяцігодкі». Першы год пятай пяцігодкі быў абвешчаны «пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканамічнай сферы».

Для здзяйснення пералому, паводле словаў АП, усе эканамічныя рашэнні прынятыя. Ён пералічыў дзесяць фактараў росту, «здольных забяспечыць устойлівае развіццё». Нагадаю чытачам толькі два першыя: зніжэнне сабекошту не менш чым на 25% і стварэнне 50 тысяч новых працоўных месцаў.

Адказнай за ўвасабленне гэтай амбіцыйнай праграмы ў жыццё АП прызначыў «вертыкаль», г.зн. спецыялістаў па «закасцянелай сістэме кіравання», чыя неэфектыўная праца «тармозіць развіццё краіны». «Вертыкалі» ў чарговы раз было ўказана на неабходнасць навядзення элементарнага парадку (!), захавання дысцыпліны і тэхналагічных патрабаванняў. Выкананне гэтай трыадзінай задачы павінна забяспечыць «сур’ёзны штуршок для пераадолення адставання».

Прайшоў год. Які лёс дзесяці фактараў росту? Па традыцыі, якая даўно склалася, аналізу выканання задач, пастаўленых у папярэднім пасланні, не прагучала. АП абмежаваўся толькі канстатацыяй невыканання асноўных макраэканамічных паказчыкаў: «У нейкай меры з-за гэтага Беларусь па выніках 2016 года не змагла выйсці на прагнозныя паказчыкі па экспарту. Валавы ўнутраны прадукт зменшыўся на некалькі працэнтаў, знізіўся прыток інвестыцый, узмацнілася напружанасць на рынку працы, не ўдалося ўтрымаць на ранейшым узроўні рэальныя даходы насельніцтва».

Вось такім атрымаўся ўпэўнены старт. Ці прывядзе ён да поспеху новай пяцігодкі? Пытанне рытарычнае, але вырашаць яго, тым не менш, давядзецца. Вайскоўцы свой прафесіяналізм 25 сакавіка прадэманстравалі. Дзяржаўным служачым у гэтым сэнсе пахваліцца няма чым. Але Пасланне–2017 — гэта адначасова бізун і пернік для тых, хто адказвае за эканамічны складнік дзяржаўнага суверэнітэту.

Каля небяспечнай рысы

«Сіла ў праўдзе». Пад такім загалоўкам быў апублікаваны тэкст Паслання–2017 у «Савецкай Беларусі». Галоўная праўда 21 красавіка прагучала: «...гэты год набывае асаблівую значнасць. Я ўжо казаў: іншага такога года не будзе, мы знаходзімся каля небяспечнай рысы, пераступіць праз якую не можам. Не зробiм хоць бы паўкрокі наперад — баюся нават казаць, што можа адбыцца».

Гісторыя багатая прыкладамі, калі каля небяспечнай рысы аказваліся нават паспяховыя ў эканамічным плане дзяржавы. Пры гэтым ад іх лідараў патрабавалася не толькі прыняцце аператыўных і адэкватныя кіраўнічых рашэнняў, але і гатоўнасць падзяляць нягоды паўсядзённага жыцця разам з народам.

«Мне няма чаго прапанаваць, акрамя сваёй крыві, цяжкай працы, слёз і поту». Гэта цытата з прамовы Уінстана Чэрчыля, што прагучала 13 мая 1940 года — пасля ўступлення Вялікабрытаніі ў Другую сусветную вайну.

«Магу абяцаць толькі адно: з майго боку націск на выканаўчыя органы ўлады і ўсе галіны ўлады будзе толькі ўзмацняцца». Гэта АП. Гэта ўсё, што ён можа прапанаваць, каб не пераступіць праз небяспечную рысу.

100 гадоў таму будучы правадыр сусветнага пралетарыяту выступіў перад сваімі паплечнікамі з красавіцкімі тэзісамі. Ленінскія тэзісы — не пра пабудову светлай будучыні. Яны — пра захоп улады. «Інтэлігенты, як і працоўныя, як і сяляне, памыліліся, — тлумачыць гісторык Кірыл Кобрын, — яны думалі, што бальшавікі робяць рэвалюцыю, каб свет — нарэшце і назаўжды — стаў лепшым. А яны яе рабілі, каб рэалізаваць, выканаць на ўсе сто імі самімі (дакладней, Леніным) пастаўленую тэхналагічную задачу (задачу па захопу ўлады. — С.Н.)».

«Самы чалавечны чалавек», паводле вызначэння паэта Уладзіміра Маякоўскага, бясспрэчна, быў палітычным геніем, калі пад палітыкай разумець пытанне ўлады. Перамогу палітыкі ў ленінскім разуменні мы і назіраем у Беларусі ўжо трэці дзясятак гадоў. Важны складнік палітыкі — штогадовыя пасланні. Насуперак меркаванням асобных экспертаў, яны праводзяцца не дзеля галачкі, не дзеля фармальнага выканання 13-га пункта 84-га артыкула Канстытуцыі.

У цэнтры любога паслання — пытанне ўтрымання ўлады (захаванне стабільнасці). У залежнасці ад характару знешніх і ўнутраных пагроз — дакладней, уяўленняў АП і яго бліжэйшага атачэння пра пагрозы, — гэта можа быць мадэрнізацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, наладжванне адносінаў з Захадам, супрацьдзеянне агрэсіўнай палітыцы Захаду і г.д.

У Пасланні–2013 слова «мадэрнізацыя» было згадана 59 разоў, у Пасланні–2017 — толькі 2 разы. Але як у першым, так і ў другім выпадку знешнія пагрозы ацэньваліся вышэй за ўнутраныя. Змянілася толькі іх прырода. Чатыры гады таму АП яшчэ спадзяваўся на эканамічны рост, і таму тэкст паслання быў апублікаваны пад загалоўкам «Абнаўленне краіны — шлях да поспеху і росквіту».

Сёння прыйшло ўсведамленне немагчымасці эканамічнай канкурэнцыі з Захадам. Адсюль зварот да праўды як крыніцы нашай сілы, і да дзяржслужачых — як дадатковай апоры ўлады (разам з вайскоўцамі).



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць