Чый памылковы погляд круцейшы?

«Сацыялізм — гэта ўлік і кантроль», — вучыў Ленін. Савецкі варыянт сацыялізму па факце апынуўся вотчынай эпохі індустрыялізацыі. У 1991 годзе ён завяршыў свой жыццёвы цыкл, каб зноў адрадзіцца ў асобна ўзятай былой савецкай рэспубліцы.

Паміж безумоўнай верай у народ і верай у начальства няма прынцыповай розніцы. Для чарговага экскурсу ў свет азбукавых паліталагічных ісцін нам спатрэбіцца лацінскае слова «амбівалентнасць». Яно азначае дваістасць адносін да чаго-небудзь, асабліва — дваістасць перажыванняў, калі адзін і той жа аб’ект выклікае ў чалавека адначасова два супрацьлеглыя пачуцці.

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Любімы персанаж маіх «Азбук паліталогіі» рэгулярна дэманструе дваістае стаўленне да знешніх і ўнутраных выклікаў, на якія так багата сучаснае жыццё.

З аднаго боку, ён актыўна дэкларуе цікавасць да праектаў, накіраваных на развіццё «нашага грамадства і эканомікі». Своеасаблівым Эверэстам тут з’яўляецца задача па ператварэнні Беларусі ў IT-краіну. Але, з іншага боку, мы рэгулярна становімся сведкамі сярэднявечных метадаў кіравання эканомікай.

Амбівалентны характар дзвюх крайнасцяў выяўляецца не толькі ў здольнасці існаваць адначасова ў розных часах і ў паралельных прасторах, але і ў пастаяннай гатоўнасці гэтых крайнасцяў пераходзіць адна ў адну або ўтвараць мудрагелістыя камбінацыі.

Ленін і АП

Ісціна пазнаецца ў параўнанні. Гэта народная мудрасць дапаможа мне прааналізаваць «іншы бок» адзінага палітыка (АП), а ў якасці ўзору для параўнання прапаную ўзяць правадыра сусветнага пралетарыяту.

Ленін да 1918 года падзяляў «асноўную памылку інтэлігенцыі», г.зн. веру ў здольнасць народа наладзіць жыццё пры ўмове вызвалення яго ад прыгнёту начальства і эксплуататараў. Адсюль стаўленне да саветаў і працоўнага кантролю як да клетачак новага грамадства, як да інстытутаў для рэалізацыі «жывой творчасці мас».

АП у такога кшталту слабасці заўважаны не быў. Сваю дзейнасць на пасадзе кіраўніка дзяржавы ён пачаў з будаўніцтва ўладнай «вертыкалі». Як і належыць чалавеку з народа, ён падзяляе «асноўную памылку масавай свядомасці» — веру ў магчымасць начальства рэгуляваць усе значныя грамадскія працэсы.

Дзве памылкі знаходзяцца адна да адной у суадносінах амбівалентнасці — такім чынам, яны лёгка могуць мяняцца месцамі. Таму няма нічога дзіўнага, што, сутыкнуўшыся на практыцы з «жывой творчасцю мас», Ленін быў вымушаны ўзбагаціць марксізм наступным прызнаннем: «Няма рашуча ніякай прынцыповай супярэчнасці паміж савецкім дэмакратызмам і прымяненнем дыктатарскай улады некаторых асоб».

У такую крайнасць спецыяліст па будаўніцтву ўладнай «вертыкалі» яшчэ не патрапіў, але пра неабходнасць «дамагчыся рэальнага паляпшэння ўмоў для бізнесу ў Беларусі і разняволення дзелавой ініцыятывы грамадзян» разважае ўсё часцей і ўсё больш пераканаўча. Да 1 кастрычніка грамадству (г.зн. усім нам) абяцана выдаць пакет дакументаў, якія гарантуюць канчатковае рашэнне праблемы разняволення. Што ж, пажывём — пабачым.

Але пакуль дзелавая ініцыятыва грамадзян замерла ў чаканні стартавага стрэлу, дзяржава працягвае дэманстраваць свае нічым не абмежаваныя правы на гаспадарчую дзейнасць. Найбольш яскравы прыклад лета–2017 — рэспубліканская селектарная нарада па пытаннях уборкі ўраджаю.

Дзяржава-вотчына

Памятаеце, нарада пачалася з раздачы. Не, не сланоў, а паўнамоцтваў. «Асобна хачу падкрэсліць: рашэнні старшыні райвыканкама да 1 кастрычніка 2017 года, звязаныя з уборачнай кампаніяй, канчатковыя і абскарджанню не падлягаюць. Калі старшыні райвыканкама трэба ажыццявіць тыя ці іншыя дзеянні, значыць, ён іх будзе ажыццяўляць», — заявіў АП, калі адкрываў нараду.

Вось так. Ніхто не мае права ўмешвацца ў распарадча-арганізацыйныя функцыі старшыняў райвыканкамаў. Акрамя губернатара, зразумела. «Вертыкаль», аднак! «Вертыкаль» занятая святой справай — уборкай хлеба!

Тут самы час зноў звярнуцца да «Азбукі паліталогіі» і адшукаць у ёй слова «вотчына». Згодна з Вікіпедыяй, яно азначае комплекс, што складаецца з зямельнай уласнасці і правоў на халопаў. У вотчынных дзяржавах, тлумачыць амерыканскі гісторык Рычард Пайпс, палітычная ўлада — працяг права ўласнасці, і ўладар з’яўляецца адначасова суверэнам дзяржавы і яе ўласнікам.

Суверэн (калі хто забыўся) — асоба, якой без усялякіх абмежавальных умоў і на працягу нявызначанага тэрміну цалкам належыць вярхоўная ўлада ў дзяржаве. Нягледзячы на тое, што дэ-юрэ суверэнам Рэспублікі Беларусь абвешчаны народ (Канстытуцыя, артыкул 3), дэ-факта ім з’яўляецца АП. У поўнай адпаведнасці з фактычным становішчам спраў, 2 жніўня 2017-га ён і раздаваў нічым не абмежаваныя паўнамоцтвы старшыням выканкамаў.

Вотчынную прыроду беларускай дзяржаўнасці пацвярджае і Дэкрэт аб дармаедах, канчатковы варыянт якога павінен быць гатовы да кастрычніка. Адна са звышзадач дэкрэта — прымусіць працаваць тых, «хто павінен працаваць, але не працуе». У гэтай сувязі хацелася б нагадаць фрагмент артыкула 41 Асноўнага закону: «Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якія вызначаюцца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы».

Вотчына — тут я паўтаруся — гэта комплекс, які складаецца з зямельнай уласнасці і правоў на халопаў.

Харчовая бяспека

Улічваючы бэкграўнд АП, тэма селектарнай нарады была абраная не выпадкова. Яго веды і практычны вопыт у пытаннях арганізацыі ўборачных кампаній як мінімум на парадак вышэй, чым у большасці топ-вертыкальшчыкаў. Не магу адмовіць сабе ў задавальненні, каб не прывесці наступную цытату: «Гэта — якасць кармоў, здароўе жывёл. Таму траншэі, якія непрыдатныя, трэба іх дастаць з зямлі і перарабіць, паставіць у патрэбным месцы. Там, дзе трэба (замест курганоў вашых і капцоў), пабудаваць новыя траншэі. <...> У адваротным выпадку не трэба нарыхтоўваць травяністыя кармы там, дзе вы складаеце іх у капцы. Гэта — гніллё, яд для жывёлагадоўлі».

Не абышлося і без даручэнняў праваахоўным органам. Збіраць ураджай без жорсткага кантролю — сабе даражэй. Нездарма ж яшчэ ў савецкія часы ўборка прыраўноўвалася да бітвы. І бітва ідзе не дзеля дадатковых цэнтнераў збожжа, як гэта можа падацца людзям наіўным, чый кругагляд абмежаваны навінавымі тэлепраграмамі. На коне — харчовая бяспека, а там, дзе гаворка заходзіць пра бяспеку (энергетычную, інфармацыйную і г.д.), — тырчаць вушы ўладальніка вотчыны.

Вінаватыя будуць пакараныя

Важная асаблівасць вотчынай эканомікі — адсутнасць самастойнасці гаспадарчых суб’ектаў. У гэтым, пры жаданні, можна ўбачыць плюс, бо адсутнасць самастойнасці здымае адказнасць за эфектыўнасць.

Таму за забеспячэнне тэхнікай, палівам, угнаеннямі ў канчатковым выніку адказвае «вертыкаль». Прычым, чым бліжэй сітуацыя да катастрофы, тым больш шанцаў на атрыманне дапамогі. У прыватнасці, за вырашэнне грашовых пытанняў пры забеспячэнні сельскагаспадарчых работ «головой отвечает Каллаур (кіраўнік Нацбанка), в пристежку — Кобяков (кіраўнік урада)».

Уборачная кампанія яшчэ толькі распачалася, а АП ужо запланаваў завяршальны акорд у выглядзе даручэння праваахоўным органам і КДК выявіць і пакараць вінаватых за яе зрыў: «Калі мы гэта не зробім, гэта будуць проста размовы, і на месцах махнуць рукамі — пагаварылі і забыліся. Я не забуду. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці».

Слабасць вотчыннай дзяржавы палягае ў тым, што бюракратыя манапалізуе права на прыняцце рашэнняў, і гэтым ператварае сябе ў адзінага суб’екта эканомікі. Галоўны вынік такой манапалізацыі — усё большы паток дэзарганізацыі. З ёй спрабуюць змагацца пры дапамозе кантралёраў, колькасць якіх пастаянна расце, аднак бязладнасці, безадказнасці, элементарнага разгільдзяйства і прыкрых недапрацовак менш ад гэтага не робіцца. Хутчэй наадварот.

«Сацыялізм — гэта ўлік і кантроль», — вучыў Ленін. Савецкі варыянт сацыялізму па факце апынуўся вотчынай эпохі індустрыялізацыі. У 1991 годзе ён завяршыў свой жыццёвы цыкл, каб зноў адрадзіцца ў асобна ўзятай былой савецкай рэспубліцы.



Каментаваць